Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 19 лютага заявіў, што хацеў бы завяршэньня паўночнакарэйскай ядзернай праграмы, аднак ня бачыць неабходнасьці ў сьпешцы і не настойвае на вызначэньні канкрэтнай даты поўнага ядзернага раззбраеньня Пхэньяну, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Трамп сказаў пра гэта, размаўляючы з журналістамі ў Белым доме з нагоды падпісаньня «Палажэньня аб палітыцы ў галіне космасу — 4 (SPD-4)».
Адказваючы на пытаньне пра свой будучы саміт з паўночнакарэйскім лідэрам Кім Чэн Ынам, які пройдзе ў Віетнаме з 27 па 28 лютага, Трамп пацьвердзіў, што ЗША не плянуюць адмены санкцый у дачыненьні Пхэньяну. Аднак, паводле амэрыканскага прэзыдэнта, варта ўлічыць, што ўлады Паўночнай Карэі ў апошні час не праводзілі ні ракетных, ні ядзерных выпрабаваньняў.
«Я нікуды не сьпяшаюся. Выпрабаваньняў няма... Калі [правядуць] выпрабаваньне, размова будзе іншай... У канчатковым выніку хацелася б убачыць поўную дэнуклеарызацыю Паўночнай Карэі», — заявіў Трамп.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сустрэча лідэраў ЗША і КНДР адбудзецца ў Віетнаме 27 і 28 лютага, — ТрампЯк падкрэсьліў у час сёньняшняга брыфінгу прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту Робэрт Паладына, у замежнапалітычным ведамстве ўпэўнены, што «прэзыдэнт Трамп і старшыня Кім выканаюць абавязаньні, узятыя імі ў час саміту ў Сынгапуры».
Паладына пацьвердзіў, што галоўнай задачай перамоў стане канчатковае ядзернае раззбраеньне Пхэньяну. Да выкананьня гэтай мэты санкцыі супраць паўночнакарэйскага рэжыму застануцца ў сіле, падкрэсьліў прэс-сакратар.
Як паведамілі ў Дзярждэпартамэнце, у аўторак спэцпрадстаўнік ЗША па Паўночнай Карэі Стывен Біган адправіўся ў Ханой для падрыхтоўкі да правядзеньня другога саміту Трамп і Кім Чэн Ына. Паладына не расказаў падрабязнасьцяў пра паездку Бігана ў Віетнам.
Спэцпрадстаўнік ЗША з 6 па 8 лютага знаходзіўся ў Паўночнай Карэі, займаючыся падрыхтоўкай да саміту, які пройдзе на наступным тыдні.