30-гадовая жанчына павесілася пасьля таго, як чацьвярых яе дзяцей забралі ў прытулак. Трагедыя здарылася ў вёсцы Вайкунцы Воранаўскага раёну Горадзенскай вобласьці 7 лютага. 5 лютага падобная трагедыя здарылася з 32-гадовай маці траіх дзяцей з Гомельскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жанчыну, якая засілілася, бо ёй пагражалі адабраць дзяцей, пахавалі ў доўг
Засілілася ў дзень, калі забралі дзяцей
Тацяна Б. з мужам Андрэем гадавалі чацьвярых дзяцей ва ўзросьце 13, 12, 11 і 4 гады.
Па словах Андрэя, дзяцей забралі зь сямʼі ўдзень 7 лютага. Памерлую жонку ён знайшоў у той жа дзень увечары.
«Бацька пайшоў кабана пакарміць, ня здолеў летнюю кухню адамкнуць. Калі дзьверы адчыніў, яна там вісела. Ён прыбег, мне сказаў. Я яе прыпадняў. Бацька перарэзаў вяроўку. Я выклікаў „хуткую“», — успамінае мужчына.
Аднак выратаваць Тацяну не ўдалося.
Перад сьмерцю Тацяна нікому не казала пра сваё рашэньне, не пакінула запіскі. Імаверна, апошняй, з кім жанчына нядоўга гаварыла па тэлефоне, была цётка.
Апошнімі словамі нябожчыцы былі: «Скончаны баль, патухлі сьвечкі», — пераказвае муж.
«То антысанітарыя, то лядоўня пустая... Абое пілі»
Муж і жонка працавалі на фэрме: Андрэй даглядчыкам жывёлаў, Тацяна вартаўніцай.
Сямʼю паставілі на ўлік як такую, што знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы (СНС) у 2014 годзе. Тады жанчына паехала нараджаць малодшую дачку нецьвярозай, патлумачыла аднавяскоўка Ганна, якая працуе ў Пагародзенскай сярэдняй школе.
Сямʼю тройчы то ставілі, то здымалі з уліку як СНС.
«То антысанітарыя, то лядоўня пустая. Яны абое патроху пастаянна пілі, абое стаялі на ўліку ў нарколяга. Але не сварыліся, ня біліся», — кажа аб прычынах пастаноўкі на ўлік СНС Ганна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апаленыя дэкрэтам № 18. За што могуць адабраць дзіцяПаводле яе, бацькоў пэрыядычна здымалі з уліку, «патуралі».
«Праца зь імі праводзілася вялікая. Вырашылі забраць дзяцей, каб быў час падумаць, каб узбударажыць з гэтае нагоды, каб задумаліся, бо выпраўленьня не было», — тлумачыць настаўніца.
Яна сказала, што забіраць дзяцей зь сямʼі — звычайная практыка. Часта потым вяртаюць, калі бацькі хаця бы трохі выпраўляюцца. У іхнай школе такія выпадкі ўжо былі. Гэтым бацькам таксама тлумачылі, што дзяцей можна вярнуць.
«На нас моцна наехала школа»
На пытаньне, чаму жонка наклала на сябе рукі, Андрэй адказвае:
«Я нічога не магу сказаць. Проста на нас у студзені моцна наехала школа, калі мы атрымалі кватэру».
Сужэнцы летась у сьнежні атрымалі кватэру ў Воранаве як шматдзетная сямʼя. Аднак адразу не было сродкаў, каб купіць і перавезьці мэблю, таму пераезд адкладалі. У той жа час правяральнікі настойвалі, каб сямʼя пераехала хутчэй. Калі іх апошні раз з жонкай выклікалі ў школу, дамовіліся, што яны пераедуць да 14 лютага.
У мужчыны сваё бачаньне, чаму забралі дзяцей. Андрэй кажа, праверкі пачасьціліся ў студзені. Ён памятае, што заўвагу наконт злоўжываньня жонкай алькаголем правяральнікі зрабілі толькі адзін раз, пасьля Новага году, 2 студзеня. Галоўнай прэтэнзіяй, на ягоную думку, быў беспарадак дома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад 1 лютага cацыяльна небясьпечным становішча вызначаюць па-новаму. Якая роля лекараў, мільцыянтаў, настаўнікаўЁн патлумачыў, што жонка, акрамя сваёй асноўнай працы, замяняла калегу, які трапіў у шпіталь. Таму яны часта з раніцы да позьняга вечара былі на працы.
«Бывала, не пасьпявалі посуд памыць. Яны прыедуць — то посуд брудны, то нешта яшчэ. За гэта да нас і прычапіліся», — кажа Андрэй.
