Паляўнічыя атрымалі 2 гады калёніі за забойства зубра

Зубры ў Белавескай пушчы, здымак 2017 году

Суд Берасьцейскага раёну 25 лютага асудзіў трох мясцовых жыхароў за незаконнае паляваньне на зубра, піша БелаПАН.

Паводле памочніцы пракурора Берасьцейскага раёну Марыі Батанавай, летась 13 лістапада мужчыны палявалі на зайца ў лесе на мяжы Берасьцейскага і Жабінкаўскага раёнаў. За 50 кілямэтраў ад Белавескай пушчы паляўнічыя сабакі выйшлі на сьлед зубра, і 55- і 53-гадовыя мужчыны сталі перасьледаваць жывёліну. Адзін стрэліў тройчы, другі — адзін раз. Мужчыны палявалі на зубра без адпаведнага дазволу.

Пасьля сьмерці жывёліны мужчыны разьбіралі тушу зубра. За гэтым іх засьпелі супрацоўнікі Кобрынскай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету і ўчастковы інспэктар Берасьцейскага РАУС.

Суд прызнаў 55- і 53-гадовых мужчын вінаватымі ў незаконным паляваньні паводле ч. 4 арт. 282 КК Беларусі і прысудзіў кожнаму 2 гады калёніі агульнага рэжыму і штраф 3825 рублёў. 45-гадовага мясцовага жыхара асудзілі за незаконнае разьбіраньне дзікай жывёлы. Яму прысудзілі 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Усіх траіх пазбавілі права паляваць на 5 гадоў.

Падчас папярэдняга сьледзтва абвінавачаныя цалкам кампэнсавалі нанесеную шкоду памерам 58,8 тысяч рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Горадняй зьбілі насьмерць другога зубра з пачатку году