Забойствы ў Стоўпцах: пастка рацыянальнасьці

Трагедыя ў школе ўражвае тым, што адносна яе не спрацоўваюць звыклыя тлумачэньні. Ад пачатку дадам, што ўсе дэталі пакуль невядомыя. Але звычайна сур’ёзныя прычыны ў такіх справах усплываюць адразу. У гэтай жа справе чым далей, тым менш зразумела.

Сьцісла:

  • Звыклыя тлумачэньні не пасуюць да трагедыі ў Стоўпцах
  • Рэакцыя ўсіх на стаўбцоўскія забойствы — зьбянтэжанасьць і неадэкватнасьць папрокаў і прапановаў падзеі
  • Д’яблам апантаны: магчыма, такая старамодная несучасная ацэнка — самая адэкватная

Ніводнае звыклае тлумачэньне не пасуе

Праблемная сям’я, праблемны падлетак? Ды не, ніхто пра гэта не гаворыць — ні суседзі, ні аднаклясьнікі падазраванага, ні настаўнікі. Нармальная звычайная сям’я, хлопец хутчэй дамасед. Цкаваньне ў школе, зьдзекі? Пакуль пра гэта выразна не заяўляюць. Пра настаўніцу сьведчыць тое, што дзеці кінуліся яе абараняць, ратаваць, рызыкуючы сваім жыцьцём. Не за кожную кінуліся б.

Ну і ўражваюць словы і рэакцыя маці падазраванага: ня толькі яе поўная роспач, неразуменьне, з чаго, але і словы сына, якія ён, па яе словах, сказаў бацьку — «Я нічога ня памятаю, я нічога ня ведаю».

Паўтаруся: усе дэталі пакуль невядомыя. Зразумела, аднак, што звыклыя тлумачэньні, калі яны прыдатныя, таксама мала што тлумачаць. Шмат праблемных сем’яў, дзеці нярэдка цкуюць адны адных, настаўнікі розныя бываюць. Аднак ня ўсе дзеці з псыхалягічнымі цяжкасьцямі рэжуць сваіх настаўнікаў і аднаклясьнікаў. Так што калі нават гэта ўсё ёсьць, забіваюць не таму. Ці ня толькі таму. А зь нейкай іншай, можа галоўнай прычыны.

А тут наагул нічога няма, ніякіх рацыянальных тлумачэньняў. І таму ў рэакцыях самых розных людзей выразны чыньнік — зьбянтэжанасьць, неадпаведнасьць папрокаў і прапановаў падзеі.

Парад разгубленасьцяў

Піша паважаная Ганна Севярынец, таксама настаўніца — шмат гвалту ў шоў-бізнэсе. Шмат. І мільёны дзяцей тое бачаць. І ня рэжуць нікога. І што рабіць, калі шмат — да камісіі Чаргінца зьвярнуцца, каб забараніў? Дык сама Ганна скажа, што ня трэба. А што можна зрабіць?

Вось яшчэ адно падобнае меркаваньне — Мікалая Іванчанкі, былога памочніка прэзыдэнта: «Ідзе хваля гвалту з экранаў. Паглядзіце гэтыя расейскія фільмы!»

Паглядзіце амэрыканскія, нямецкія, любыя. Дык мільёны і глядзяць. І гэта тлумачэньне?

Ці экспэрт разважае: ціхі быў хлопчык, дык менавіта ў ціхіх часам такое і здараецца, трэба ім асаблівую ўвагу. Дык і ад ня ціхіх бывае ўсякае — і імі трэба займацца, і ціхімі. Атрымліваецца, што ўсімі трэба займацца. А калі? І як? Не прыставіш жа да кожнага падлетка прафэсійнага псыхоляга, а ў настаўніцы 24 гадзіны ў суткі, шмат іншай працы.

