У «ДНР» зьбіраюцца ліквідаваць структуры Праваслаўнай царквы Ўкраіны

Мітрапаліт Данецкі і Марыюпальскі Іларыён праводзіць службу ў Данецку

У акупаванай частцы Данецкай вобласьці, на тэрыторыі так званай «ДНР», ліквідуюць усе структуры Праваслаўнай царквы Ўкраіны (ПЦУ), створаныя з парафій і дыяцэзій у тым ліку і Ўкраінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату (УПЦ КП).

Пасьля 1 сакавiка сьвятароў дэпартуюць на тэрыторыю, кантраляваную ўкраінскім урадам, а ўсю маёмасьць эпархіі Кіеўскага патрыярхату канфіскуюць.

У самаабвешчанай «ЛНР» такога кроку ў дачыненьні ўкраінскіх сьвятароў пакуль не плянавалі.

Улады так званай «ДНР» яшчэ ў траўні 2018 году прынялі папраўкі да закону «Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных аб’яднаньнях». У ім была замацаваная асаблівая роля ў «ДНР» Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП). Пасьля прыняцьця закону Данецкая і Горлаўская эпархіі гэтай царквы прайшлі аблегчаную працэдуру перарэгістрацыі, а ўсе астатнія рэлігійныя арганізацыі павінны былі да 1 сакавіка 2019 году прайсьці прымусовую працэдуру перарэгістрацыі як цэрквы так званай «ДНР».

«Такое патрабаваньне ня можа быць выкананае, паколькі структура, якая выдала такі „закон“, не прызнаецца дзяржавай», — заявіў кіраўнік ПЦУ, мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Ўкраіны Эпіфаній.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ўнармавалі працэдуру пераходу прыходаў Маскоўскага патрыярхату ў памесную царкву

Сытуацыя яшчэ больш абвастрылася пасьля атрыманьня Ўкраінскай праваслаўнай царквой томасу.

Пасьля гэтага ўсе прыходы Кіеўскага патрыярхату на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны перайшлі ў новую памесную царкву Ўкраіны. Але на тэрыторыі, якую Кіеў цяпер не кантралюе, новай украінскай царкве належала прыкладна чвэрць прыходаў — 36 храмаў і памяшканьняў, эпархіяльны Дом міласэрнасьці ў Тэльманаве і будынак эпархіяльнага ўпраўленьня ў Данецку. Усе гэтыя будынкі пасьля 1 сакавiка могуць быць канфіскаваныя або перададзеныя УПЦ МП.

Акрамя канфлікту з новай праваслаўнай царквой Украіны, на працягу 2018 году на тэрыторыі так званай «ДНР» былі забароненыя іншыя рэлігійныя арганізацыі: Сьведкі Іеговы, «Усеўкраінскі саюз цэркваў эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў», царква «Новае жыцьцё». Малітоўныя дамы і маёмасьць гэтых цэркваў былі канфіскаваныя, частку памяшканьняў перадалі для выкарыстаньня вайскоўцам, а ў Макееўцы былы малітоўны дом ператварыўся ў ЗАГС.

Што важна ведаць пра раскол праваслаўных цэркваў

Патрыярх Кірыл прыляцеў у Менск 13 кастрычніка, каб правесьці 15 кастрычніка сынод Расейскай праваслаўнай царквы. Па выніках сыноду РПЦ спыніла эўхарыстычную лучнасьць з Канстантынопалем.

  • ​Вернікам РПЦ забаронена маліцца ў турэцкіх Стамбуле і Анталіі, грэцкіх Крыце, Родасе, астравах архіпэлягу Дадэканэс, а таксама ў манастырах на грэцкім Афоне.
  • «Раскол» тычыцца і беларускіх вернікаў РПЦ. Але, як тлумачыла Свабодзе тэоляг Натальля Васілевіч, кожны вернік сам можа вырашыць, як ставіцца да рашэньня РПЦ.
  • За адмову трымацца рашэньня Сыноду РПЦ духавенству пагражае звальненьне з пасады, часовая або пажыцьцёвая забарона служыць, пазбаўленьне сану і адлучэньне ад царквы.
  • 13 кастрычніка ля сабора Сьвятога Духа патрыярха Кірыла сустракалі хлебам з сольлю, але ён прайшоў міма. Звычайныя вернікі глядзелі набажэнства на экране.

Патрыярх Кірыл у Менску, 13 кастрычніка

  • Гэта скрытыкаваў у сваім фэйсбуку сьвятар менскага прыходу Аляксандар Шрамко. 16 кастрычніка сьвятара звольнілі зь менскай эпархіі за крытыку патрыярха. ​
  • Кірыл заявіў, што Беларусь — асаблівая частка Русі, а Белай яе назвалі, мабыць, таму, што яна ніколі не падпадала «пад залежнасьць іншаземных і іншаверных урадаў». Што трэба разумець пад словам «Русь», герарх не патлумачыў.
  • На фоне візыту расейскі дыякан Андрэй Кураеў заўважыў, што скасаваньне Канстантынопалем патрыяршай граматы 1686 году аб пераходзе Кіеўскай мітраполіі пад Маскву тычыцца як Украіны, так і Беларусі. Бо тады, у XVII ст., да Кіеўскай мітраполіі належала і беларуская тэрыторыя.