Намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Аляксандар Корбут падтрымаў будаўніцтва ў Менску заводу для спальваньня сьмецьця.
Адказваючы на пытаньне пра стаўленьне да будаўніцтва ў Менску прадпрыемства па спальваньні сьмецьця, Аляксандр Корбут сказаў:
«З экалягічнага пункту гледжаньня мы гэтую ініцыятыву падтрымліваем».
Паводле чыноўніка, цяпер усясьветны ўзровень здабываньня другасных матэрыяльных рэсурсаў з адыходаў складае ня болей за 25%. У Беларусі гэты паказьнік роўны 19%.
«Таму трэба будаваць завод, які будзе адпавядаць усім экалягічным патрабаваньням. Такія заводы ёсьць у Эўразьвязе, і там ніякага паху ад іх няма. Проста трэба выбраць тэхналёгію, якая будзе адпавядаць усясьветным стандартам», — сказаў намесьнік міністра.
Пляцоўка пад будаўніцтва заводу для спальваньня сьмецьця будзе разьмешчаная ў раёне палігону цьвёрдых камунальных адходаў «Трасьцянецкі». Корбут сказаў, што тэндэр для будаўнікоў новага прадпрыемства пройдзе ў бліжэйшыя паўтара-два месяцы.
Першы ў Беларусі такі завод зможа перапрацоўваць 500 тысяч тон сьмецьця ў год і вырабляць цеплавую і электрычную энэргію.
У праект будаўніцтва гэтага заводу інвэстар павінен будзе ўкласьці каля 300 мільёнаў эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Погляд са сьметніцы. «Па сьмецьці відаць, хто багацейшы, а хто бяднейшы»Узьвядзеньне заводу для спальваньня сьмецьця крытыкуюць эколягі. Яны адзначаюць, што пры ўтылізацыі 100 тон сьмецьця застаецца каля 25 тон попелу, які ўсё роўна трэба недзе пахаваць. Хвалюе іх і тое, што ў выніку спальваньня сьмецьця ў паветра трапляе шмат небясьпечных рэчываў, якія могуць нанесьці шкоду і чалавеку, і прыродзе.
Дачнікі будуць па-новаму плаціць за вываз сьмецьця
У аснову аплаты пакладуць не аб’ём, а вагу адкідаў. Перайсьці на новую сыстэму зьбіраюцца ўжо ў 2019 годзе. Пра гэта таксама сказаў намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Аляксандар Корбут.
«Цяпер камунальнікаў, якія займаюцца вывазам сьмецьця, не цікавіць, што, напрыклад, адзін кантэйнэр запоўнены напалову, а другі — на траціну. Бо садаводы плацяць за колькасьць вывезеных кантэйнэраў, незалежна ад іх рэальнай запаўняльнасьці. А зь пераходам на аплату за вагу становішча прынцыпова зьменіцца», — патлумачыў чыноўнік.
Аляксандар Корбут дадаў, што пакуль камунальнікі падпісваюць дамовы на вываз сьмецьця з кіраўніцтвам садовых таварыстваў, а ў пэрспэктыве падобныя дакумэнты падпішуць з уладальнікам кожнага лецішча.
Усталяваньне кантэйнэраў у садаводзтвах паказала, што пасьля гэтага сьмецьця пад платамі, у лясах і на схілах рэк стала істотна меней, падкрэсьліў Аляксандар Корбут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Беларусі сартуюць сьмецьце