17 лютага ў сталіцы Ўкраіны прайшла акцыя пратэсту супраць «фэйкавых мітынгаў». Шэраг украінскіх СМІ сьцьвярджае, што акцыю арганізавалі пранкеры, якія абяцалі заплаціць удзельнікам і не заплацілі.
Выданьне «Новое время» вяло відэарэпартаж зь «мітынгу супраць праплочаных мітынгаў». Ніводзін з апытаных удзельнікаў ня змог падрабязна растлумачыць прычыны пратэсту. Выданьне сьцьвярджае, нібы ўдзельнікам абяцалі па 130 грывень (10 беларускіх рублёў) за акцыю.
Палітоляг Юрый Раманенка называе падобныя лічбы: 130–150 грывень за дзьве гадзіны акцыі супраць праплочаных мітынгаў. Ён сьцьвярджае, што людзі «стаялі з 10 да 12, а потым даведаліся, што іх „кінулі“».
Раней украінскія пранкеры зьбіралі мітынгі за няісных кандыдатаў у прэзыдэнты: 10 лютага ў Адэсе і Кіеве за нейкага Сяргея Філатава, 14 лютага ў Харкаве за нейкага Анатоля Арапрыенку. Да таго ўкраінскія палітыкі і актывісты ня раз сьцьвярджалі, што розныя палітычныя сілы ладзяць праплочаныя мітынгі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што рабіць бацькам, калі дзіця «заганяюць» у БРСМ