Міністэрства замежных спраў Беларусі расказала, што Аляксандар Лукашэнка зьбіраўся наведаць 55-ю Мюнхэнскую канфэрэнцыю па бясьпецы 15–17 лютага. Раней ён ні разу ня ўдзельнічаў у Мюнхэнскай канфэрэнцыі.
Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз пацьвердзіў, што на адрас Лукашэнкі паступала запрашэньне: арганізатары прапаноўвалі яму ўзяць удзел у панэльнай дыскусіі «Стасункі Ўсход-Захад» з удзелам прэзыдэнтаў Азэрбайджану і Ўкраіны, прэм’ера Грузіі, а таксама Генэральнага сакратара АБСЭ.
Але на канфэрэнцыю паедуць амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Дзяніс Сідарэнка і старшыня КДБ Валер Вакульчык.
«Беларускім бокам рыхтаваўся візыт кіраўніка дзяржавы ў Мюнхэн, — расказаў Глаз. — Аднак літаральна ў самы апошні момант узьніклі пэўныя часавыя накладкі. У сувязі зь неабходнасьцю вырашэньня важных пытаньняў беларуска-расейскіх стасункаў у час перагавораў з прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімірам Пуціным у Сочы гэтым разам удзел у Мюнхэнскай канфэрэнцыі на ўзроўні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь не ўявіўся магчымым».
Аляксандар Лукашэнка зь вечара 12 лютага знаходзіцца ў расейскім Сочы. 15 лютага ён заявіў, што за тры дні перамоваў з Уладзімірам Пуціным ён не абмяркоўваў ні кампэнсацыю падатковага манэўру, ні сувэрэнітэт. Пра іншыя істотныя вынікі перамоваў не паведамлялася — перадавалася толькі, што Пуцін і Лукашэнка пакаталіся на лыжах пасьля перамоваў 13 лютага, а 14 лютага Лукашэнка ўзяў удзел у нефармальным чаяваньні з кіраўнікамі Ірану, Расеі і Турэччыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакатаўся на лыжах, папіў гарбаты. Лукашэнка ў трэці дзень у Сочы плянуе абмеркаваць з Пуціным інтэграцыю і адукацыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: за тры дні з Пуціным не абмяркоўвалі ні падатковы манэўр, ні сувэрэнітэт ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Мы заўтра можам аб’яднацца. Але ці гатовыя вы, расейцы і беларусы?»Экспэрт: Верагодна, нешта ня склалася па часе
Кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўген Прэйгерман выказаў Свабодзе свае меркаваньні наконт таго, чаму ў Мюнхэн не паедуць ні Лукашэнка, ні кіраўнік МЗС Уладзімер Макей, а паедзе старшыня КДБ Валер Вакульчык.
«Усе апошнія гады на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы Беларусь прадстаўляў міністар замежных спраў Уладзімер Макей. Чаму ён не паехаў туды сёлета? Ня думаю, што адбылося нешта надзвычайнае. Найверагодней, таксама нешта ня склалася па часе», — сказаў Прэйгерман.
Паводле яго, «стасункі ў Макея вельмі добрыя, асабліва пасьля менскай часткі Мюнхэнскай канфэрэнцыі».
«Ведаю, што і старшыня канфэрэнцыі Вольфганг Ішынгер, і іншыя ўплывовыя людзі засталіся вельмі задаволеныя яе правядзеньнем».
Яўген Прэйгерман таксама не зьдзівіўся паездцы ў Мюнхэн старшыні КДБ Беларусі.
«У рамках Мюнхэнскай канфэрэнцыі звычайна праводзіцца круглы стол кіраўнікоў спэцслужбаў. Дарэчы, калі летась „малая“ Мюнхэнская канфэрэнцыя праводзілася ў Менску, у іх тут было асобнае паседжаньне. Шмат хто прыяжджаў. Карацей, у іх свае інтарэсы плюс удзел у шырэйшай праграме», — сказаў кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг».
Што такое Мюнхэнская канфэрэнцыя
Мюнхэнская канфэрэнцыя па бясьпецы — адзін з самых важных у сьвеце нефармальных форумаў, на якім абмяркоўваюцца актуальныя міжнародныя праблемы.
Пасяджэньні канфэрэнцыі традыцыйна праводзяцца штогод у лютым у сталіцы нямецкай Баварыі. Акрамя сваёй штогадовай канфэрэнцыі ў Мюнхэне, Фонд Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы (МКБ) рэгулярна арганізуе сустрэчы ўплывовых асобаў па ўсім сьвеце. Для таго каб ахапіць тэмы для канкрэтнага рэгіёну, Фонд разам з нацыянальнымі ўрадамі і буйнымі мясцовымі партнэрамі ладзяць так званыя сустрэчы Асноўнай групы МКБ.
Такая сустрэча Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы праходзіла і ў Менску 31 кастрычніка — 1 лістапада 2018 году. Аляксандар Лукашэнка браў у ёй асабісты ўдзел.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што важнага вырашала Асноўная група Мюнхэнскай канфэрэнцыі, якая пачынаецца ў Менску ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму менавіта ў Беларусі пройдзе важная сустрэча Мюнхэнскай канфэрэнцыі? Тлумачыць нямецкі палітоляг ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Мюнхэнскай канфэрэнцыі бясьпекі ацаніў прапановы Лукашэнкі наконт Данбасу