У сувязі з пагаршэньнем фінансавага становішча кампанія «Дамачай», найбуйнейшы на Магілёўшчыне вытворца хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, зьмяншае заробкі і папярэджвае работнікаў, што яны мусяць пісьмова паведаміць пра згоду працаваць у новых варунках. Калі такой згоды ня будзе, то зь імі спыняюць працоўныя адносіны.
15 лютага генэральны дырэктар Натальля Падлесных зацьвердзіла зьмены ўмоваў працы на прадпрыемстве. Як вынікае з паведамленьня, якое прапануецца падпісаць кожнаму работніку, калі хочуць застацца на заводзе, заробкі зьмяншаюцца з прычыны:
- падзеньня абʼёмаў вытворчасьці прадукцыі;
- зьніжэньня інтэнсіўнасьці ды напружанасьці працы;
- пагаршэньня фінансавага становішча кампаніі.
Скасуюць працоўны кантракт з выплатай выхадной дапамогі
У паведамленьні не канкрэтызуецца, на колькі стане меншы заробак, толькі адзначаецца, што яго памер «будзе зьменены». Новаўвядзеньне абгрунтоўваецца шэрагам артыкулаў Працоўнага кодэксу.
Спасылаючыся на 5-ы пункт 35-га артыкулу гэтага кодэксу работніку даводзяць: калі ён не пагодзіцца працаваць у зьмененых абставінах, зь ім скасуюць працоўны кантракт і выплацяць выхадную дапамогу ў памеры двухтыднёвага сярэдняга заробку.
Прадстаўніца адміністрацыі: «Мы зацікаўленыя ў захаваньні калектыву»
Работнікі прадпрыемства даслалі паведамленьне з подпісам Натальлі Падлесных Свабодзе. Пагутарыць з кіраўніцай кампаніі не ўдалося. Яе намесьніца Вера Багайчук пацьвердзіла, што ў сувязі зь няпростай сытуацыяй прадпрыемства «сьвядома ідзе на такія непапулярныя захады».
«На кожнай вытворчасьці мы зьбіралі людзей, каб у іх не было пытаньняў наконт разьліковых. Мы тлумачылі ім сытуацыю. Прадпрыемства зацікаўленае, каб захаваць працоўны калектыў», — адзначыла яна.
На пытаньне, чым выклікана пагаршэньне фінансавага стану кампаніі, суразмоўца не адказала. Папрасіла яго адрасаваць свайму начальству.
Работнік: «Заробак зьменшыцца на 20-30 адсоткаў»
Зьмены ў заработнай плаце ўступяць у сілу 1 сакавіка. Работнікі тым часам у разгубленасьці. Тыя, з кім удалося пагутарыць, напэўна ня ведаюць, якім будзе сакавіцкі заробак. Суразмоўцы кажуць, што яго і «бяз зьменаў не лічылі высокім».
«У мяне выходзіць 700 рублёў. Кажуць, што яго зьменшаць адсоткаў на 20-30. Зразумела, што з прадпрыемства ня звольнюся, бо новае месца нават з такім заробкам яшчэ пашукаць трэба ў Магілёве», — выказваецца адзін з работнікаў.
Суразмоўца зьвязвае праблемы на прадпрыемстве з дарагой сыравінай для вырабу прадукцыі, а таксама вялікімі затратамі на энэрганосьбіты.
Раней паведамлялася пра падзеньне абʼёмаў выручкі
Зьвесткі аб праблемах на прадпрыемстве зьявіліся на пачатку 2018 году. Тады паведамлялася, што абʼём чыстага прыбытку ў кампаніі скараціўся ў 2,5 раза. У 2017 годзе ён склаў 566 тысяч рублёў. Годам раней жа быў 1,45 мільёна. Такія зьвесткі падаваліся са спасылкай на справаздачу, апублікаваную на Адзіным партале фінансавага рынку.
Кампанія «Дамачай» — манапаліст на рынку хлебабулачных вырабаў рэгіёну. Прадпрыемства мае свае філіялы ў 7 райцэнтрах Магілёўшчыны. Акрамя хлебабулачнай прадукцыі, там вырабляюць пладова-ягаднае віно, безалькагольныя напоі. На сайце прадпрыемства адзначаецца, што прадукцыя кампаніі «канкурэнтаздольная ня толькі ў рэгіёне, але і за яго межамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністарка працы: у бюджэтнікаў зашмат надбавак і прэмій