Адміністрацыя Фрунзэнскага раёну Менску падвяла вынікі грамадзкага абмеркаваньня забудовы былой вёскі Сухарава.
З 79 дамоў у прыватным сэктары пакінуць 19, а 50 зьнясуць. Царкве хрысьціян поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё» рэкамэндавана шукаць новую пляцоўку — на месцы ранейшага памяшканьня заплянавана ўзьвесьці школу з басэйнам. Вернікі дамагаюцца сустрэчы са старшынём Менгарвыканкаму Анатолем Сіваком.
Рэстарацыі ня будзе
Само грамадзкае абмеркаваньне праекту дэталёвай забудовы раёну, якое прайшло 16 студзеня, было вельмі гарачым і эмацыйным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі застанецца царква, школы ня будзе». У Сухараве абмеркавалі пляны зносу і забудовы. Было горачаНа сайце адміністрацыі Фрунзэнскага райвыканкаму апублікаваны выніковы пратакол.
Зь яго відаць, што ўсяго паступіла 349 электронных зваротаў, 111 пісьмовых (зь іх 12 калектыўных), а таксама 61 зварот у журнале рэгістрацыі пісьмовых заўваг і прапаноў. З 521 звароту ў 459 было выказана нязгода з праектнымі рашэньнямі, прапанаванымі архітэктарамі. Ніводзін чалавек не падтрымаў «пэрспэктыўных прапаноў» аўтараў праекту.
З 79 прыватных будынкаў, якія меркавалася зьнесьці, 19 рэкамэндавана захаваць. Адмовіліся ўлады ад ідэі пабудаваць у жылым масіве рэстарацыю на 100 наведнікаў.
Замест царквы хочуць збудаваць школу
Найбольш вострую дыскусію на грамадзкіх слуханьнях выклікала прапанова зьнесьці царкву «Новае жыцьцё», якая ўжо больш за 25 гадоў разьмяшчаецца ў будынку былога кароўніку, які вернікі прывялі ў парадак. На месцы храма прапанавана пабудаваць школу на 1241 вучня з басэйнам.
Паводле намесьніка начальніка ўпраўленьня архітэктуры і будаўніцтва Фрунзэнскага раёну Паўла Тумаса, «выкарыстаньне кароўніка ў якасьці культавага будынка супярэчыць дзейнаму заканадаўству».
Таму «рэкамэндавана распрацоўшчыку праекту разгледзець разьмяшчэньне царквы „Новае жыцьцё“ па-за межамі гэтага праекту», фактычна ў іншым месцы.
Адміністратар царквы «Новае жыцьцё» Віталь Антончыкаў сказаў Свабодзе, што вернікі спадзяюцца на сустрэчу з новым старшынём Менгарвыканкаму — яны напісалі ліст на імя Анатоля Сівака і атрымалі адказ, што неўзабаве вернікаў запросяць на сустрэчу.
«Мы спадзяёмся на цывілізаваны шлях далейшага разьвіцьця падзей — што нам пакінуць гэты будынак. Бо выкідваць царкву, куды мы ўклалі столькі сіл, намаганьняў, фінансаў, несправядліва. Нікому канфлікт не патрэбен. Таму працягваем маліцца. Так што пакуль усе спадзяваньні — на старшыню Менгарвыканкаму Анатоля Сівака», — кажа Віталь Антончыкаў.
У 2002 годзе царква «Новае жыцьцё» выкупіла занядбаны кароўнік на ўскрайку гораду, адрамантавала яго, і з 2004 году там адбываюцца набажэнствы. У 2005-м гарадзкія ўлады пазбавілі рэлігійную суполку права карыстаньня зямельным участкам, які раней быў выдзелены царкве бестэрмінова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Менску хочуць зьнесьці царкву «Новае жыцьцё», каб пабудаваць школу з басэйнамУ 2006 годзе, каб прыцягнуць увагу да праблемаў царквы, вернікі правялі галадоўку-пост, якая доўжылася каля месяца. Сытуацыя вакол царквы набыла шырокі грамадзкі розгалас і міжнародны рэзананс.
У 2009 годзе суд пазбавіў суполку права ўласнасьці на будынак царквы па вуліцы Кавалёва, 72.
Цяперашні ўласьнік будынка, ЖРЭА Маскоўскага раёну Менску, ня раз зьвяртаўся ў эканамічны суд з патрабаваньнем прымусіць царкву «Новае жыцьцё» вызваліць памяшканьне.
Згодна з новым плянам забудовы раёну, на месцы царквы вырашана пабудаваць школу з басэйнам.