Футра за мільён даляраў, твідавы жакет з джынсамі, непрыманьне мадэлей плюс-сайз у фэйшн-бізнэсе, крытыка #MeToo і Мэркель, глябалізацыя раскошы — спрабуем паглядзець на аднаго з самых уплывовых людзей у сьвеце моды, дызайнэра Карла Лягерфэльда зь беларускага ракурсу з дапамогай стылісткі, выкладчыцы школы моднай індустрыі FASH’ON Маі Старавойтавай і беларускай студэнткі University College London, удзельніцы модных паказаў Даніэлы Каляды, якая вывучае гісторыю моды.
Мастацкі кіраўнік дому моды Chanel мадэльер Карл Лягерфэльд памёр 19 лютага ў Парыжы на 86 годзе жыцьця. Лягерфэльд нарадзіўся ў 1933 годзе ў Гамбургу, у юнацтве пераехаў у Парыж, дзе пражыў усё жыцьцё. У розныя гады ён узначальваў дамы моды Jean Patou, Chloé і Fendi.
Што важна ведаць пра Карла Лягерфэльда
- Пачаў самастойна выбіраць сабе адзеньне ў 4 чатыры гады.
- Стварыў самую дарагую ў сьвеце футру — з собаляў. Яе ацанілі ў 1 мільён даляраў.
- Для брэнда Fendi прыдумаў знакамітую эмблему FF, якая стала сымбалем брэнду.
- Ягоная бібліятэка налічвала 300 тысяч тамоў. Заснаваў у Парыжы ўласны выдавецкі дом 7L і адкрыў аднайменную кнігарню.
- У 1993 годзе вывеў на подыюм замест прафэсійных мадэляў стрыптызэршаў і зорак порна.
- Першым стаў адзяваць мадэлей на паказах у кеды і джынсы.
- Быў вядомы як парфумэр. Стварыў духі Chloé, KL, Jako, а таксама водар з пахам кнігі.
- У 2011 годзе ў інтэрвію Vogue сказаў: «Мець дзяцей — гэта не для мужчыны. Быў бы я жанчынай, я бы хацеў мець шмат дзяцей... Як вам пашанцавала, што ў вас прыгожыя дзеці. Мець пачварную дачку было б жахліва».
- Актыўна супрацьстаяў прасоўваньню мадэлей плюс-сайз у фэйшн-бізнэсе. Казаў, што «ніхто ня хоча бачыць жанчын з формамі».
- Крытычна ставіўся да руху #MeToo. Казаў: «Калі вы ня хочаце, каб з вас сьцягнулі майткі, не ідзіце ў мадэлі. Ідзіце ў манашкі, там вам заўсёды знойдзецца месца».
- Заяўляў, што ненавідзіць канцлерку Aнгeлу Mэpкeль зa яe палітыку ў дачыненьні ўцекачоў
- Завяшчаў маёмасьць сваёй котцы Шупэт.
Што зьмяніў у сьвеце моды Карл Лягэрфэльд
Даніэла Каляда: Для мяне самае галоўнае ў ролі Карла — яго пазыцыя ў модным доме Chanel, якім ён кіраваў на працягу апошніх 30 гадоў, абараняючы гісторыю і бачаньне самой Како. Раней яна рабіла вопратку на выхад, у канцы 60-х у яе зьявілася адзеньне на кожны дзень. Карл зрабіў Chanel глябальным брэндам. Менавіта пры ім продажы дасягнулі 10 мільярдаў фунтаў толькі ў 2017 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр мадэльер Карл ЛягерфэльдПры ім брэнд цалкам адмовіўся ад выкарыстаньня скуры рэдкіх жывёлаў. Яшчэ ў 1980-х мы маглі пабачыць скуру кракадзілаў, пітонаў, цяпер — не. Нават калі пры вытворчасьці сумачак выкарыстоўваецца футра, то гэта будзе не шыншыла, а трусік. У апошнія некалькі дзён нехта сказаў, што Эндзі Ўорхал быў для мастацтва тым, чым Карл Лягерфэльд для моды. Насамрэч іх сувязь была вельмі шчыльнай. Калі ў 1973 годзе Эндзі здымаў фільм «LʼAmour», ён узяў кватэру Карла для здымак фільма, у якім вельмі добра можна было адчуць сутнасьць гэтага чалавека.
