Знак павінен ушанаваць памяць жыхароў Беларусі негабрэйскага паходжаньня, якія ў час Другой сусьветнай вайны ратавалі габрэяў ад Галакосту.
Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры атрымала згоду ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на працу ў стварэньні мэмарыяльнага знака праведнікам сьвету.
Гэта стала нагодай для чацьвёртай сустрэчы аргкамітэту стварэньня знака ў Гістарычнай майстэрні Леаніда Левіна на вуліцы Сухой.
Паводле колькасьці праведнікаў народаў сьвету, Беларусь займае восьмае месца ў сьвеце: гэтае званьне ўжо атрымалі каля 900 чалавек. На афіцыйным узроўні памяць пра гэтых асобаў ушанаваная толькі ў выглядзе алеі каля мэмарыялу «Яма» ў Менску.
Аўтарская задума Леаніда Левіна прадугледжвала ў архітэктурным праекце мэмарыялу «Яма» асобную частку, на якой павінны былі быць адзначаныя прозьвішчы Праведнікаў сьвету зь Беларусі. Але з розных прычын гэтая задума не была выкананая і ўвасабленьне сёньняшняга мэмарыялу няпоўнае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафэсар Сьмілавіцкі: «Галакост — неад’емная частка трагедыі ўсёй Беларусі»На сустрэчы аргкамітэту прысутнічалі сем сяброў розных ініцыятыў і арганізацый, у тым ліку Галіна Левіна (Архітэктурная майстэрня Леаніда Левіна), каардынатар праекту «Прыпынак Адамовіча» Андрусь Архіпенка, намесьнік старшыні Рады ЗБС «Бацькаўшчына» Валер Герасімаў, а таксама прадстаўнікі габрэйскіх грамадзкіх арганізацый.
Падчас сустрэчы былі разьмеркаваныя кірункі дзейнасьці і адказнасьць паміж удзельнікамі. Дзейнасьць сяброў аргкамітэту будзе скіраваная ў асноўным на практычны аспэкт пытаньня ўстаноўкі помніка: удакладненьне беларускай часткі сьпісу праведнікаў сьвету, камунікацыю наконт спрыяньня дзяржавы праз Фонд культуры, пераклад імёнаў на беларускую мову, збор сродкаў і г.д.
На гэтым этапе вырашаецца, якая з грамадзкіх арганізацый выступіць у ролі заказчыка знака. Неўзабаве на разгляд у манумэнтальную раду пры Мінгарвыканкаме будзе пададзены неабходны пакет дакумэнтаў, і, як толькі праект знака будзе ўхвалены, аргкамітэт пачне кампанію збору сродкаў.