Да 30-годзьдзя вываду савецкіх войскаў з Аўганістану, якое адзначалася 15 лютага, Свабода падрыхтавала цыкль матэрыялаў пра тагачасныя падзеі і іх беларускіх удзельнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аўганскі сындром». Вайна, жыцьцё і сьмерць бязногага вэтэрана Лёні Казімірава ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аўганскі сындром». Незавершаная місія зьніклага бязь вестак Генадзя Кулажанкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аўганскі сындром». Чаму начальнік варты палаца ў Кабуле Віктар Сівохін дагэтуль ня выйшаў з вайны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аўганскі сындром». Кабульскі фугас Алега Ляшэнкі і вяртаньне з таго сьветуГісторыя пятая, завяршальная, — пра былога дарадцу ЦК КПСС (адзіная ў Савецкім Саюзе партыя, якая кіравала ўсім) пры аўганскіх партыйных структурах Іосіфа Навумчыка.
Амаль за 10 гадоў вайны з Савецкага Саюзу ў Аўганістан накіравалі звыш 300 камуністычных дарадцаў. У ліку 12 зь Беларусі быў і нараджэнец Пастаўшчыны: у Кабуле ён прабыў ад красавіка 1985 году і да канца 1986-га. Агулам — больш за 600 экстрэмальных дзён.
Летась у кастрычніку Іосіф Адамавіч адзначыў 80-гадовы юбілей. Цяпер ён вядомы ў краіне грамадзкі дзяяч, стваральнік і кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
Пра што згадаў Іосіф Навумчык
- Як ідэолягаў «узнагароджвалі» партыйнымі камандзіроўкамі ў Аўганістан.
- Жыцьцё ў «савецкім раёне» Кабулу і дэфіцыты для аўганцаў з пасольскай крамы.
- Кабура ад Мечыслава Грыба і аўтамат Калашнікава для выездаў у зону муджагедаў.
- Дэлегат Лая-джыргі, кантакты з Бабракам Кармалем і Махамэдам Наджыбулой.
- Аўтэнтычная шабля ад удзячных аўганцаў і ордэн ад савецкай кампартыі.
Камандзіроўка на аўганскую вайну
Настаўнік паводле адукацыі, Іосіф Навумчык да сярэдзіны 1980-х зрабіў пасьпяховую кар’еру ў кіроўнай камуністычнай партыі: на пасадзе сакратара Віцебскага абкаму КПБ курыраваў ідэалёгію і сацыяльную сфэру.
Звыклы працоўны рытм быў парушаны на пачатку 1985-га, калі яму было 46 гадоў. Прапанавалі паслужыць «на карысьць народу Аўганістану». І калі дагэтуль дарадцаў выпраўлялі на паўгода, яго камандзіравалі адразу на 20 месяцаў. Большую палову тэрміну разам зь ім была і жонка — Роза Ягораўна.
«Люты 1985 году, тэлефануе першы сакратар Сяргей Цярэнцевіч Кабяк: „Зайдзіце“, — згадвае спадар Навумчык. — І з парогу: прынятае рашэньне камандзіраваць вас у Аўганістан. Па вялікім рахунку, я ўжо гэтага чакаў, бо зь Беларусі чамусьці накіроўвалі ідэолягаў. Да мяне па паўгода пабылі сакратары Гомельскага і Магілёўскага абкамаў партыі. Паколькі на Горадзеншчыне на пасадзе была жанчына, а ў Менску хваравіты чалавек, думаў, пашлюць на замену берасьцейскаму калегу Борысу. Але выправілі сакратара Магаданскага абкаму. Пакуль не турбавалі, спакойна працаваў».
Тэарэтычна ад прапановы можна было адмовіцца — Сяргей Кабяк сам недвухсэнсоўна намякаў, што «тэрміновая шпіталізацыя» вырашыць усе пытаньні. Іосіф Навумчык заявіў, што падобныя варыянты не абмяркоўваюцца: «Калі вырашана — паеду». І ў красавіку 1985 году ён выправіўся ў Аўганістан, дзе савецкія войскі ўжо больш як пяць гадоў ваявалі з тамтэйшымі партызанамі.
