Падчас ІІ Эўрапейскіх гульняў, якія пройдуць 21-30 чэрвеня ў Менску, арганізуюць спэцыяльныя пункты, дзе кожны зможа бясплатна памяняць пачак цыгарэт на сувэнір з эмблемай гэтага спартовага форуму.
Пра такую магчымасьць 12 лютага паведаміў журналістам намесьнік кіраўніка дырэкцыі ІІ Эўрапейскіх гульняў Анатоль Котаў.
Паводле яго, у Менску будуць аформленыя спэцыяльныя стэнды, дзе кожны, хто захоча пазбавіцца ад цыгарэт, цыгараў і тытуню, зможа іх здаць,а ўзамен атрымаць сувэнір з эмблемай Эўрапейскіх гульняў.
Таксама дырэкцыя гульняў прадугледзела прызы для тых, хто кіне паліць не пазьней, чым за два месяцы да пачатку гульняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для Эўрапейскіх гульняў ня могуць знайсьці спонсараўАрганізатары гульняў зьбіраюцца паказальна зьнішчыць сабраныя цыгарэты.
Акцыя праходзіць у рамках праграмы «Гульні без тытуню». Кожнае спартовае спаборніцтва, на задумку арганізатара, будзе свабодным ад курэньня. Будуць вызначаныя спэцыяльныя месцы па-за межамі спартовых зонаў, дзе той, хто яшчэ ня кінуў гэтай шкоднай звычкі, зможа курыць.
Сёньня ж арганізатары гульняў адкрылі спэцыяльны праект «Зорныя амбасадары ІІ Эўрапейскіх спартовых гульняў». Першыя два сэртыфікаты амбасадараў атрымалі алімпійскі чэмпіён у фэхтаваньні Аляксандар Раманькоў і Міс Беларусь-2018 Марыя Васілевіч.
Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць
Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.
- На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
- За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
- З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
- Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.
- Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
- Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.