Экс-прэзыдэнта Армэніі абвінавацілі яшчэ і ў атрыманьні хабару

Роберт Качар'ян.

Сьледчая служба Армэніі выставіла новае абвінавачаньне экс-прэзыдэнту Роберту Качар’яну, які знаходзіцца пад арыштам па раней вынесеным абвінавачаньні ў зьвяржэньні канстытуцыйнага ладу.

«Качар’яну выстаўленае абвінавачваньне — атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры», — паведамілі ў офісе каманды адвакатаў Качар’яна.

Роберта Качар’яна, які быў прэзыдэнтам Армэніі з 1998 па 2008 год, 26 ліпеня абвінавацілі ў зьвяржэньні канстытуцыйнага ладу. Абвінавачваньне высунулі ў межах крымінальнай справы аб падзеях 1 сакавіка 2008 году, паведамляе Настоящее время.

1 сакавіка 2008 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамогу атрымаў Серж Саргсьян, адбыліся акцыі пратэсту. Падчас сутыкненьняў паміж сілавікамі і актывістамі загінулі дзесяць чалавек, сотні былі параненыя. Абставіны таго, як гэта здарылася, і хто аддаў загад прымяніць сілу супраць пратэстоўцаў, да гэтага часу застаюцца нявысьветленымі. Прэзыдэнтам Армэніі на той момант быў Роберт Качар’ян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У палітыцы «ніколі не кажы ніколі». Што яшчэ казаў арыштаваны экс-прэзыдэнт Армэніі

Кіраўнік Спэцыяльнай сьледчай службы Сасун Хачатр’ян 11 верасьня 2018 году заявіў, што ў пратэстоўцаў страляла армія: «Падчас нашага расьсьледаваньня ўжо ўстаноўлена, што войска ня толькі ўдзельнічала ў падзеях 1 сакавіка, але і страляла, армія страляла ў напрамку людзей, дамоў, — сказаў ён. — Гэта значыць армія ў поўнай меры ўдзельнічала ў гэтых дзеяньнях. На дадзены момант я ня ведаю, як былыя кіраўнікі нашай краіны растлумачаць, як яны зрабілі салдат арміі наймітамі».

  • «Справа 1 сакавіка» доўгі час не расьсьледавалася, але было зноў адноўленая пасьля «Аксамітнай рэвалюцыі» 2018 году і прыходу да ўлады ў Армэніі Нікола Пашыньяна.
  • 27 ліпеня мінулага года экс-прэзыдэнта Армэніі арыштавалі на два месяцы. Сам Качар’ян раней назваў абвінавачваньні «вендэтай».
  • 13 жніўня Апэляцыйны суд задаволіў хадайніцтва адвакатаў экс-прэзыдэнта і зьмяніў для яго меру стрыманьня, вызваліўшы яго з-пад варты. 46 дэпутатаў Нацыянальнага сходу Армэніі прадставілі ў суд даручальніцтва для вызваленьня экс-прэзыдэнта.
  • У сьнежні мінулага году Качар’яна зноў арыштавалі.
  • Акрамя Качар’яна, па «справе 1 сакавіка» праходзяць таксама: былы міністар абароны Армэніі Мікаэл Артуюньян (цяпер ён знаходзіцца ў вышуку) і Юрый Хачатураў, які ў 2008 годзе ён камандаваў ерэванскім гарнізонам, а цяпер знаходзіцца на пасадзе генэральнага сакратара АДКБ.