З траўня 2003-га па люты 2016 году Дзьмітры Жук узначальваў інфармацыйнае агенцтва БелТА.
Дзьмітры Жук выступіў на працэсе 13 лютага першым, з траўня 2003 па люты 2016 году Жук узначальваў інфармацыйнае агенцтва БелТА. Ён расказаў, у чым заключаліся перавагі платнай падпіскі на інфармацыйную стужку БелТА, а таксама паведаміў, што падначаленыя яму супрацоўнікі выданьняў «Рэспубліка» (уваходзіць у холдынг былой «Советской Белоруссии») і «Беларусь сегодня» мелі праблемы з доступам да платных сэрвісаў БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачаўся суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». ВІДЭА«Перабоі з доступам адбіваюцца на працы ўсёй рэдакцыі, — расказаў Дзьмітры Жук. — Нашы супрацоўнікі сутыкнуліся з гэтым. Не маглі зайсьці са сваім лагінам і паролем, чалавека выкідвала з сыстэмы. Мы зьвярнуліся ў БелТА з просьбай патлумачыць, што адбываецца».
Таксама Дзьмітры Жук расказаў, што яго падначаленыя не маглі перадаць свае паролі доступу да платных сэрвісаў БелТА іншым людзям, бо ў іхных кантрактах ёсьць пункт аб невыдаваньні службовай інфармацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лічу, што ў маіх дзеяньнях няма складу злачынства». Марына Золатава не прызнала віныПа словах галоўнага рэдактара «Беларусь сегодня» і былога кіраўніка агенцтва БелТА, прадстаўнікі парталу TUT.BY ніколі не зьвярталіся ў БелТА, каб аформіць платную падпіску на прадукты агенцтва. Дзьмітры Жук таксама расказаў, што, быўшы кіраўніком агенцтва, атрымліваў звароты падпісчыкаў, дзе гаварылася аб праблемах з доступам да падпіскі.
«Гэтыя звароты былі хутчэй зьвязаныя з тэхнічнымі пытаньнямі, — расказаў Жук. — А ня з тым, што хтосьці заходзіў на сэрвіс з дапамогай чужога пароля».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БелТА рассылала паролі да платнага доступу факсамДзьмітры Жук пацьвердзіў, што ў дамове аб аказаньні платных паслуг агенцтвам БелТА, у тым ліку афармленьні платнай падпіскі на стужку інфармацыйных матэрыялаў, не было пункту аб забароне перадачы лагінаў і пароляў трэцім асобам. Паводле былога кіраўніка БелТА, на кожную юрыдычную асобу выдаваўся адзін лагін і адзін пароль. Імі маглі карыстацца ўсе супрацоўнікі выданьняў і СМІ, якія афармлялі платную падпіску на матэрыялы БелТА.
Адказваючы на пытаньні Марыны Золатавай, Дзьмітры Жук паведаміў, што праблемы з доступам да стужкі БелТА ў журналістаў «Рэспублікі» і «Беларусь сегодня» пачаліся толькі ў красавіку 2018 году. Жук сьцьвярджае, што дзеяньні падначаленых Марыны Золатавай перашкаджалі працаваць журналістам «Беларусь сегодня» і «Рэспублікі». Яны не маглі своечасова заходзіць на стужку БелТА і атрымліваць там інфармацыю, таму што ў гэты час іхныя паролі і лагіны выкарыстоўвалі журналісты парталу TUT.BY.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта падрыў аўтарытэту агенцтва». У судзе над Золатавай выступіла гендырэктар БелТАТаксама падчас допыту Дзьмітры Жук расказаў, як «справа БелТА» прычыніла шкоду «Беларусь сегодня».
«Па-першае, наш сайт стаў спазьняцца (праз праблемы з доступам да стужкі БелТА. — РС), — сказаў галоўны рэдактар СБ. — Па-другое, адбыліся іміджавыя страты. Пачаўся ціск на нашых журналістаў, напрыклад у сацыяльных сетках. Гэта, на жаль, мела месца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ўлады баяцца Марыны Золатавай больш, чым расейскіх тэлеканалаўСуд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць
- Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
- Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
- 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
- Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
- «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
- Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
- Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
- Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.