У той дзень сужэнцы абмяркоўвалі, як найхутчэй палепшыць умовы пражываньня і вярнуць дзяцей дадому.
З нагоды сьмерці жонкі Андрэй плянуе зьвяртацца ў пракуратуру з просьбай разабрацца, ці вінаваты нехта ў тым, што здарылася.
«Я проста так гэтага не пакіну», — кажа ён і пачынае плакаць.
Суседка: «Калі трэба дапамагчы, Тацяна першая была»
Суседка Часлава расказала, што Тацяна і Андрэй былі нармальнай вясковай сямʼёй. Што Тацяна была працавітай. Калі трэба было дапамагчы аднавяскоўцам, то яна была першай.
«Можа, і выпівалі. Цяжка сказаць, калі разам не жывеш», — камэнтуе жанчына.
Другая суседка, Ірына, адзначыла, што сямʼя трымала вялікую гаспадарку: тры каровы, сьвіньні, агарод. Прадавалі сваю бульбу, здавалі малако. Каб купіць мэблю ў новую кватэру, прадалі адну карову і цяля.
«Не скажу, што яны былі прапашчыя людзі. Можа калі крыху выпівалі, але не скажу, што валяліся. Ніколі ня біліся паміж сабой, ніколі на іх міліцыю не выклікалі», — кажа Ірына.
Суседка заўважае, што яны былі прыязнымі людзьмі, гатовымі дапамагчы па гаспадарцы. Дзеці заўсёды віталіся, у школе вучыліся зь сярэднімі посьпехамі. Але былі дагледжаныя, адзетыя, абутыя.
Ірына згаджаецца, што хата, у якой жыла сямʼя, была старэнькай, простай, з прыбіральняй на вуліцы і вадой са студні. У хаце мог быць беспарадак. Аднак сужэнцы выпраўлялі недахопы, якія ім закідалі: клеілі шпалеры, фарбавалі сьцены.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады вызначылі, якое становішча дзяцей сацыяльна небясьпечнаеДзяцей адпусьцілі на пахаваньне
Тацяну пахавалі 9 лютага. На пахаваньне дазволілі прыехаць дзецям.
«Дзеці, вядома, плакалі. Не перадаць словамі іхны стан», — кажа Ірына.
Тацяна і Андрэй рэгулярна хадзілі ў касьцёл. Сьвятар, нягледзячы на самагубства, дазволіў унесьці труну ў храм, маліўся за нябожчыцу.
Цяпер дзеці знаходзяцца ў Радуньскім сацыяльна-пэдагагічным цэнтры. Бацька плянуе пераехаць у новую кватэру, знайсьці працу ў Воранаве і як мага хутчэй забраць дзяцей.
Дырэктар школы: «Камэнтароў не даю»
Дырэктарка Пагародзенскай сярэдняй школы, дзе вучацца дзеці нябожчыцы, Галіна Талайкоўская, адмовілася ад камэнтароў.
«У першую чаргу я дбаю аб правах непаўналетніх. Па-другое, вядзецца сьледзтва. У мэтах невыдаваньня я ніякіх камэнтароў пра гэта не даю», —сказала Галіна Талайкоўская.
У той жа час яна пракамэнтавала сытуацыю для «Воранаўскай газэты».
«У поле зроку калектыву нашай школы гэтая сямʼя трапіла ў жніўні 2014 году ў сувязі з выяўленьнем фактаў спажываньня бацькамі алькагольных напояў, невыкананьня рэкамэндацый мэдыцынскіх работнікаў па выніках мэдаглядаў дзяцей-школьнікаў. Пры наведваньні сямʼі ў хаце неаднаразова выяўляліся выпадкі адсутнасьці прадуктаў і прыгатаванай ежы, дзіцячага адзеньня па сэзоне і ўзросьце. Не выконваліся захады пажарнай бясьпекі. У доме стаяў смурод, было брудна і холадна».
Атрымаць камэнтар у аддзеле адукацыі Воранаўскага райвыканкаму не атрымалася.
СК: праводзіцца праверка
Афіцыйны прадстаўнік УСК Горадзенскай вобласьці Сяргей Шаршаневіч сказаў, што праводзіцца праверка па факце сьмерці жыхаркі Воранаўскага раёну.
«Каб вызначыць прычыну сьмерці, у гэты момант прызначана судова-мэдыцынская экспэртыза. Усе акалічнасьці будуць высьветленыя падчас правядзеньня праверачных і працэсуальных дзеяньняў. Папярэднія дадзеныя сьведчаць, што сьмерць жанчыны ня носіць крымінальнага характару», — растлумачыў Шаршаневіч.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.