Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел накіраваў спачуваньне на імя старшыні Стаўпецкага райвыканкаму Дзяніса Калясені з нагоды нападу ў школе нумар 2.
У ім мітрапаліт заявіў пра «глыбокае маральнае пашкоджаньне душы» стаўпецкага злачынцы.
«З пачуцьцём глыбокага смутку і болю даведаўся пра трагедыю, якая адбылася ў сярэдняй школе № 2 Стоўпцаў, дзе ў выніку нападу зламысьніка загінулі настаўніца і адзін з вучняў, а два атрымалі раненьні. Просім перадаць шчырае спачуваньне і словы падтрымкі родным і блізкім загінулых і пацярпелых», — гаворыцца ў тэлеграме, якую публікуе сайт Беларускай праваслаўнай царквы.
Як адзначыў мітрапаліт Павел, забойства нявінных людзей сьведчыць пра «глыбокае маральнае пашкоджаньне душы юнага злачынца». Ён выказаў спадзяваньне, што сумеснымі намаганьнямі дзяржавы і грамадзтва будзе зроблена ўсё магчымае дзеля расьсьледаваньня абставінаў надзвычайнага здарэньня і прадухіленьня падобных трагедый у будучыні.
Са словамі спачуваньня сваякам ахвяраў і пацярпелым выступіў і каталіцкі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Ён адзначыў, што тры пакаленьні атэізацыі не прайшлі дарма: у выніку гэтага працэсу чалавек адарваўся ад каранёў духоўнага жыцьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арцыбіскуп Кандрусевіч пра забойствы ў Стоўпцах: «Тры пакаленьні атэізацыі не прайшлі дарма»