Сьцісла
- Новае ў відэазвароце Лідзіі Ярмошынай — дата датэрміновых выбараў, якую яна прапанавала: 1 сьнежня 2019 году
- Хутчэй за ўсё гэтымі выбарамі будуць прэзыдэнцкія
- Сытуацыя ў эканоміцы, стан справаў у нафтагазавай сфэры робяць для Аляксандра Лукашэнкі выгаднымі выбары менавіта сёлета
- Як Лукашэнка, гэтак і апазыцыя, ужо пэўны час таму пачалі рыхтавацца да хуткіх выбараў
- Ключавыя кандыдаты ад альтэрнатывы ўжо вядомыя: гэта Мікола Статкевіч, Тацьцяна Караткевіч ці Андрэй Дзьмітрыеў, Алена Анісім і прадстаўнік правацэнтрысцкай кааліцыі
Фармальна кажучы, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў сваім відэазвароце не сказала нічога новага. Яна ўжо даўно і шмат разоў паўтарае, што прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары, якія ў тэрмін павінныя адбыцца напрыканцы 2020 году, варта «разьвесьці»па часе і адны правесьці раней. 10 студзеня сёлета яна агучыла тэрмін, калі будзе абвешчанае канчатковае рашэньне: паводле яе, гэта будзе зроблена ў красавіку, падчас штогадовага пасланьня прэзыдэнта. Сёньня яна гэта паўтарыла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына назвала магчымыя даты прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараўНовае — хіба дата саміх выбараў, паводле Ярмошынай, іх варта правесьці 1 сьнежня сёлета. Зразумела, гэта не фармальнае абвяшчэньне выбараў, але наўрад ці яна б агучвала выключна сваё ўласнае меркаваньне. Дата можа аказацца і іншай, але выглядае, што выбары сапраўды адбудуцца сёлета напрыканцы году.
Да гэта схіляе ня толькі сёньняшняя заява Ярмошынай, але і заявы Аляксандра Лукашэнкі пра 2019 год, як пра год пачатку «выбарчай бакханаліі». Ну, і апазыцыя ўжо даволі даўно пачала падрыхтоўку да блізкіх выбараў. Магчыма, нешта ведала, магчыма, ёй паведамілі.
Якія выбары першыя
Экспэрты выказвалі розныя меркаваньні наконт таго, якія выбары абвесьцяць першымі. Некаторыя лічылі, што парлямэнцкія. Але большасьць назіральнікаў схілялася да думкі, што першымі ўсё ж будуць прэзыдэнцкія. Ярмошына і сёньня нагадала, што паводле закону прэзыдэнцкія выбары абвяшчае парлямэнт, парлямэнцкія —прэзыдэнт.
Але ў беларускіх умовах парлямэнт наўрад ці мае нейкую сваю волю ў гэтым пытаньні (як і ў любых іншых). Скажуць абвясьціць датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары — дык і абвесьціць.
Пры гэтым калі сыходзіць з тэрміну 1 сьнежня, прапанаванага старшынёй ЦВК, то афіцыйнае абвяшчэньне выбараў павінна адбыцца за тры месяцы, гэта значыць, на самым пачатку восені.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітыкі і палітолягі назвалі 10 адметнасьцяў будучай прэзыдэнцкай кампаніі ў БеларусіТак што падчас штогадовага пасланьня будзе агучанае толькі палітычнае рашэньне. Прывязка да пасланьня таксама падштурховае да думкі, што размова пойдзе менавіта пра датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары.
Паводле закону паўнамоцтвы Лукашэнкі скончацца толькі ўвосень 2020 году. І, напэўна, падчас пасланьня ён заявіць, што, маўляў, у дэпутатаў адбіраць паўнамоцтвы раней за тэрмін не хачу, а свае паўнамоцтвы гатовы скараціць.
Ён у красавіку дасьць згоду на скарачэньне паўнамоцтваў, дэпутаты напачатку верасьня і скароцяць, прызначыўшы выбары на сёлетні сьнежань.
Але за тое, што першымі сёлетнімі будуць менавіта прэзыдэнцкія выбары гаворыць шмат іншых аргумэнтаў.