Карл не даваў людзям добра сябе ведаць. Ён вельмі любіў літаратуру і мастацтва, быў больш радыкальным у разуменьні глябалізацыі раскошы. Гэта было асабліва відавочна ў 1980-х. Хаця і другія брэнды рабілі пастаноўкі паказаў як рок-канцэрты, у музэях ці на мастах, і ліцэнзійныя ўгоды на парфумэрыю таксама ня ён пачаў, але менавіта ён быў тым чалавекам, які перанёс шмат брэндаў на міжкантынэнтальны ўзровень. І гэта пачалі называць рухам Лазара. Нягледзячы на ўвесь артыстычны бок, менавіта ён забясьпечыў жыцьцё шасьці парыскіх рамесных дамоў, якія займаліся ручной працай для такіх брэндаў, як Chanel і Fendi.
«Гэта твідавы жакет, які цяпер могуць насіць ня толькі першыя лэдзі»
Мая Старавойтава: Ён зьмяніў падыход да продажу прадукту, каб ня толькі купіць прадукт, але натхніцца тым, як ён прадстаўлены. У парыскай выставачнай залі Grand Palais ён адбудоўваў супэрмаркеты, аэрапорты, закінутыя тэатры, і гэтыя шоў застануцца назаўсёды ў гісторыі моды. Безумоўна, гэта пераасэнсаваньне клясычнага касьцюма. Калі ён прыйшоў у сярэдзіне 1980-х у Chanel, брэнд, які ўжо ўсе падзабылі, ён паказаў, што клясычнае адзеньне можа быць ня толькі для дарослых людзей, але і для моладзі. Гэта твідавы жакет, які цяпер могуць насіць ня толькі першыя лэдзі. Гэта ягоная заслуга, што яго можна насіць цяпер і з джынсамі ці кэжуал нагавіцамі. Ён — папулярызатар моды.
«Я люблю Карла за яго сумленнасьць і за яго іронію»
Чым вам цікавая творчасьць і асоба Лягерфэльда
Мая Старавойтава: Мы можам казаць пра моду, пра адзеньне, але найперш ён — асоба, вялікі інтэлектуал. У яго вялікая калекцыя кнігаў пра мастацтва, культуру, гісторыю моды. У ягонай уласнай бібліятэцы кнігі захоўваюцца пры спэцыяльнай тэмпэратуры. Я люблю Карла за яго сумленнасьць і за яго іронію. А таксама ягоны падыход распрацоўкі адной тэмы для калекцыі. Цяпер многія дызайнэры бяруць 10 тэмаў, міксуюць гэта ўсё і робяць калекцыю, а ён заўсёды браў адну тэму і рабіў 80 вобразаў. І ягоная любоў да працы. Няма большага працаголіка чым Карл — шэсьць калекцый для Chanel у год, шэсьць калекцый для Fendi, уласны брэнд, плюс ён яшчэ быў фатографам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саша Варламаў стварыў віртуальны дом модыДаніэла Каляда: У 2007 годзе ён сказаў, што яго супярэчлівая пэрсона — гэта спэктакль. Ён назваў сябе карыкатурай на самога сябе і сказаў, што яму гэта падабаецца. Гэта ўсё маска, і для яго Вэнэцыянскі карнавал доўжыцца цэлы год. Для мяне супярэчлівасьць ня толькі як асобы, але і супярэчлівасьць у ягоных калекцыях, яго выразах і ёсьць самай цікавай часткай ягонай асобы.
«Ён прадаваў сваю прадукцыю ў тым ліку і з дапамогай эксцэнтрычнага іміджу»
Лягерфэльд казаў, што ня любіць дзяцей, прызнаваў толькі вельмі худых мадэлей, казаў: «Калі вы ня хочаце, каб з вас сьцягнулі майткі, не ідзіце ў мадэлі». Ці трэба ставіцца да яго ў гэтым кантэксьце? Як да чалавека эпохі, якая сыходзіць? Бо ён меў вялізарны ўплыў на паўсядзённую культуру ўспрыняцьця цела і прыгажосьці.
Мая Старавойтава: Асабіста я такія выказваньні не падзяляю. Ён заўсёды быў чалавекам, які рэзка выказваўся на любую тэму, на баяўся чужога меркаваньня. Пагаджуся, што гэта было рэзка і жорстка, але кожны чалавек мае права на сваё меркаваньне. Я думаю, што ён меў на ўвазе працу над калекцыяй, калі прымерка, творчы працэс, і няма часу, каб нехта саромеўся і пераапранаўся доўга. Я думаю, што такі кантэкст быў, а ня нешта злое і грубае. З тых мадэляў, хто працаваў зь ім доўга, ніхто не згадвае яго дрэнным словам. Гэта шоў-бізнэс, і гэта шоўмэн. Ён праславіўся і прадаваў сваю прадукцыю ў тым ліку і з дапамогай свайго эксцэнтрычнага іміджу. Цяпер яго згадваюць як чалавека, які вельмі падтрымліваў маладых дызайнэраў.
