27 лютага ў Эўрапейскім парлямэнце пачаўся VII Усясьветны кангрэс супраць сьмяротнага пакараньня.
Як паведамляе цэнтар «Вясна», на форуме ў Брусэлі прысутнічаюць прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэй Палуда і Валянцін Стэфановіч, а таксама Любоў Кавалёва, маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва.
Акрамя таго, удзел у форуме бярэ афіцыйная дэлегацыя. У яе складзе — намесьнік міністра замежных спраў Алег Краўчанка і дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэй Навумовіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расстрэл іменем Рэспублікі Беларусь. Чаму сьмяротнае пакараньне не спыняе забойцаўАдкрыла кангрэс кіраўніца Эўразьвязу па замежных сувязях і бясьпецы Фэдэрыка Магерыні. Паводле яе словаў, большасьць дзяржаў сьвету не прымяняюць сьмяротнае пакараньне. 103 краіны цалкам яго адмянілі, 173 увялі мараторый або не прымяняюць яго на практыцы. 86 краін ратыфікавалі Другі факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і такім чынам узялі на сябе абавязаньне цалкам адмяніць сьмяротнае пакараньне і не выкарыстоўваць яго ў будучыні.
Намесьнік прэм’ер-міністра Бэльгіі Дзідзье Рэйндарс у сваім выступе заклікаў Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня, бо Эўропа павінна быць цалкам вольная ад яго.
Зь відэазваротам да ўдзельнікаў кангрэсу выступіў папа Рымскі Францішак, адзначыўшы, што «кожнае жыцьцё — бясцэннае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выбыў адпаведна прысуду з рэчамі». Як маці шукала зьвесткі пра расстралянага сынаУсясьветны кангрэс супраць сьмяротнага пакараньня працягнецца да 1 сакавіка. Форум аб’яднаў палітыкаў, актывістаў, юрыстаў, дасьледчыкаў ды іншых людзей, якія ўдзельнічаюць у барацьбе за адмену сьмяротнага пакараньня ва ўсім сьвеце.
28 лютага праваабарончы цэнтар «Вясна» сумесна з ЕCPM (НДА «Разам супраць сьмяротнага пакараньня»), FIDH (Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека) і Радай Эўропы правядзе на форуме пазапраграмную дыскусію «Чаму ў Беларусі працягваюць ужываць сьмяротнае пакараньне?».
Кангрэс завершыцца Ўсясьветным маршам за адмену сьмяротнага пакараньня, які ўпершыню пройдзе па Брусэлі.