Першага верасьня 1939 году пачалася Другая ўсясьветная вайна. 17 верасьня савецкія войскі ўвайшлі ў Польшчу і «ўзьядналі» Заходнюю Беларусь з БССР — у складзе СССР. Сёлета спаўняецца 80 гадоў з той падзеі. Свабода пачынае праект, прысьвечаны прадметам побыту даваеннай Беларусі, якія дажылі да нашых дзён, і гісторыям іхных гаспадароў.
Гарадзенец Януш Паруліс паказвае рэчы свайго дзеда Франца Райко, які працаваў на тытунёвай фабрыцы і арганізаваў забастоўку рабочых.
«У школе ставілі ў кут за польскую мову»
Януш Паруліс — вядомы гарадзенец. Ён трымае прыватны музэй побыту і гісторыі Горадні. Сабраў каля 100 тысяч экспанатаў розных часоў. Шмат зь іх — гэта спадчына сям’і.
Сям’я пана Януша здаўна была гарадзкой. У Горадні Парулісы жывуць звыш 200 гадоў.
«Маці звалі Ядвіга, бацьку Стэфан. Дзед Францішак і бабка Тарэса — па маці, другая бабця Юзэфа і дзед Пётар — па бацьку. Мы польская сям’я. Прозьвішча „Паруліс“ мае грэцкія карані. Але грэкам не было з кім тут жаніцца. Таму яны жаніліся на польках. Так я стаў палякам. Хіба ад грэцкіх генаў вучыўся ў мараходнай школе і працаваў мараком», — усьміхаецца ён.
Пан Януш вядзе нас сярод сваіх скарбаў і паказвае дарагія сэрцу рэчы. Ён то пераходзіць на польскую мову, то на расейскую з польскім акцэнтам. Дзед Франц размаўляў на польскай мове. Малога Януша таксама выхоўвалі па-польску.
«Калі пайшоў у школу, то нас у кут ставілі за тое, што размаўлялі на польскай мове», — кажа гаспадар.
Большасьць рэчаў у доме-музэі зьвязаныя зь ягоным дзедам па маці Францішкам Райко (1891–1966).
На пытаньне пра ўзрост рэчаў суразмоўца амаль заўсёды адказвае: «Ім пад сто гадоў або больш. Бо мне ўжо 75». Пан Януш нарадзіўся ў 1943-м.
Станіна. «Калі станок сьпісалі з фабрыкі, дзед яго прыкупіў»
Першы экспанат, які стаіць у двары пры ўваходзе — мэталічны стол з адтулінамі, падобны да падстаўкі пад швейную машынку.
«Гэта станіна майго дзеда Францішка. Ёй 158 гадоў або болей. Яна ад станка для набіваньня цыгарэт на тытунёвай фабрыцы. Фірма „Язерскі і Яноўскі“. Вось і подпіс ёсьць.
Калі станок сьпісалі з фабрыкі, дзед яго купіў, прывёз дадому. Станіна служыла яму як варштат. Дома цыгарэтамі не займаўся. Тады людзі ў Польшчу цыгарэт не вазілі.
У нашай сям’і казалі, што былі „першыя саветы“ (1939–1941) і „другія“ (1944–1991). „Першыя саветы“ былі добрыя, бо нядоўгія», — сьмяецца пан Януш.
Дзед Франц да вайны быў радным, «кшталту дэпутата або пасла». Ён з калегам арганізаваў забастоўку «пры паляках» за правы рабочых тытунёвай фабрыкі, бо там была цяжкая праца. Шмат людзей хварэлі на сухоты. Баставалі, каб для іх былі санаторыі, дадатковае харчаваньне, малако.
«Відаць, толькі таму нас і ня вывезьлі ў Сыбір, бо ён рабіў забастоўку „за палякамі“. Або таму, што быў буйным спэцыялістам. Сам умеў вытачыць, разьлічыць.
Усіх палякаў справа, зьлева (суседзяў. — РС) вывозілі, як памятаю, у 1947-1953 гады. Нікога болей я потым не сустрэў. Мы самі сядзелі ноччу на валізках і зубамі ляскалі, калі машына ішла. Чаго ж мне ня памятаць?»
Санкі. «Дзед валодаў мастацтвам усё рабіць»
Тут жа ў двары мокнуць пад сьнегам некалькі санак, нашмат большыя, чым тыя, на якіх коўзаюцца дзеці сёньня.
«Маім санкам каля 80 гадоў. Магчыма, мой дзед іх рабіў, бо ён валодаў гэтым мастацтвам — усё рабіць. Калі мне было 6 гадоў, мой бацька катаў мяне на іх з горкі.