«Ён быў шчырым у сваёй непрыязі да жанчынаў, якія не адпавядалі стандартам памераў мадэлей»
Даніэла Каляда: Ягоная крытычнасьць была дастаткова вядомая ня толькі ў вузкіх колах. Ён быў шчырым у сваёй непрыязі да жанчынаў, якія не адпавядалі стандартам памераў мадэлей, якія былі ў ягоную эпоху і называліся непрыдатнымі для бізнэсу. Акторка Джаміла Джамал ужо назвала яго хоць і таленавітым, але чалавекам зь вялікай колькасьцю хібнасьцяў, дакладна не сьвятым, як яго спрабуе паказаць мадэльная індустрыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мадэль з інваліднасьцю: «Я ж ні чым ня горшая ад тых, у каго 90-60-90»Як сказала мадэль Кара Дэлевінь, трэба памятаць, калі ён нарадзіўся, як мяняліся стандарты на працягу ягонага жыцьця. Мы прайшлі празь вялікую колькасьць мадэлей з таго моманту, як ён пачаў працаваць у гэтай сфэры. У нас былі і анарэксычныя мадэлі, як Кейт Мос, у нас былі вельмі малыя мадэлі, як Твігі, у нас былі мадэлі зусім розных памераў і стандартаў. Трэба памятаць, што для яго, калі ён уваходзіў у гэтую карʼеру, памер мадэлі быў такім. Ён быў насамрэч пажылым чалавекам 85 гадоў, і гэта трэба браць пад увагу.
Наконт ягоных камэнтароў пра рух #MeToo. Мне пашчасьціла працаваць з Роўз Макгаўн, якія зьяўляецца адной з галоўных актывістак гэтага руху, на адным з паказаў для Вівьен Вэствуд. І тут розьніца своеасаблівая. У мадэльнай індустрыі панятак аголенага цела вельмі адрозьніваецца ад гэтага панятку ў сьвеце ў цэлым. Цела становіцца нечым іншым, гэта як інструмэнт для прадстаўленьня адзеньня. І мадэлям трэба вельмі хутка пераапранацца паміж сваімі выхадамі, што азначае, што ў большасьці сытуацый ты не пасьпяваеш нават распрануцца, а проста бяжыш да касьцюмера амаль голая. Тут важна зразумець дваістасьць сытуацыі і кантэкст ягонага камэнтара. Сапраўды, калі ты гэтак далікатна ставісься да свайго цела, да аголенага цела ў цэлым, то мадэльная індустрыя не зьяўляецца ідэальнай індустрыяй для падтрыманьня гэтых каштоўнасьцяў.
«Калі няма магчымасьці купіць сумачку, вы купляеце духі і ўжо далучаныя да Chanel»
Якімі ідэямі Лягерфэльда карыстаюцца беларусы, нават самі ня ведаючы таго?
Мая Старавойтава: Парфумы і касмэтыка. Мяркуецца, што калі няма магчымасьці купіць сумачку ці футру, але вы купляеце духі, то вы ўжо далучаныя да таго ж Chanel. Я ўжо казала пра твідавыя жакеты. Я думаю, што ягоны сьвежы погляд на тое, што састарэла, зрабіў адбітак на ўсе трэнды. А таксама ягоны асабісты стыль — белыя валасы, чорныя акуляры нават у памяшканьні, чорны касьцюм, белая кашуля, пульсэтки — гэта клясычны вобраз, які ўжо па-за часам. Я амаль кожны дзень бачу ў Менску дзеўчат, якия носяць сумкі-падробкі Chanel. У любым разе гэта ўсе роўна адсылка да творчасьці Карла Лягерфэльда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стваральніцы беларускіх брэндаў пра самых стыльных беларусак і максымальны кошт сумачкіДаніэла Каляда: У папулярным фільме «Дʼябал носіць Prada» гераіня Мэрыл Стрып тлумачыць гераіні Эн Гэтэўэй, што швэдар, у якім яна прыйшла, насамрэч зьявіўся 10 гадоў таму, таму што некалькі дызайнэраў выкарыстоўвалі менавіта гэты колер. Эфэкт Карла Лягерфэльда на моду ў цэлым, безумоўна, праяўляе сябе і ў беларускай модзе, таму што няма моцнай розьніцы паміж высокай модай у розных краінах. Калі паглядзець на формы сумачак Chanel, то мы заўважым, што большасьць дызайнэраў выкарыстоўваюць тую ж самую форму. Я ўпэўненая, што многія беларускія брэнды выкарыстоўваюць тыя ж самыя мадэлі, якія прадстаўляў Карл. Як і тканіны, якія ён выкарыстоўваў. Цяпер папулярная твідавая тканіна, якая раней была ўласьцівая толькі брэнду Chanel. Цяпер мы бачым у новым сэзоне яе ў вялікай колькасьці калекцый. Я ўпэўнена, што ў Беларусі гэтая тканіна гэтак жа папулярная.
