Пра гэта журналістам паведаміў міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей.
Уладзімер Макей сказаў, што прапанова аб правядзеньні саміту «Ўсходняга партнэрства» ў 2019-м годзе ў Менску «абмяркоўвалася з нашымі эўрапейскімі партнэрамі».
«Мы хочам паказаць, што Ўсходняе партнэрства не скіраванае супраць нейкіх трэціх краін, якія не ўваходзяць у гэтую ініцыятыву, а што яно зьяўляецца прагматычным, арыентаваным на патрэбы людзей праектам. Мы хочам паказаць, што ў рамках гэтага партнэрства трэба праводзіць ідэі, скіраваныя на збліжэньне ў нашым рэгіёне.
Таму беларускі бок прапанаваў абмеркаваць магчымасьць правядзеньня мерапрыемства высокага ўзроўню ў адной з шасьці краін, якія ўваходзяць у праграму Усходняга партнэрства, у прыватнасьці ў Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усходняму партнэрству спаўняецца 10 гадоў, а ці будзе гулянка?Уладзімер Макей паведаміў, што цяпер гэтая прапанова абмяркоўваецца, і выказаў афіцыйную беларускую пазыцыю:
«Мы лічым любыя праекты ў рамках „Усходняга партнэрства“ павінны быць накіраваныя не да далейшага нагнятаньня канфрантацыі і паглыбленьня расколу ў нашым рэгіёне, а на збліжэньне паміж рознымі канфліктуючымі краінамі».
Першы саміт «Усходняга партнэрства» прайшоў у 2009-м годзе.
Карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі паведаміў: сапраўды чакаецца, што ў рамках праграмы «Ўсходняга партнэрства» Беларусь у кастрычніку будзе прымаць, як выказаліся крыніцы, «падзею высокага ўзроўню».