Дэпутатку сельсавету вёскі Каплічы (Калінкавіцкі раён) Розу Стрэльчанку западозрылі ў пагрозах узарваць школу і саму сябе.
З гэтай нагоды 22 лютага ў Каплічах было «надзвычайнае становішча» — будынак школы ачапілі, дзяцей з садку эвакуіравалі, як і жыхароў з бліжэйшых дамоў. У доме дэпутаткі прайшоў вобшук, яе апыталі. «Гэта правакацыя, помста мне за актыўную пазыцыю і адстойваньне нашай школы», — сказала Свабодзе Роза Стрэльчанка.
Пра надзвычайнае здарэньне напісала раённая газэта «Калінкавіцкія навіны». Паводле выданьня, 21 лютага ад імя жыхаркі вёскі Каплічы N у міністэрства адукацыі паступіў электронны зварот аб тым, што ў выпадку, калі ў населеным пункце ня будзе адчынена школа, жанчына ўзарве будынак разам з сабой.
На месца здарэньня выяжджалі міліцыя, Сьледчы камітэт, сапёры. Выбуховага прыстасаваньня не знайшлі. «Пры размове з жанчынай, ад імя якой паступіў званок, высьветлілася, што яна ніякіх званкоў не рабіла і ўльтыматумаў не высоўвала», — піша раёнка. Праводзіцца праверка.
«Гэта мне так помсьцяць за барацьбу за школу»
Роза Стрэльчанка сьцьвярджае, што не пісала ніякіх пагрозаў на сайт міністэрства адукацыі. «Мне міліцыя заявіла, і ў раёнцы напісалі, што ліст на міністэрства з пагрозамі ўзарваць школу прыйшоў 21 лютага. А яны толькі 22 лютага прыехалі ў вёску, каб праверыць гэтую інфармацыю! Суткі чакалі! Тым больш у газэце пішуць — то ліст прыйшоў, то званок быў. Міліцыянты заявілі мне, што я пісала ў міністэрства такое: маўляў, я хадзіла па лесе, знайшла выбуховае прыстасаваньне і пагражаю ўзарваць школу і сябе! І сьмех, і грэх! У мяне хворыя ногі, інваліднасьць праз гэта, я ледзьве хаджу», — кажа дэпутатка.
22 лютага яе наведала міліцыя і Сьледчы камітэт, апыталі, абшукалі дом з сабакам, забралі сыстэмны блёк кампутара.
«Хай шукаюць вінаватых. Дваццаць першае стагодзьдзе на дварэ, а міліцыя не можа знайсьці вінаватых у такім, адыгрываюцца на мне, помсьцяць за ўсе скаргі, цкуюць мяне. Толькі мне было пагрозаў — і ніколі не знайшлі вінаватых», — дадала дэпутатка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Калінкавіцкім раёне няма грошай на рамонт школы, але ёсьць на падвоз дзяцей — 55 тысяч рублёў штогодЯна распавяла, што сапраўды неаднаразова зьвярталася ў міністэрства з нагоды зачыненай школы. 5 верасьня была на прыёме ў міністра адукацыі Ігара Карпенкі. Ён абяцаў «усебакова вывучыць пытаньне». У мінулым месяцы ў вёску Каплічы прыяжджаў намесьнік міністра адукацыі Сяргей Руды — каб разабрацца ў сытуацыі.
«Ён абяцаў даць нам пісьмовы адказ, але да гэтага часу яго няма. 19 лютага я тэлефанавала ў міністэрства, пыталася — калі будзе адказ наконт школы? Яны сказалі, што яшчэ месяц не прайшоў, тэрміны не парушаны», — зазначыла Роза Стрэльчанка.
Атрымлівала пагрозы зьмясьціць яе ў псыхіятрычны шпіталь
Роза Стрэльчанка была абраная дэпутаткай сельскага Савету на леташніх мясцовых выбарах. Яна перамагла кандыдатку ад улады дзякуючы падтрымцы мясцовых жыхароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незалежная кандыдатка, якая змагаецца за школу, перамагла «праўладную» на ГомельшчынеЯк згадвае дэпутатка, яе своеасабліва «павіншавалі» зь перамогай на выбарах, пагражаючы псыхіятрычным шпіталем. Званок быў з нумару Гомельскага аблвыканкаму, але міліцыя так і не знайшла вінаватых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутатцы сельсавету з Гомельшчыны пагражалі псыхушкай. Улады маўчацьЖанчына з 2016 году пасьлядоўна змагаецца за вяртаньне вёсцы школы. У 2016 годзе ўстанову адукацыі зачынілі, дзяцей возяць у суседнюю вёску Шыічы. Дэпутатка зьвярталася ва ўсе ўстановы ўлады наконт пытаньня школы, але пакуль гэта не прынесла плёну.