Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй заявіла, што прапануе брытанскім парлямэнтарыям прагаласаваць за перанос Брэксыту, калі тыя да 12 сакавіка ня ўхваляць пагадненьня аб выхадзе каралеўства з Эўразьвязу.
Пра гэта лідэр краіны заявіла на пасяджэньні брытанскага парлямэнту, паведамляе Бі-бі-сі.
Дата выхаду Вялікабрытаніі з ЭЗ намечана на 29 сакавіка.
Мэй заявіла, што сама выступае супраць любой адтэрміноўкі для Брэксыту. Паводле яе словаў, калі дэпутаты падтрымаюць такую ініцыятыву, выхад Вялікабрытаніі з ЭЗ ня можа адбыцца пазьней канца чэрвеня.
У панядзелак брытанская газэта The Guardian са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла, што Брэксыт можа быць перанесены на два гады. Гэтая ідэя нібыта актыўна абмяркоўваецца ў кіраўніцтве Эўрапейскага Зьвязу. Прадстаўнікі ЭЗ не пацьвердзілі, але і не абверглі гэтую інфармацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія і Эўразьвяз працягнуць дыялёг пра BrexitУ пятніцу таксама стала вядома аб тым, што лідэр лейбарыстаў у брытанскім парлямэнце Джэрэмі Корбін падтрымлівае ідэю правядзеньня другога рэфэрэндуму па Брэксыту.
На дадзены момант брытанскі парлямэнт так і не ўхваліў дамовы аб выхадзе Брытаніі з ЭЗ. Пры гэтым да заяўленай даты выхаду — 29 сакавіка — застаецца менш за пяць тыдняў. Прыхільнікі Мэй настойваюць, што парлямэнт не павінен блякаваць «жорсткі Брэксыт», каб не пазбаўляць прэм’ера свабоды манэўру на перамовах з ЭЗ аб унясеньні зьменаў у праект дамовы аб Брэксыце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз гатовы зьмяніць палітычную дэклярацыю аб Брэксыце, але не дамовуГэтыя перамовы працягваюцца і ў Эгіпце, куды Мэй і іншыя лідэры Эўразьвязу прыехалі на эўрапейска-арабскі саміт. Чакаецца, што перамовы будуць працягвацца і на наступным тыдні. Паводле словаў Мэй, перамовы ідуць пасьпяхова, аднак па-ранейшаму незразумела, ці атрымаецца ёй дамагчыся такіх саступак, якія задаволілі б большасьць у парлямэнце Вялікабрытаніі.