Фрэнд у ФБ заўважае — дык гэта таму што Лукашэнка. Ну як жа безь яго? Але ў Амэрыцы — Трамп. А да яго быў Абама. Не дыктатары, здаецца, але там падобныя гісторыі, ды яшчэ і з агнястрэльнай зброяй — ледзь не штомесяц. Трамп вінаваты.

Ну там можна сказаць, што ў зброі справа. Але той жа стаўбцоўскі выпадак паказвае, што зброяй можа быць усё. І таксама развагі — а як ён прайшоў з нажом у школу? Ну дык школа — гэта не аэрапорт. Рамкі паўсюль не паставіш.

Насамрэч ня менш зьбянтэжанай была і рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі. Поўны бардак у нас ў адукацыі — вынес вэрдыкт кіраўнік дзяржавы. Вельмі можа быць. Можна нават прыгадаць, што дзяржавай, дзе такі бардак, ён кіруе ўжо амаль чвэрць стагодзьдзя, і новага міністра адукацыі ён жа нядаўна прызначыў. Але ў пэўнае апраўданьне і кіраўніка дзяржавы, і міністра можна спытаць — а адсутнасьць бардаку як бы менавіта гэтую трагедыю прадухіліла?

Што канкрэтна зьмяніла б? Ператварыць кожную школу у вайсковы форт, ставіць міліцэйскі пост? Дарэчы, праваахоўныя органы патлумачылі, што нейкія мінімальныя меры бясьпекі ў той школе былі. І міліцыя адрэагавала на злачынства даволі хутка.

Можа быць самую глыбокую рэч сказаў архібіскуп Тадэвуш Кандрусэвіч, заўважыўшы, што «Тры пакаленьні атэізацыі не прайшлі дарма».

Ну літаральна і гэтыя словы — хутчэй паказьнік той самай разгубленасьці. Ужо як людзі рэзалі адзін аднаго падчас рэлігійных войнаў, дык куды ўжо цяперашняму ўзроўню гвалту да таго. І Амэрыка, дзе такія выпадкі, паўтаруся, адбываюцца з сумнай рэгулярнасьцю, вельмі рэлігійная краіна, у адрозьненьні ад сэкулярызаванай Беларусі.

Д’ябал у яго ўсяліўся

Але думка сьвятара — і пра стаўленьне да трагедыі. Ня надта адукаваная бабуля — глыбокая верніца — сказала б пра стаўпецкага Вадзіма М. — д’ябал яго апанаваў. Старамодна так, несучасна, ненавукова.

А можа — гэта і ёсьць самае дакладнае тлумачэньне. Не, абцяжараныя ведай прафэсіяналы-псыхолягі можа скажуць пра імгненнае вар’яцтва, памутненьне розуму. Але хіба гэта ня тое самае, толькі абгорнутае ў сучасныя словы, што і сэнтэнцыя наконт д’ябла?

Яно не заўсёды так. Але ў стаўпецкім выпадку — падаецца, што так.
Мы — людзі рацыянальнай, людзі сэкулярнай эпохі. Але пра бездані, пекла чалавечай душы мы па сутнасьці ведаем столькі ж, колькі і нашы продкі.

Але мы дзеці сваёй эпохі, мы ня можам без рацыянальных тлумачэньняў. Мы іх шукаем і прыдумляем. І бянтэжымся, калі адчуваем, што яны — не да справы, на халастым ходзе.

Поўны бардак, гвалт ў рэкляме і шоў-бізнэсе — кепска, зразумела. Мы ж ня можам сказаць: а нічога нельга было зрабіць, ніяк нельга было вось менавіта гэтае злачынства прадухіліць. Іншыя — можна было. А гэтае — не.

І нічога, ніякія меры паўтарэньне ізноў жа менавіта такога злачынства не прадухіляць. Але ж такое страшна сказаць.

Не, бардак выправіць — дык варта, выхаваньнем дзяцей займацца і сапраўды трэба. Аднак вы і праўда верыце, што гэта перашкодзіць д’яблу ўсяліцца ў яшчэ адну чалавечую душу?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.