«Добрых пляцовак у Менску хапае». Арганізатары Дня Волі заявілі, што не пагодзяцца праводзіць сьвяткаваньні на плошчы Бангалор.
Што адбылося?
Падчас размовы з журналістамі 1 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «сьвяткаваньня БНР на „Дынама“ ня будзе», дадаўшы, што для правядзеньня «падобных акцый» існуе плошча Бангалор.
Што сказалі арганізатары?
У сацсетках #БНР101 зьявілася заява арганізатараў сьвяткаваньня. Яны пішуць, што рыхтуюць нацыянальнае сьвята, а не апазыцыйны мітынг ці палітычную акцыю, пра якія казаў Лукашэнка. Сьвяткаваньне адбудзецца ў любым выпадку, сьцьвярджаюць арганізатары.
«На Бангалор ніхто ня пойдзе, мы ніякіх мерапрыемстваў там не будзем арганізоўваць, бо гэта праклятае месца, калі казаць па-моднаму — зашквар», — заявіў адзін з арганізатараў #БНР101 Павел Белавус у інтэрвію Эўрарадыё.
Арганізатары заяўляюць, што вядуць перамовы з уладамі з восені 2018 году і наведалі кабінэты ад Менгарвыканкама да Адміністрацыі прэзыдэнта, а таксама гатовыя да далейшага дыялёгу.