Кола абавязкаў загадзя не акрэсьлівалася, пэрсанальная адказнасьць вызначалася па прыбыцьці. З пачаткам савецкай акупацыі Аўганістан падзялілі на восем вайскова-адміністрацыйных зонаў, якімі кіравалі мясцовыя чыноўнікі, а дарадцы з СССР дапамагалі парадамі.
Чым займаўся савецкі дарадца ў Аўганістане
Іосіф Навумчык стаў дарадцам Цэнтральнага Камітэту КПСС пры ЦК кампартыі Аўганістану па зоне «Цэнтар» — сюды ўваходзілі Кабул плюс шэсьць правінцый. На падшэфнай тэрыторыі працавалі і іншыя службоўцы, камандзіраваныя зь Беларусі.
У Царандоі (аўганскай паліцыі) — палкоўнік міліцыі зь Менску Мікалай Чаргінец. У вайсковым ведамстве — экс-камандзір дывізіі спэцназу ў Мар’інай Горцы Юры Цьвердахлебаў. Ад КДБ у ХАД (спэцслужбах Аўганістану) — прадстаўнік КДБ СССР Геронці Лазовік. Партыйны дарадца рашэньнем Палітбюро ЦК КПСС лічыўся каардынатарам усіх астатніх савецкіх прадстаўнікоў у сваёй зоне.
«Маім „падсаветным“ быў Абдула Зухур Размджо: кандыдат у члены палітбюро ЦК Народна-дэмакратычнай партыі Аўганістану (НДПА), кіраўнік кабульскай гарадзкой партыйнай арганізацыі і рады штабу вайскова-адміністрацыйнай зоны „Кабул-цэнтар“, — успамінае Іосіф Навумчык. — Вельмі прыстойны чалавек і добра адукаваны спэцыяліст, інжынэр, зь ім мы мелі ня толькі працоўныя, а і сяброўскія адносіны. Ужо за талібамі перажыў шмат суровых выпрабаваньняў, яго пакідала па сьвеце, але ўрэшце вярнуўся дадому. Сувязь падтрымліваем дагэтуль».
Пэрсанальнай аховы ў Іосіфа Навумчыка не было, але на выпадак надзвычайнай сытуацыі ўзброілі пісталетам ТТ, аўтаматам Калашнікава, камплектам гранат і рацыяй. Прымяніць зброю не давялося.
Зона «Кабул-цэнтар» займала тэрыторыю 47 тысяч квадратных кілямэтраў, жыло там 3,5 мільёна чалавек, згадвае суразмоўца. А вакол дзейнічалі каля 40 тысяч муджагедаў.
«Гэта была вялікая сіла з прадстаўнікоў апазыцыйных груповак — адкрытых ворагаў улады, усталяванай у Аўганістане з дапамогай СССР. У мяне склаліся добрыя, нават сяброўскія адносіны з камандуючым 40-й арміяй Віктарам Дубыніным, камандзірам 103-й дэсантнай дывізіі Паўлам Грачовым, прадстаўніком Мінабароны Барысам Громавым (усе яны потым занялі віднае месца ў крамлёўскай эліце). Паколькі мы былі дарадцамі аўганцаў, падчас ваенных апэрацый выляталі на верталётах у зону баявых дзеяньняў», — тлумачыць спадар Навумчык.
Побытавыя ўмовы ў «савецкім раёне» Кабулу
Вайсковым чынам не дазвалялася прывозіць у Аўганістан жонак і наагул сем’і. А вось для дарадцаў ад партыйных органаў і сілавых структураў, якія працавалі ў Кабуле, такой забароны не было. Амаль год разам зь Іосіфам Адамавічам была ягоная жонка Роза Ягораўна. Яны згадваюць, што побытавыя ўмовы былі спартанскія, але не найгоршыя. Жылі не ў вайсковай частцы, а разам з аўганскімі сем’ямі ў так званым «савецкім раёне» — гэта былі звычайныя панэльныя пяціпавярховікі з выгодамі. Зрэшты, бальшыня насельніцтва краіны пра такое жытло і ня марыла.