Дзед Францішак скончыў рамеснае вучылішча, быў адукаваны, служыў у царскім войску, у казаках. Быў афіцэрам. Яго прызвалі з Горадні служыць у Чыту. Там ён ажаніўся, там нарадзілася мая маці. А ў 1923 годзе вярнуўся ў Горадню і пайшоў на працу.
У Горадні ён працаваў на тытунёвай фабрыцы мэханікам. Атрымліваў тут добрыя грошы, але колькі, я ў яго не пытаўся.
У мяне быў стары фатаздымак хаты дзеда. Там стаяла прыгожая старасьвецкая мэбля. Усе сьцены абвешаныя карцінамі, не было вольнага месца. Посуд быў дарагі, парцалянавы.
У мяне было чатыры цёткі, а ў іх тры калаўроты. Тады ўсе пралі. Бабка трымала гусей, ім пёры скубалі. І я дапамагаў малы.
Колькі дачок, столькі калаўротаў. Калі было шмат дачок, у хаце стаяла машына Singer, каб умелі шыць. Мае цёткі ўмелі рукадзельнічаць, шылі навалачкі, прасьціны, сукенкі. Ці зараблялі шытвом, ня ведаю, але для блізкіх шылі.
Хлопцы вучыліся сталярцы або іншай рамеснай справе. У Горадні было рамеснае вучылішча каля месца, дзе цяпер драматычны тэатар, там асобна вучылі хлопчыкаў і дзяўчатак».
Калыска. «На ёй я куляўся»
Мы заходзім у першае з памяшканьняў. Унутры ўсё застаўлена вельмі шчыльна. На паліцы пад стольлю шмат плеценых рэчаў.
«Бачыш, плеценыя валізкі. А такое чорнае — гэта калыска. У ёй мяне люлялі малым. І ня толькі мяне, але і малодшых стрыечных сясьцёр. Яе падвешвалі да столі за бэльку, і гэтая люлька калыхалася. Ёй пад сто гадоў. Хіба яе набылі, бо мой дзед нічога ня плёў.
За палякамі калі чалавек меў працу, то мог дзесяць дзяцей выкарміць. Трэба было мець працу, любую. Але з працай было вельмі цяжка тады.
Гаспадарка ёсьць гаспадарка, гэта іншае. Людзі, якія жылі ў сваіх хатах, у засьценках, прывозілі прадукты на Грандзіцкі рынак прадаваць. Гандаль ішоў на ўсю моц. У Горадні няшмат было заводаў. Добра зараблялі на чыгунцы, на тытунёвай фабрыцы, на гарбарных заводах».
Інструмэнты. «Зобач, бардзо цекава штука»
«Пхамы се далей» («Прасоўваемся далей»)», — грубавата кажа гаспадар, і мы асьцярожна праціскаемся ў наступны пакой, каб па дарозе нічога не зачапіць і не пашкодзіць.
У другім пакоі на падвоканьні ляжыць гара інструмэнтаў і прыладаў. Дзедавы, але і цяпер часам імі карыстаюцца. Некаторыя заіржавелі або пакрыліся павуціньнем.
Пан Януш паказвае іх па чарзе і тлумачыць, для чаго імі карысталіся. «Басэрвага» падобная да сёньняшняга ўзроўню, якім карыстаюцца будаўнікі, але значна карацейшая. Ёсьць інструмэнт для праўкі пілы, зашрубка, самаробная алівярка, нажніцы для мэталу, бязьмен, цыркуль, каб рабіць кругі на блясе, мэтар, мэталічная лейка, маленькі сьвідравальны станок, кавамолка.
Вось дзьве машынкі, якімі можна, прыкладам, смаліць кабана. Яны вугорскай і нямецкай вытворчасьці, «бо вугорцы тут таксама ваявалі, разам зь немцамі».
«Прылада, каб калоць арэхі. Я ня ведаю, як яна называлася... Зобач, бардзо цекава штука („Паглядзі, вельмі цікавая штука“)», — пераходзячы з мовы на мову кажа пан Януш і выцягвае так званы «францускі» ключ унівэрсальнага памеру.
«Французы тут не хадзілі, проста так называецца», — тлумачыць ён.
Пасьля пошукаў гаспадар выцягвае станок, якім ставілі штампы на скуры, відаць выбіты надпіс «Grodno». Бацька Януша быў шаўцом.
Па дарозе гаспадар паказвае рэчы, якія зрабіў ягоны дзед: вядро, палівачка, каністра, хатняя драўляная аптэчка. Рабіў дзед і бітоны для малака з кранікам, і самагонныя ёмістасьці.
