Правацэнтрысцкая кааліцыя асудзіла затрыманьне і ўтрыманьне пад вартай актывістаў, якія 26 лютага ўдзельнічалі ў акцыі ў падтрымку беларускіх палітвязьняў на Кастрычніцкай плошчы.
Правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух «За свабоду» і аргкамітэт партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, асуджае затрыманьне і незаконнае ўтрыманьне пад вартай сустаршыні БХД Паўла Севярынца, а таксама актывістаў Дзьмітрыя Паліенкі, Насты Гусевай, Леаніда Кулакова, Арцёма Чарненкі, Вольгі Мікалайчык і Маі Навумавай.
Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве, якую падпісалі кіраўнікі кааліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трэці дзень без суду ў няволі ўдзельнікі пікету салідарнасьці з палітвязьняміЯны абураныя тым, што Паўла Севярынца, Дзьмітрыя Паліенку і Насту Гусеву затрымалі без усялякіх прычынаў да пачатку акцыі пратэсту. Іх сваякі і калегі цягам дня ня мелі інфармацыі пра іх месцазнаходжаньне.
«Тайныя затрыманьні і адсутнасьць інфармацыі пра іх месцазнаходжаньне на працягу дня 27 лютага можна прыраўнаваць да выкраданьня палітычных актывістаў, бо сілавымі структурамі, якія ўчынілі захоп і ўтрыманьне людзей у невядомым месцы, не былі забясьпечаныя іх элемэнтарныя правы», — гаворыцца ў заяве.
Кіраўнікі кааліцыі патрабуюць, каб беларускія ўлады неадкладна спынілі «спробу раскручваньня чарговага вітка рэпрэсій супраць палітыкаў і грамадзянскай супольнасьці Беларусі».
Заяву падпісалі Віталь Рымашэўскі, Юры Губарэвіч, Мікалай Казлоў.