Прэмʼер-міністар Беларусі Сяргей Румас сказаў, што незадаволены пошукам спонсараў для правядзеньня ІІ Эўрапейскіх гульняў у Менску, паведамляе прэс-служба Савету Міністраў.
Такую заяву Румас зрабіў пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янэзам Каціянчычам. Сам жа Каціянчыч задаволены падрыхтоўкай да турніру.
Паводле Румаса, эўрапейскія алімпійскія камітэты паводле кантракту мусілі прыцягнуць буйных міжнародных спонсараў, аднак беларускі бок гэтай працай незадаволены.
Бакі дамовіліся, што Беларусь возьме на сябе працу па прыцягненьні спонсараў у «прэміяльных сэктарах»:
- нафтаперапрацоўка;
- банкаўская справа;
- напоі.
Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць
Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.
- На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
- За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
- З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
- Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.
- Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
- Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.