Сама меней да канца тыдня ў Стоўпцах і раёне будзе дзейнічаць мараторый на забаўляльныя імпрэзы. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў мясцовым выканкаме.
«Жалоба ў нас аб’яўляецца толькі прэзыдэнтам краіны. Аднак усе забаўляльныя імпрэзы, якія належаць да сфэры нашай кампэтэнцыі, спыненыя: ніякіх канцэртаў, дыскатэк, вечарын. Выдадзены адмысловы загад аб гэтым», — адзначыў Свабодзе начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і ў справах моладзі Стаўпецкага райвыканкаму Дзьмітры Сьлясарчык.
Чыноўнік не ўдакладніў, як доўга будзе дзейнічаць такі рэжым, але ня выключыў, што захопіць і наступны тыдзень.
«Пакуль такія імпрэзы адмянілі да канцы тыдня, але ня выключана, што працягнем і далей — прынамсі будзем такі варыянт абмяркоўваць. Нам яшчэ трэба перажыць вельмі складаны сёньняшні дзень — дзень пахаваньняў», — сказаў Дзьмітры Сьлясарчык.
Раней у Стаўпецкім райвыканкаме Свабодзе паведамілі, што 13 лютага пройдзе разьвітаньне з ахвярамі нападу ў школе № 2 — аб 11-й гадзіне з настаўніцай Марынай Пархімовіч і аб 11.30 з вучнем Аляксандрам Р. Яны загінулі 11 лютага ад рукі мясцовага старшаклясьніка Вадзіма М. Яшчэ два школьнікі былі параненыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Параненых вучняў стаўпецкай школы перавялі з рэанімацыі ў хірургіюМарыну Пархімовіч пасьля адпяваньня пахаваюць на могілках роднай для яе вёсцы Шашкі, Аляксандра пасьля царквы павязуць на гарадзкія могілкі.
Рашэньнем сэсіі раённага савета дэпутатаў пацярпелым далі матэрыяльную дапамогу: па 400 базавых велічынь сем’ям загінулых і па 200 базавых — сем’ям параненых юнакоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вадзім сам здаўся». Бацькі распавялі пра затрыманага ў Стоўпцах сына і паказалі ягоны пакойЗабойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.