Эканамічны ляндшафт перад выбарамі: сувэрэнітэт, «папіццот», нафта і газ
Многія назіральнікі ўжо адзначалі, што шматлікія заявы кіраўніка дзяржавы падчас інтэграцыйнага канфлікту з Расеяй былі вытрыманыя цалкам у стылістыцы выбарчай кампаніі. Да восені 2020 году імідж абаронцы айчыны, народу і сувэрэнітэту можа і выпетрыцца. А да 1 сьнежня сёлета можа і захавацца, калі працягваць яго напампоўваць за месяцы, якія засталіся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 25 даляраў да «папіццот»: сярэдні заробак зноў вырас500 даляраў сярэдняга заробку, якія былі забясьпечаныя напрыканцы 2018 году — таксама пэўная дэманстрацыя. Дэманстрацыя таго, што на канец бягучага году выйсьці на тыя ж запаветныя «папіццот» — гэта як бы і не цяганьне жылаў з эканомікі, ня нешта такое, што можа спарадзіць новую дэвальвацыю, кшталту той, у якую краіну абрынулася пасьля выбараў 2010 году.
Дарэчы, калі выбары будуць у сьнежні — гэта таксама такое перагуканьне з 2010 годам. Выбары 2006 году былі раньняй вясной, у 2001-м і 2015-м — увосень. А правесьці сёлета выбары ў сьнежні — напамін апазыцыі, што было ў сьнежні 2010 году. Улада намякае, што можа і паўтарыць у выпадку чаго.
«Падарункі» ад дарагога саюзьніка сыплюцца ўжо, але пакуль яны больш-менш вядомыя і не такія ўжо балючыя. Ранейшая дамова па газе сёлета яшчэ дзейнічае. Падатковы манэўр па нафце — гэта ўдар, але прынамсі сёлета — не накаўт, 380 мільёнаў даляраў —гэта шмат, але не катастрофа.
У наступным годзе гэта будзе больш, колькі давядзецца плаціць за газ у 2020 годзе —наагул невядома, канчаткова высьветліцца якраз у сьнежні. Дык лепш мець гэты пытальнік ужо пасьля выбараў, чым перад імі, калі праводзіць прэзыдэнцкія выбары ў 2020 годзе.
Словам, усе разьлікі паказваюць, што з пункту гледжаньня Лукашэнкі варта правесьці спачатку прэзыдэнцкія выбары. Ну і апазыцыя, дарэчы, рыхтавалася апошнія месяцы менавіта да іх. Выпадкова альбо не.
Апазыцыя і выбары: барацьба за ўплыў
У сёлетніх выбарах апазыцыя пераважнай часткай будзе ўдзельнічаць. Прычым галоўнымі фігурантамі кампаніі будуць пераважна прадстаўнікі палітычных арганізацыяў. Мікола Статкевіч ад БНК плюс кандыдат ад правацэнтрысцкай кааліцыі, якога зьбіраюцца вызначыць на праймэрыз, плюс Тацьцяна Караткевіч ці Андрэй Дзьмітрыёў ад «Гавары праўду». Радыкальны кандыдат, больш памяркоўны і вельмі памяркоўны — увесь спэктар. Ну, і Алена Анісім — старшыня ТБМ і дэпутатка палаты прадстаўнікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ёсьць кампанія, няма выбараў», — апазыцыя абвясьціла пачатак перадвыбарчага назіраньняМагчымыя і тут, зразумела, нечаканасьці. Але выглядае, што часу для вылучэньня колькі-небудзь сур’ёзнай кандыдатуры, якая мае хоць якія структуры і вядомасьць — для гэтага ўжо проста няма часу.
Так што ўдзельнікі кампаніі ўжо, хутчэй за ўсё, збольшага вызначаныя. Шанцы на вылучэньне адзінага кандыдата ад альтэрнатывы практычны нулявыя. У адрозьненьне ад 2001-га і 2006-га гадоў ніхто нават не вядзе размоваў пра гэта. Вылучыць правацэнтрысцкая кааліцыя адзінага кандыдата — гэта ўжо будзе паказьнікам пэўнага адзінства хаця б часткі палітычнага спэктру.
Паколькі грамадзка-палітычная сытуацыя, прынамсі, пакуль, не дае падставаў спадзявацца на нейкія вялікія грамадзкія ўзрушэньні ў сувязі з выбарамі, задача-мінімум, якую могуць ставіць перад сабой альтэрнатыўныя кандыдаты — умацаваньне ў грамадзтве пазыцыяў сваіх уласных і сваіх арганізацыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гавары праўду» пачала збор подпісаў аб далучэньні Беларусі да Эўрапейскай хартыі самакіраваньняМеркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.