«Харчаваліся з рынку: сам ідзеш ці просіш перакладчыка-таджыка, каб узяў мяса, бульбы, памідораў. Раз на месяц у пасольскай краме мелі магчымасьць атаварыцца „дэфіцытам“: масла, сыр, мука, слодычы. Спачатку можна было купіць нават па бутэльцы гарэлкі і віна, потым толькі віно. Заўсёды падзелісься з кіроўцам, які вазіў нас на „Волзе“, адсыплеш цукерак для ягоных чатырох дзяцей. Ты да іх па-людзку, і яны таксама. Не любілі толькі ганарыстага стаўленьня: у вас тут сярэднявечча, вы непісьменныя, нічога не разумееце. Вельмі хваравіта такое ўспрымалі».
Дзеля справядлівасьці, адчуваньня абароненасьці не было нават у кампаніі з праверанымі людзьмі. Як кажа Іосіф Адамавіч, ніхто ня мог гарантаваць, што не паўторыцца трагічная гісторыя, якая здарылася незадоўга да ягонага прыезду ў Аўганістан.
«Кожны дзень экстрэмальны. Каб не расслабляліся, расказалі такі выпадак. Міліцэйскага дарадцу вазіў аўганец. І адносіны добрыя, але злавілі кіроўцу муджагеды: прывязеш нам падпалкоўніка — або можаш разьвітацца з жонкай і дзецьмі. Ну, ён і пайшоў на здраду. Лёс таго чалавека быў трагічны. Дый наагул: ідзе вайна, а рэкамэндавалі не „сьвяціць зброяй“ — каб не падумалі, што вайскоўцы ў цывільным. Я пісталет насіў у кішэні, а калі ў пінжаку, то ў кабуры пад пахай — падарунак ад Мечыслава Грыба. Аўтамат бралі толькі на выезды за межы Кабулу».
А не напружвала партыйца, што за чатыры гады да таго ў Гераце зьнік бязь вестак камсамольскі работнік Генадзь Кулажанка, камандзіраваны з таго ж Віцебску? Ці было ўражаньне, што маеш справу з рулеткай, дзе стаўка — уласнае жыцьцё?
«Я яго добра ведаў: рашучы, амбітны, — згадвае Іосіф Адамавіч. — Раз на два месяцы ў савецкай амбасадзе зьбіралі дарадцаў — ваенных, кадэбэшных, партыйных, міністэрскіх, моладзевых. Генадзь мусіў быць таксама. Але забыўся ў гатэлі паперы, хацеў вярнуцца. Недаравальная памылка — нам было забаронена карыстацца таксі. Хоць я і сам парушаў: прылятаеш пасярод ночы з Парвану, нечым трэба даехаць дадому. На выезды ў правінцыі бралі пісталет, аўтамат, да Зухура быў прыстаўлены ахоўнік са службы бясьпекі. Але што пару ствалоў супраць банды?».
Як ставіліся аўганцы да ідэй сацыялізму
Масква ставіла дарадцам задачу: спрыяць падвышэньню аўтарытэту дзяржаўных і партыйных органаў, вырашаць на падкантрольных тэрыторыях пытаньні, зьвязаныя з гандлем, адукацыяй, мэдычным абслугоўваньнем. Аднак хутка стала зразумела, што займацца мірным будаўніцтвам ва ўмовах баявых дзеяньняў практычна немагчыма. Прычым, удакладняе Іосіф Навумчык, было ўражаньне, што ад ідэі замірэньня далёкія ня толькі муджагеды, але і крамлёўскія куратары.
