У сталіцы Віетнаму Ханоі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і лідэр КНДР Кім Чэн Ын пачалі другі дзень саміту сустрэчай сам-насам. Белы дом паведаміў, што пасьля пройдуць перамовы ў пашыраным складзе, якія могуць завяршыцца супольнай заявай і падпісаньнем дакумэнту, зьмест якога пакуль не выдаецца.
Галоўная тэма перамоваў паміж лідэрамі ЗША і КНДР — ядзернае раззбраеньне Пхэньяну. Пасьля гутаркі з Кім Чэн Ынам у першы дзень саміту Дональд Трамп не пагадзіўся са сьцьвярджэньнямі крытыкаў, што ён спрабуе адхрысьціцца ад свайго абяцаньня зрабіць Карэйскі паўвостраў бязьядзерным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ханоі пачалася сустрэча Дональда Трампа і Кім Чэн Ына. ФОТАПерад пачаткам сёньняшняй сустрэчы Трамп паведаміў, што ня мае намеру сьпяшацца заключыць «правільнае пагадненьне». Калі «адносіны добрыя, то можа адбыцца нямала добрых рэчаў», — заявіў прэзыдэнт ЗША.
Кім Чэн Ын адзначыў, што на іх сустрэчу глядзіць «увесь сьвет», а некаторым яна ўяўляецца сюжэтам з «фантастычнага фільму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп назваў «вельмі добрым» першы раўнд перамоваў зь лідэрам КНДРУсяго на перамовы ў чацьвер адводзіцца больш за пяць гадзінаў. Перад ад’ездам з Ханою прэзыдэнт ЗША дасьць прэс-канфэрэнцыю.
Гэта другі саміт ЗША і КНДР. Першая сустрэча ў Сынгапуры ў чэрвені мінулага году завяршылася падпісаньнем дакумэнта, згодна зь якім Паўночная Карэя абавязаная праводзіць раззбраеньне ў адказ на гарантыі бясьпекі з боку ЗША. Аднак пазьней СМІ паведамлялі, што КНДР працягвае ядзерныя распрацоўкі.