«Звычайны падаткаплатнік ня можа ведаць, што ня ён заплаціў за касьцюм Chanel»
У Францыі падчас пратэстаў «жоўтых камізэлек» гучалі крытычныя заўвагі да Брыжыт Макрон за яе дарагое адзеньне і пакупкі. У Беларусі актыўна абмяркоўвалася фота Натальлі Пяткевіч, на якім яна мела ўпрыгожваньні Chanel. Ці прыстойна беларускім чыноўнікам насіць дарагія адзеньне і ўпрыгожваньні ад дарагіх брэндаў, калі ў краіне абяцаны сярэдні заробак — 500 даляраў?
Даніэла Каляда: Трэба глядзець на ўзровень карупцыі ў розных краінах. У Брытаніі людзі абураліся тым, што Мэган Маркл траціць больш грошай падаткаплатнікаў на свой гардэроб, чым уся каралеўская сямʼя разам, і колькасьць грошай на яе адзеньне перавышае затраты Кейт у шмат разоў. Тут грошы ідуць з кішэні падаткаплатнікаў, і таму людзі незадаволеныя.
Калі размова ідзе пра жонку Трампа ці жонку Макрона, то ў большасьці выпадкаў яны купляюць сваю вопратку незалежна ад бюджэту краіны. Магчыма, часам яны адзяваюцца не ў адпаведнасьці з сытуацыяй, калі трэба сустракацца зь людзьмі меншых даходаў, і гэта можа падкрэсьліць розьніцу іх даходаў. Калі размова ідзе пра беларускіх чыноўнікаў, тут няма празрыстасьці заробкаў і даходаў, і звычайны падаткаплатнік ня можа ведаць, што ня ён заплаціў за касьцюм Chanel.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колева куртка як каталізатарМая Старавойтава: Кожны можа насіць тое, што падабаецца, калі мае на гэта грошы. Думаю, што ніхто бы не адмовіўся набыць рэч ад такога легендарнага чалавека. Дарэчы, уласны брэнд Карла быў дастаткова даступны і дэмакратычны — шмат футболак, жакетаў, аксэсуараў я бачу ў Менску. Fendi і Chanel — радзей, але трэба разумець, што тое адзеньне ад Chanel, што яго нельга проста так прыйсьці і купіць. Таму нямногія носяць адзеньне, а аксэсуары сустракаюцца. Аксэсуары — гэта ўкладаньне ў свой гардэроб, у рэчы, якія жывуць дзесяцігодзьдзямі.
«Карл натхняў нас, быў паэтам ад моды»
Як будзе мяняцца сьвет моды з зыходам такіх зорак як Лягерфэльд?
Мая Старавойтава: Карл быў найперш мастаком, а потым ужо бізнэсоўцам. Апошнія гады ён ня вельмі моцна ўплываў на моду і не задаваў трэнды. Вельмі сумна, што мода ўсё больш становіцца камэрцыйнай, усё больш зьяўляецца прадуктаў, якія нам хочуць толькі прадаваць, а Карл усё ж натхняў нас, быў паэтам ад моды. І вельмі шкадую, што такіх людзей становіцца ўсё менш. Спадзяюся, што недзе нарадзілася дзіця, якое праз 20 гадоў прынясе творчасьць і мастацтва ў моду, і яна не пераўтворыцца ў жорсткі бізнэс.
Даніэла Каляда: Нягледзячы на тое, што Карл, безумоўна, зьяўляецца асновай у гэтай галіне, існуе мноства прыкладаў брэндаў, якія працягнулі гісторыю посьпеху нават пасьля сьмерці іх лідэраў і галоўных дызайнэраў. Гэта і сам брэнд Chanel, які вырас з дастаткова маленькага парыскага куцюрнага брэнду ў глябальны брэнд. Ці Yves Saint Laurent, Christian Dior ці Alexander McQueen. Цяпер у галіне вельмі шмат таленавітых людзей, напрыклад галоўны дызайнэр Gucci Аляксандар Мішэль, які дапамог брэнду дасягнуць ашаламляльнага росту. Ёсьць браты Гвасалія, якія ўзначальваюць Balenciaga і Vetements.
Ніхто ня зможа замяніць бліскучых дызайнэраў, якіх мы страцілі, як ніхто ня зможа замяніць усіх мастакоў, якія памерлі, але жыве ня толькі іх спадчына. Заўсёды знойдуцца новыя таленавітыя людзі, які змогуць запоўніць пустату іх адсутнасьці, пры гэтым не даючы людзям забыць іх спадчыну.