Яшчэ на ўстаноўчым зьезьдзе НДПА 1 студзеня 1965 году была прынятая доўгатэрміновая праграма разьвіцьця. Дэкляравалася, што Аўганістан ад гэтага часу кіруецца вучэньнем марксізму-ленінізму і прыступае да пабудовы сацыялізму. Што, на перакананьне Іосіфа Навумчыка, стала стратэгічнай памылкай і адштурхнула ад чужой ідэалёгіі мусульманскае ў масе сваёй насельніцтва.
Па яго словах, у фактычна фэадальнай краіне зь несфармаванай грамадзянскай супольнасьцю падобныя рэформы былі асуджаныя на правал: большасьць аўганцаў ніколі б не падпарадкавалася «няверным».
«Зусім ня ўлічвалася, што зямля па законах шарыяту — не асабістая ўласнасьць, гэта ўласнасьць Усявышняга. За першыя гады народнай улады аўганскім кіраўнікам так і не ўдалося знайсьці агульную мову з мусульманскімі сьвятарамі. Ігнаравалася, што ў кожным кішлаку (іх толькі ў нашай зоне налічвалася звыш 5,5 тысячы) мула — і старэйшына, і настаўнік, і судзьдзя. І з гэтымі людзьмі трэба было найперш усталёўваць разумныя, спакойныя партнэрскія адносіны. Але як у нас рэлігія была абвешчаная злом, у тым жа напрамку рухаліся і новыя аўганскія ўлады».
Нават савецкім кантралёрам стала зразумела: вайсковае супрацьстаяньне нічога ня дасьць. Як кажа Іосіф Навумчык, толькі ў дзьвюх правінцыях ягонай зоны — з цэнтрамі ў Кабуле і Парване, дзе стаялі вайсковыя базы і была значная канцэнтрацыя вайскоўцаў — большая палова кішлакоў была пад апекай «народнай улады». У чатырох астатніх да 90% населеных пунктаў кантралявалі муджагеды.
«Такая сытуацыя патрабавала новых рашэньняў, — працягвае ён. — У тым ліку з нашай падачы пад канец 1985 году на пленуме ЦК НДПА была агучаная палітыка нацыянальнага прымірэньня. Аднак гэтыя захады сустрэлі нечаканы супраціў часткі палітычнай эліты: маўляў, як мірыцца з тымі, хто з намі ваюе? У кіраўніцтве партыі адбыўся раскол. У канцы красавіка 1986-га на гутарцы ў ЦК КПСС Бабрак Кармаль даў згоду скласьці абавязкі генэральнага сакратара ЦК НДПА і застацца толькі старшынём рэвалюцыйнай рады».
Неўрадлівая глеба для савецкай мадэлі
Замест Бабрака Кармаля, які ў выніку сілавой апэрацыі савецкага спэцназу ў сьнежні 1979 году замяніў забітага прэзыдэнта Хафізулу Аміна, на палітычнай арэне зьявілася новая фігура — Махамад Наджыбула. Аднак і пры ім спроба нацыянальнага прымірэньня ня мела асаблівага плёну, чалавечыя страты з двух бакоў толькі расьлі. Нягледзячы на адсутнасьць уцямных пэрспэктываў, савецкае кіраўніцтва не адкінула спробы прышчапіць Аўганістану сацыялістычную мадэль.
«Наша дзейнасьць працягвалася — ад арганізацыі прызыву ў войска мясцовых мужчын да сфэры адукацыі, — кажа былы дарадца. — На той час 90% аўганскага насельніцтва было непісьменным. І мне даволі шчыльна гэтым пытаньнем даводзілася займацца.
Я пабываў ва ўсіх чатырох інстытутах Кабулу, многіх школах і ліцэях, па выніках правялі вялікую нараду з кіраўніцтвам зоны і гораду. І хоць хваліцца асабліва не было чым, тым ня меней за два гады колькасьць вучняў у сталіцы і шасьці правінцыях павялічылася на 25 тысяч. Што не магло ня цешыць».
