У Менску пачаўся суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». ВІДЭА

Марына Золатава

У судзе Заводзкага раёну Менску 12 лютага пачаўся крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу tut.by Марыны Золатавай. Яна застаецца адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».

Свабода вядзе рэпартаж з судовай залі.

Працэс адбываецца ў памяшканьні суду Маскоўскага раёну Менску (праспэкт газэты «Правда», 27).

На ўваходзе ў залю стаяла 2 рамкі мэталашукальнікаў

Справу Золатавай будзе весьці судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.

Судзьдзя Аляксандар Петраш

09:56. У залі зьявілася Марына Золатава. Поўная заля, якая ўмяшчае 170 чалавек, сустрэла галоўную рэдактарку Tut.by воплескамі.

Судовая заля сустрэла Золатаву 2-хвіліннымі авацыямі

09:58. Супрацоўнікі суду папрасілі журналістаў не затрымліваць пачатак судовага працэсу. Судзьдзя забараніў фота- і відэаздымкі.

10:11. У судзе прысутнічаюць прадстаўнікі грамадзянскіх пазоўнікаў, піша Tut.by. Інтарэсы БелТА прадстаўляюць адвакаты Ліскоўскі і Панкоў, ад выдавецкага дому «Беларусь сегодня» — намесьнік рэдактара аддзелу праўнай інфармацыі Аляксей Шпілеўскі.

Дзяржаўныя пазоўнікі

10:28. БелТА заявіла пра дадатковы пазоў памерам 6 тысяч рублёў для аплаты адвакатаў, нанятых агенцтвам на суд супраць яе Золатавай. Суд пазоў задаволіў.

10:30. Прадстаўнік БелТА выступае за правядзеньне паседжаньня ў закрытым рэжыме дзеля «абароны інфармацыі». Супраць гэтага хадайніцтва выступіла пракурор Юлія Харчэйкіна, сама Марына Золатава і яе адвакат Вараб’ёва. Суддзя хадайніцтва аб закрытым працэсе не задаволіў.

Пракурор Юлія Харчэйкіна

10:54. Паводле пракурора Харчэйкінай, сутнасьць дапушчанага Марынай Золатавай злачыннага дзеяньня палягае на тым, што яна не перашкаджала шэрагу сваіх падначаленых карыстацца чужымі паролямі да платнай падпіскі інфармацыйнага агенцтва БелТА. Пры гэтым, як адзначыла пракурор Харчэйкіна, Золатава «загадзя ведала пра неабходнасьць афармленьня адпаведнай дамовы з інфармагенцтвам БелТА».

Чытаючы тэкст абвінавачваньня, пракурор пералічыла супрацоўнікаў партала TUT.BY, якія, паводле вэрсіі сьледзтва, карысталіся паролямі. А таксама агучыла інфармацыю, якім выданьням належалі гэтыя паролі доступу: выданьням «Рэспубліка», «КП в Белоруссии», «Беларусь Сегодня».

11:02. БелТА назвала суму нанесенай шкоды — 52 320 рублёў.

11:11. «Лічу, што ў маіх дзеяньнях няма складу злачынства». Марына Золатава не прызнала віны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лічу, што ў маіх дзеяньнях няма складу злачынства». Марына Золатава не прызнала віны

Што трэба ведаць аб «справе БелТА»

«Справа БелТА» пачалася 7 жніўня 2018 году зь ператрусаў у рэдакцыях парталу ТUT.BY i БелаПАН, а таксама ў кватэрах некаторых рэдактараў і журналістаў выданьняў.

У той жа дзень былі затрыманыя галоўны рэдактар ТUT.BY Марына Золатава, рэдактары парталу Ганна Калтыгіна, Галіна Ўласік і Ганна Ермачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік гэтага інфармагенцтва Тацяна Каравянкова. Акрамя таго, праваахоўнікі таксама затрымалі карэспандэнта радыёстанцыі «Нямецкая хваля» Паўлюка Быкоўскага і рэдактара інтэрнэт-сайту газэты «Беларусы і рынак» Аляксея Жукава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На месца Tut.by прыйдуць не „Свабода“ і „Наша Ніва“, а расейскія СМІ», — Золатава

Усе затрыманыя журналісты і рэдактары правялі ў ізалятары на завулку Акрэсьціна па некалькі содняў. Іх адпусьцілі на свабоду пасьля шэрагу допытаў у Сьледчым камітэце.

Агульная прычына затрыманьняў журналістаў — несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Большасьць зь іх падазравалі ў тым, што журналісты карысталіся парольным доступам да інфармацыі дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА, не набыўшы доступу да платнага кантэнту ў агенцтва, а атрымаўшы пароль іншым шляхам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа БелТА». СК адмовіўся спыніць крымінальны перасьлед галоўнай рэдактаркі Tut.by

За што судзяць Марыну Золатаву

Марына Золатава засталася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА». Паводле вэрсіі сьледзтва, яна дапусьціла злачынства бязьдзейнасьці як кіраўніца сайту.

Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зісер: Любы прысуд Золатавай, акрамя апраўдальнага, зробіць зь Беларусі краіну-ізгоя

Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў хадайніцтвам Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу. Заканадаўства прадугледжвае магчымасьць спыніць крымінальную справу ў выпадку, калі злачынца зрабіў правапарушэньне ўпершыню і яно не ўяўляе для грамадзтва вялікай небясьпекі.

Усе астатнія фігуранты, 14 супрацоўнікаў розных СМІ, былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасьці з прыцягненьнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаны кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.