Палітычны расклад у Малдове пасьля парлямэнцкіх выбараў патлумачыў дырэктар кішынёўскага бюро Малдоўскай службы Радыё Свабодная Эўропа Васіле Батнару.
Пасьля падліку 98% галасоў на парлямэнцкіх выбарах у Малдове прарасейская Сацыялістычная партыя займае першае месца ў галасаваньні паводле прапарцыйнай сыстэмы з больш як 31% галасоў. У мажарытарных акругах наперадзе кіроўная Дэмакратычная партыя.
Асноўныя ўдзельнікі
Партыя сацыялістаў (PSRM) прадстаўляе прарасейскія сілы, да якіх адносіцца дзейны прэзыдэнт краіны Ігар Дадон, які мае прадстаўнічыя паўнамоцтвы. На мінулых выбарах партыя мела 20,5% галасоў і 25 са 101 мандатаў. Цяпер з улікам аднамандатных акругаў можа разьлічваць прыблізна на 30 мандатаў.
Дэмакратычная партыя (PDM) — праэўрапейскія сацыял-дэмакраты, якія ў мінулым складзе парлямэнту мелі 42 месцы са 101. Да яе адносіцца дзейны прэм’ер-міністар Павэл Філіп. Чакаецца, што цяпер партыя атрымае 34 мандаты. Лідэр партыі, алігарх Уладзімір Плахатнюк, можа прэтэндаваць на прэм’ерскае крэсла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На выбарах у Малдове паперадзе прарасейская Партыя сацыялістаў, але гэта не перамогаБлёк ACUM — аб’яднаньне праэўрапейскіх лібэральных партыяў, якія ня мелі мандатаў у мінулым парлямэнце. Можна чакаць, што атрымае каля 25 месцаў у парлямэнце.
Партыя «Шор» (Șor) — кансэрватыўная партыя народжанага ў Ізраілі бізнэсоўца Ілана Шора (прайшоў у парлямэнт у аднамандатнай акрузе), якую называюць папулісцкай. Партыя рэзка набрала папулярнасьць, але лідэр фігуруе ў скандальнай крымінальнай справе. Мае атрымаць каля 7 месцаў.
Камуністы не прайшлі
Партыя камуністаў (PCRM) — савецкія камуністы, якія яшчэ 10 гадоў таму былі партыяй улады, але яна з таго часу страчвае пазыцыі. У мінулым парлямэнце мела 21 мандат са 101 на старце, пад канец тэрміну ў фракцыі засталіся 7 дэпутатаў. Цяпер не праходзіць у парлямэнт — мае каля 3,78% галасоў паводле прапарцыйнай сыстэмы.
Выбары былі паводле новай сыстэмы
На цяперашніх выбарах 50 дэпутатаў вызначаліся галасаваньнем за партыйныя сьпісы, а 51 дэпутат — галасаваньнем у сваіх акругах. Такую сыстэму ўвялі ў 2017 годзе; яе падтрымлівалі і сацыялісты, і дэмакраты. Раней малдаване галасавалі толькі за партыйныя сьпісы.
Хто сфармуе ўрад, няясна
Кіроўная кааліцыя пакуль не сфармаваная, а ніводная партыя ня мае абсалютнай большасьці. Хто будзе кіраваць, а хто будзе ў апазыцыі, пакуль невядома. Лідэры PSRM і ACUM назвалі выбары несвабоднымі і недэмакратычнымі, заяўлялі пра шматлікія парушэньні. Дэмакраты (якія таксама скардзіліся на парушэньні), прынамсі на словах, гатовыя весьці перамовы з усімі — Плахатнюк казаў, што «ня ставіць умоваў, але не пацерпіць ціску».
Яшчэ няма рэакцыі на вынікі лідэраў сацыялістаў. Дзейны прэзыдэнт Дадон нібы знаходзіўся «над сутычкай», але не выключаў, што можа заклікаць прыхільнікаў на вулічныя пратэсты; таксама ён можа не зацьвердзіць прэм’ера.
Бізнэсовец Ілан Шор нечакана падняўся за некалькі месяцаў да ўзроўню значнай палітычнай фігуры, хоць суд першай інстанцыі прызнаў яго вінаватым у фінансавых маніпуляцыях (мяркуецца, ён зьвязаны са справай аб зьнікненьні мільярда эўра), сам прызнаваўся, што даваў хабар былому прэм’еру (які цяпер за кратамі). Ці ён будзе мець самастойную вагу, ці супраць яго будуць выкарыстоўваць пагрозу турмой, незразумела.
Прарасейскія сілы ня выйгралі
На піку антыкарупцыйных пратэстаў сацыялісты мелі шанцы атрымаць парлямэнцкую бальшыню, траха не паўтарыць вынік камуністаў, якія мелі канстытуцыйную бальшыню. Перад выбарамі расейскія СМІ публікавалі вынікі сацыялягічных апытаньняў, якія прадказвалі PSRM палову мандатаў.
Зыходзячы з папярэдніх вынікаў, сацыялісты атрымалі найбольш галасоў паводле прапарцыйнай сыстэмы, але з-за галасаваньня па аднамандатных акругах адстаюць ад дэмакратаў. Камуністы зусім не прайшлі ў парлямэнт. Можна чакаць, што дэмакраты будуць фармаваць кіроўную кааліцыю і ўрад. Хоць рэформу выбараў пачыналі дэмакраты, сацыялісты яе падтрымалі — і сталі першай ахвярай.
Што думае Расея
Масква, мяркуе Батнару, даўно зразумела, што трэба гуляць на розных флянгах, і ставіла на розныя сілы, каб не пусьціць Малдову ў Эўразьвяз і не дапусьціць аналягу «Эўрамайдану».
На погляд некаторых аналітыкаў, удзел Крамля быў відавочным. З Прыднястроўя (непрызнанай прарасейскай сэпаратысцкай рэспублікі, якую Батнару апісвае «як Данбас, толькі не такі стралючы») прыехала галасаваць рэкордна вялікая колькасьць людзей, іх звозілі на выбарчыя ўчасткі мікрааўтобусамі. Ёсьць падставы меркаваць, што іх завозілі зь ведама ўладаў Прыднястроўя і плацілі ім за ўдзел.
Чаго чакаць Дадону
У Дадона, кажа Батнару, цяпер галоўны галаўны боль — гэта стасункі з Украінай. Ён папсаваў адносіны з Парашэнкам, калі ня даў выразнага адказу наконт таго, чый Крым. Румынію ён не асабліва любіць як «заходні флянг» NATO і Эўразьвязу. Дадон цяпер езьдзіць толькі ў Маскву, дзе яму кажуць, каб спачатку паказаў сваю палітычную значнасьць дома, а пасьля станавіўся сябрам Пуціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова: як парлямэнт спрабуе зьмясьціць прэзыдэнта ДадонаМагчыма, Дадон будзе шукаць «ратавальнае кола» ў Лукашэнкі, але той наўрад ці стане шчыльна зьвязвацца з Дадонам, які ўжо не такі моцны і дакладна ня можа ставіць свае ўмовы.