Грамафон. «Каштаваў 145 рублёў царскімі»
Далёка пад сьцяной стаіць пацёрты чырвоны грамафон. Пан Януш прызнаецца, што гэта адна з самых дарагіх яму рэчаў, таксама дастаўся ад дзеда.
«Гэта грамафон 1914 году. Каштаваў 145 рублёў царскімі. Я яго скруціў. Тут і ўсе ўнукі круцілі. Трэба шасьцярню замяніць — і будзе граць, бо матор добры.
Пласьцінкі былі ўсялякія: польскія, царскія, і „Бродяга“ (расейская народная песьня), і „Вечерний звон“. У мяне больш за сто пласьцінак ёсьць тых часоў.
Вядома, танцавалі. Я гэта памятаю: сталы ссоўвалі, не было п’янкі. Кварту вып’юць на 12 чалавек, і танчылі пад грамафон. Я круціў, а яны танчылі танга, вальс. Да маіх маладых цётак прыходзілі кавалеры. Потым я быў стылягам і танцаваў бугі-вугі і рок адным зь першых у Горадні.
Гэта патэфон маёй цёткі. Яна мне яго падарыла на 20-годзьдзе. Яму за сто гадоў. Дакладней, я яго ў яе выпрасіў. Хадзіў, мазгі ёй дурыў, і вымантачыў. Патэфон ангельскі. Тут адкрываецца, і голас ідзе — цішэй, гучней.
Калі тут Польшча была, то мяжа далёка была. У Амэрыку езьдзілі. Мой стрыечны дзядзька працаваў у Амэрыцы. Прыехаў і адразу дом пабудаваў. Ня ведаю, кім ён працаваў. Потым у Польшчу дазволілі толькі ў 1960-я гады езьдзіць, была жалезная заслона».
Люстэрка. «Да касьцёла хадзілі выстраеныя тады»
Самы дарагі прадмет, апрача грамафона, — дзедава люстэрка. У масіўнай разной раме яно сягае столі. «Дарагое тое, пра што памяць нейкая засталася».
Перад гэтым люстэркам дзед зьбіраўся да касьцёла.
«Была цэлая źbiórka („доўгія зборы“). Ён накладаў боты, ледзь на нагу залазілі. У яго былі штаны пад боты, на падцяжках. Галіўся, адэкалёніўся і прычэсваўся валасяной шчоткай з кароткім ворсам, а не грабянцом, і нечым валасы змазваў. Да касьцёла хадзілі выстраеныя тады, ня тое, што цяпер.
Захаваліся панталёны бабкі. Амаль як новыя. Тры пары ляжалі ў скрынцы з-пад капелюшоў.
Мы хадзілі да фарнага касьцёла, бо тады фара Вітаўта была зачыненая. Наш касьцёл называлі фара. Дзеці самі ішлі, ніхто нікога не прымушаў. Зразумела, цікава ж прайсьціся па горадзе. Там была аптэка, набывалі ляндрынкі („карамэлькі“). Дзе ЗАГС, раней была крама „ў турка“, карпы плавалі і пахла рознымі спэцыямі.
На сьвяты ўся сям’я зьбіралася. Дні народзінаў не спраўлялі, толькі імяніны. Новы год спраўлялі, але гэта не вялікае сьвята было. Вялікія — Вялікдзень, Каляды і зялёныя сьвяткі (Троіца).
Стол быў вялікі, ад сьцяны да сьцяны. Усе родныя тут зьбіраліся: усе цёткі, браты. Вельмі шмат гатавалі. Асноўнае было — шчупак фаршаваны зь Нёмана і малочныя парасяты з закручанымі хвосьцікамі. Было поўна ўсяго. Пісанкі на Вялікдзень былі. Рынак быў побач, праблем не было зь ежай. Мы былі заможнай сям’ёй.
Дзядуля ў мяне быў дзядзька круты. Як што не па ім, то матам ня лаяўся, а стукне кулаком па стале ды скажа: „Козу маць“. Гэта была самая вялікая лаянка. Тады не лаяліся. Мой бацька казаў „пся крэў“.
Дзед пайшоў на пэнсію з тытунёвай фабрыкі, пажыў яшчэ троху. Спакойна памёр сваёй сьмерцю, пахаваны ў Горадні».
Раскажыце гісторыю вашых рэчаў!
Калі ў вашай сям'і ёсьць рэчы з даваеннай Беларусі і вы хочаце расказаць зьвязаную зь імі гісторыю, пішыце на rferl.minsk@gmail.com з тэмай ліста «Рэчы з гісторыяй».