Падчас сваёй камандзіроўкі Іосіф Навумчык быў удзельнікам Лая-джыргі — нерэгулярная ўсеаўганская рада старэйшын і правадыроў плямёнаў склікаецца, каб вырашаць асабліва важныя пытаньні.
Ня раз кантактаваў з аўганскімі лідэрамі Бабракам Кармалем і Махамэдам Наджыбулой — і на афіцыйных паседжаньнях, і нефармальна. Некаторыя члены палітбюро кіроўнай аўганскай партыі — як другі сакратар ЦК Ахмад Нур — гасьцявалі ў ягонай кватэры, заходзілі на гарбату.
«Прызнаюся, што з маёй ініцыятывы ў Кабуле ўпершыню правялі дзень інфармаваньня, калі партыйныя кіраўнікі выйшлі ў працоўныя калектывы. Мы з Зухурам Размджо суправаджалі Бабрака Кармаля на транспартнае СП „Афсотр“. Ён гадзіны паўтары выступаў, затым адказваў на пытаньні. Пасьля ў нефармальнай абстаноўцы папілі гарбаты, сфатаграфаваліся. Другі раз быў зь ім на камбінаце хлебабулачных вырабаў, таксама сустрэча зь людзьмі. А калі генсекам стаў Наджыбула, тыдні праз два ён запрасіў да сябе партыйных дарадцаў. Мы выказвалі свае думкі, ён слухаў, раіўся».
Лёс абодвух лідэраў кіроўнай аўганскай партыі незайздросны. У канцы 1986 году Бабрак Кармаль пакінуў пасаду старшыні рэвалюцыйнай рады. Апасаючыся перасьледу, зьехаў у Маскву, дзе быў фактычна пад хатнім арыштам — кола ягоных зносін строга кантралявалася спэцслужбамі. На чужыне ў канцы 1996-га ён і памёр.
Махамад Наджыбула праз тры гады пасьля вываду савецкіх войскаў з Аўганістану быў зрынуты ўзброенай апазыцыяй. Да 1996-га хаваўся на тэрыторыі місіі ААН у Кабуле, але ўрэшце талібы схапілі яго, закатавалі і павесілі ўсім напаказ.
Чым скончылася савецкая прысутнасьць у Аўганістане
Аналітыкі дагэтуль дыскутуюць, ці не занадта пасьпешліва адбыўся вывад савецкіх войскаў з Аўганістану? Бо атрымалася, што акупавалі краіну, нарабілі незваротных памылак і ганебна зьбеглі. Як мяркуе Іосіф Навумчык, рашэньне адносна выхаду правільнае, але наступствы яго прадумваліся не да канца: у перамовах, якія СССР на чале зь Міхаілам Гарбачовым вёў з ЗША, краінамі Эўропы і мусульманскімі суседзямі, трэба было абавязкова ўздымаць пытаньне аб уводзе «блакітных касак» ААН.
«Сёньня міратворцы знаходзяцца шмат у якіх гарачых кропках. Безумоўна, былі б яны да месца і там, — разважае былы савецкі дарадца. — А то атрымалася як? Мы адтуль сышлі, разваліўся Саюз, стала не да Аўганістану. Ва ўмовах безуладзьдзя рух „Талібан“ захапіў Кабул і абвясьціў свой цемрашальскі рэжым. Талібы забаранілі радыё, тэлебачаньне, навучаньне; зьнішчылі гістарычныя і архітэктурныя помнікі сусьветнага значэньня. Увялі правілы і законы, аналяг якім цяжка знайсьці нават у самых адсталых кутках сьвету».
Пры гэтым Іосіф Навумчык перакананы, што Злучаныя Штаты абсалютна правільна адрэагавалі на геапалітычную сытуацыю, калі ў кааліцыі з NATO ўвялі войскі ў Аўганістан — іначай спыніць талібаў было ўжо немагчыма.
