«Торба Шоу» зьявілася ў той момант, калі стала немагчыма трываць, як шмат навокал пакетаў.
Дзьве сяброўкі, Аляксандра Кульбіцкая і Кацярына Арчакова, ладзяць праект «Торба Шоу»: праводзяць майстар-клясы па шыцьці экаторбаў, а таксама прадаюць кулькі з тканіны — імі можна замяніць плястыкавыя пакеты, калі купляеш прадукты.
Асноўныя аргумэнты дзяўчатаў, чаму варта адмовіцца ад плястыкавых пакетаў:
— Вы карыстаецеся імі 15 хвілін і выкідаеце, а яны жывуць потым сотні гадоў;
— Нават праз сотні гадоў, калі пакет распадзецца на кавалачкі, ён трапіць у глебу ці ў рэчку, і яго прымуць за ежу рыбы ці птушкі;
— А пасьля гэты плястык разам з рыбай ці мясам можа трапіць на талерку да чалавека.
«Нягледзячы на тое, што гэты ланцужок падаецца далёкім, ён штодня сапраўды адбываецца, нават калі мы яго ня бачым». На думку Кацярыны і Аляксандры, экалягічны клопат пачынаецца менавіта з таго моманту, як вы кажаце на касе: «Не, мне не патрэбны ваш пакет».
Замяніць пакеты, якія патрэбныя штодня, яны прапануюць шматразовай тарай, мяшэчкамі з тканіны, торбачкамі і кулькамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папера, шкло, шыны — так. Вопратка — не. Як у Беларусі перапрацоўваюць сьмецьце