Чаму міністар адукацыі не наведаў стаўпецкую школу?

Ігар Карпенка

Міністар адукацыі Беларусі Ігар Карпенка не наведаў стаўпецкую школу № 2 пасьля трагедыі, якая здарылася 11 лютага.

Прэсавая сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая ў камэнтары Радыё Свабода сказала, што міністар, аднак, «на сувязі з усімі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра стаўпецкую трагедыю: «Вінаватыя ўсе»

«Калі там здарылася трагедыя, на месцы працавала сьледчая брыгада. Што там будзе рабіць міністар у гэты час? Ён на сувязі з усімі, зь Міністэрствам аховы здароўя. Міністар аховы здароўя наведаў гэтых дзяцей у бальніцы. Цяпер там працуюць прадстаўнікі нашага міністэрства, нашы псыхолягі. Мы выказалі спачуваньні бацькам і настаўнікам і дзецям. Будзе аказаная матэрыяльная дапамога ад сыстэмы адукацыі», — сказала Людміла Высоцкая.

Потым Высоцкая ўдакладніла, што «міністар наведае стаўпецкую школу пазьней».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто з чыноўнікаў наведаў Стоўпцы і як дзяржаўныя СМІ асьвятлялі трагедыю

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

  • Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
  • 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.