«Калі часьцяком гавораць, што ЗША „захапілі Аўганістан“, гэтая ацэнка несправядлівая, — лічыць ён. — Войскі NATO ўвайшлі па лініі Рады Бясьпекі ААН і зрабілі добрую справу. Была цалкам ачышчаная ад талібаў поўнач краіны, Кабул ды іншыя цэнтры. Зрэшты, нягледзячы на наступ, апазыцыя не супакоілася, грамадзянская вайна працягвалася. І яшчэ адно назіраньне. Адрозна ад нас, натаўцы там не займаюцца пытаньнямі, зьвязанымі з цывільным жыцьцём. Яны рэагуюць толькі на надзвычайную сытуацыю: тэракт, абстрэл ці напад на пункты іх дысьлякацыі».
За намаганьні ў справе выбудоўваньня мірнага жыцьця ў Аўганістане Іосіф Навумчык атрымаў трэці для яго ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга. Ён згадвае, што адпаведны ўказ зьявіўся 8 сьнежня 1986 году, а роўна праз тыдзень група дарадцаў адляцела ў Маскву. 20-месячная камандзіроўка на вайну завяршылася.
Таксама ў беларускага дарадцы ёсьць шматлікія аўганскія дзяржаўныя ўзнагароды. Прычым як афіцыйныя мэдалі і граматы, так і традыцыйныя са старых часоў знакі пашаны — напрыклад, унікальная баявая шабля ХІХ стагодзьдзя. А мэханічным гадзіньнікам з гравіроўкай Іосіф Адамавіч карыстаецца да гэтага часу.
Беларусы ў аўганскай вайне
- Зьвесткі пра колькасьць беларускіх ахвяраў 10-гадовай аўганскай вайны разыходзяцца: ад 711 да 789 загінулых з агульнага ліку больш як 30 тысяч мабілізаваных (хібнасьць даюць тыя, хто памёр неўзабаве пасьля дэмабілізацыі).
- Прыблізна 1500 беларусаў атрымалі раненьні, больш за палову параненых вярнуліся інвалідамі.
- Яшчэ 12 прозьвішчаў значацца ў пераліку зьніклых бязь вестак ці ўзятых у палон — прычым гэта ня толькі вайскоўцы, а і цывільныя.
- Грамадзянская вайна ў Аўганістане пачалася зь дзяржаўнага перавароту ў 1978 годзе, калі Народна-дэмакратычная партыя скінула аўтарытарную дыктатуру Мухамэда Дауда, а ісламская апазыцыя пачала супраціўляцца рэформам. СССР увёў войскі ў Аўганістан у 1979 годзе на просьбу прасавецкага аўганскага кіраўніцтва. ЗША ў той час сакрэтна падтрымлівалі антыўрадавыя сілы — муджагедаў.
- Вывад савецкіх войскаў пачаўся ўвесну 1988 году на падставе Жэнэўскага пагадненьня аб палітычным урэгуляваньні сытуацыі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Аўганістан. Апошняя калёна перасекла мяжу 15 лютага 1989-га: гэты дзень лічыцца афіцыйным канцом той вайны.
- Агулам за ўсю кампанію праз Аўганістан прайшлі больш за паўмільёна салдат і цывільных з усіх былых саюзных рэспублік. Былі забітыя і памерлі ад хвароб 13 833 чалавекі, паранена блізу 50 тысяч. Інвалідамі сталі каля 7 тысяч, яшчэ тры сотні зьніклі бязь вестак.
- Пасьля вываду савецкіх войскаў у Аўганістане працягнуліся войны: неўзабаве муджагеды зрынулі прасавецкі ўрад, зь імі пачаў ваяваць радыкальны рух «Талібан». У 2001 годзе ў краіну ўвялі свае войскі ЗША і іншыя чальцы NATO, а талібаў падтрымалі тэрарысты «Аль-Каіды», але дамагчыся кантролю над усёй краінай нікому не ўдалося і сёньня.