Раніцай 1 сакавіка дзяжурны Менскага ізалятару часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна паведаміў карэспандэнту Свабоды, што ўсе затрыманыя ў сувязі з акцыяй, якая прайшла 26 лютага на Кастрычніцкай плошчы, дагэтуль знаходзяцца ў іх установе.
«Павал Севярынец, Вольга Мікалайчык ды іншыя, каго за акцыю, яны ў нас. Ці павязуць у суд, невядома, мы самі нікуды не возім. Возяць з райаддзелаў міліцыі. Пакуль на іх заяўкі няма», — сказаў раніцай міліцыянт.
Зь вечара 26 лютага, акрамя Паўла Севярынца, якога затрымалі напярэдадні акцыі, у ІЧУ на Акрэсьціна даставілі актывістаў Вольгу Мікалайчык, Арцёма Чарняка, Леаніда Кулакова і Маю Навумаву. Навумаву затрымалі апошняй, 28 лютага, каля Першамайскага суду, дзе актывістка чакала суду над Леанідам Кулаковым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзельнікаў акцыі «Свабоду палітвязьням» другі дзень трымаюць без суду ў ізалятары«Мяне забіраюць; кажуць, што будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі», — пасьпела сказаць Мая Навумава карэспандэнту Свабоды праз тэлефон.
Цягам 27 і 28 лютага праваабаронцы і журналісты прачакалі працэсаў над затрыманымі ўдзельнікамі акцыі салідарнасьці ў Фрунзенскім, Цэнтральным і Першамайскім раённых судах Менску, але нікога ў суды за гэты час не прывозілі. Атрымаць камэнтар у прэсавай службы менскай міліцыі дагэтуль не ўдалося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За пікет салідарнасьці з палітвязьнямі затрымалі актывістку Маю НавумавуУ другой палове дня 28 лютага жонка Паўла Севярынца Вольга змагла перадаць яму перадачу ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
«Перадачу прынялі, але ці будзе заўтра суд, не сказалі, маўляў, ня ведаюць», — сказала Вольга Севярынец.
Паводле актывіста Піліпа Шаўрова, у канцылярыі па адміністрацыйных справах суду Цэнтральнага раёну Менску ўвечары 28 лютага паведамілі, што на 1 сакавіка ў судзе заплянаваны разгляд 12 адміністрацыйных спраў. «Але прозьвішчаў не назвалі», — паведаміў актывіст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі актывістаў, якія правялі акцыю на Кастрычніцкай плошчыЗатрыманых 26 лютага актывістаў анархісцкага руху Зьмітра Паліенку і Насту Гусеву ўвечары 28 лютага вызвалілі. Актывісты былі затрыманыя за «акцыі зь белымі аркушамі паперы», якая ня мае дачыненьня да пікету на Кастрычніцкай плошчы. Паліенку і Гусеву вызвалілі, бо суд адправіў матэрыялы справы на дапрацоўку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітыкаў і актывістаў затрымалі перад акцыяй у цэнтры Менску
На Кастрычніцкую плошчу выйшлі ў падтрымку палітвязьняў
26 лютага а 18-й гадзіне на Кастрычніцкую плошчу ў Менску выйшлі 10 чалавек у падтрымку беларускіх палітвязьняў. Акцыя цягнулася каля 25 хвілін.
Адзін зь лідэраў партыі БХД Павал Севярынец 21 лютага заклікаў выйсьці на Кастрычніцкую плошчу з партрэтамі палітвязьняў — Сьвятаслава Барановіча, Алеся Юркойця, Міхаіла Жамчужнага і іншых. Прычынай акцыі стаў перавод Барановіча з калёніі ў турму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Кастрычніцкую плошчу выйшлі ў падтрымку палітвязьняўЯк казаў Свабодзе Севярынец, форум «Свабоду палітвязьняў» вырашыў праводзіць такія акцыі да чэрвеня пад лёзунгам «Хочаце праводзіць Эўрапейскія гульні — выпускайце палітвязьняў!». Акцыя не была санкцыяваная ўладамі.
Маці Паўла Севярынца Тацяне ў пятніцу раніцай у ізалятары на Акрэсьціна сказалі, што сёньня сына павязуць у суд.