Агенцтва Bloomberg паведаміла пра тое, што ўлады Вэнэсуэлы загадалі адкрыць рахункі ў банках у Расеі, Турэччыны, Кітаю і Індыі прыкладна 50-ці вэнэсуэльскім гандлёвым кампаніям.
Афіцыйна гэта зроблена для таго, каб кампаніям было лягчэй выбудоўваць гандлёвыя дачыненьні зь пералічанымі краінамі і закупляць там тавары. Але Bloomberg лічыць, што ўрад Мадура такім чынам спрабуе знайсьці новыя спосабы працы ва ўмовах амэрыканскіх санкцый і замаразкі замежных актываў.
Амэрыканскія і многія эўрапейскія банкі, а таксама шматлікія аплатныя сыстэмы цяпер адмаўляюцца працаваць з вэнэсуэльскімі кампаніямі і банкамі, а многія спажывецкія кампаніі, такія як Kellogg Co. або Kimberly-Clark Corp., проста сышлі з вэнэсуэльскага рынку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Вэнэсуэлы заявіў, што Мадура скінуць толькі «праз нашы трупы»Прэсавы сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў ня стаў камэнтаваць гэтае паведамленьне, але заявіў, што «РФ працягвае супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай, і гэта ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва».
Паводле дадзеных Bloomberg, загад аб адкрыцьці рахункаў быў аддадзены на нарадзе, якую ў панядзелак правёў віцэ-прэзыдэнт па эканоміцы Веэнэсуэлы Тарэк Аль Айсамі і міністар унутранага гандлю Кантрэрас Вільям.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вэнэсуэла разьлічваецца за беларускія харчыМіністэрства фінансаў Вэнэсуэлы ў найбліжэйшыя дні правядзе трэнінг для прадстаўнікоў кампаній і навучыць іх працаваць з рахункамі ў замежных банках. Адначасова кампаніі папярэдзілі, што іх чакаюць санкцыі, калі тавары, якімі яны гандлююць, ня будуць своечасова закупленыя і ня зьявяцца ў Вэнесуэле. Таксама ім быў аддадзены загад не павышаць цэны на прадаваныя тавары, нягледзячы на інфляцыю.
Кітай, Расея, Індыя і Турэччына — нешматлікія краіны, якія яшчэ працягваюць падтрымліваць рэжым Мадура, у тым ліку фінансава. Індыя, да прыкладу, цяпер зьяўляецца найбуйнейшым пакупніком вэнэсуэльскай нафты, якая раней ішла на экспарт у ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вэнэсуэла: Гуайдо абвясьціў аб новых вулічных акцыях супраць МадураУ Расеі ўладам Вэнэсуэлы часткова належыць банк «Еврофинанс Моснарбанк» (яго акцыянэрамі з расейскага боку зьяўляецца ВТБ і «Газпромбанк»). Яшчэ ў кастрычніку летась прыватныя кампаніі Вэнэсуэлы атрымалі загад адкрыць у ім рахункі, нагадвае Bloomberg.