МУС і Сьледчы камітэт распавялі пра барацьбу са злачыннасьцю ў сфэры высокіх тэхналёгій.
Летась на 53% павялічылася колькасьць зарэгістраваных кібэрзлачынстваў — з 3099 у 2017 годзе да 4741 у 2018-м.
- Зь іх асабліва цяжкіх злачынстваў — 1,3%,
- менш цяжкіх — 78%,
- злачынстваў, што не ўяўляюць вялікай грамадзкай небясьпекі — 20,7%.
Тры чвэрці ўсіх кібэрзлачынстваў былі зьвязаныя з крадзяжамі пры дапамозе кампутарнай тэхнікі.
Самае распаўсюджанае злачынства — узлом акаўнта ў сацыяльных сетках.
«Зламысьнікі ўзломваюць акаўнт у сацсетках, пасьля чаго ад імя законнага ўладальніка пішуць сябрам, пад розным выглядам завалодваюць рэквізытамі банкаўскіх карт, іншай банкаўскай інфармацыяй», — сказаў намесьнік начальніка ўпраўленьня па раскрыцьці злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгій МУС Кірыл Вяткін.
Часьцей за ўсё кібэрзлачынствы ўчыняюць юнакі 18–20 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якімі будуць смартфоны ў 2019 годзеПадрыхтаваны праект закону аб абароне пэрсанальных дадзеных
У красавіку ў Палаце прадстаўнікоў плянуюць разгледзець праект закону аб абароне пэрсанальных дадзеных, — сказаў дырэктар Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Вадзім Іпатаў.
«Праект закону зьяўляецца цэласным, сыстэмным дакумэнтам, які рэгулюе ўсе пытаньні, пачынаючы ад тэрміналёгіі. Ён дакладна вызначае, што такое пэрсанальныя дадзеныя, правілы гульні для ўсіх суб’ектаў збору, апрацоўкі, перадачы пэрсанальных дадзеных, дакладна агаворвае правы фізычных асобаў, як павінны апрацоўвацца і абараняцца дадзеныя, у якіх сытуацыях чалавек можа запатрабаваць, каб яго пэрсанальныя дадзеныя былі выдаленыя з усіх баз. Будзе і орган нагляду за выкананьнем заканадаўства», — сказаў Вадзім Іпатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баяцца хакераў ці дзяржавы? 9 пытаньняў і адказаў пра вашы зьвесткі ў інтэрнэцеЗа лайкі і рэпосты могуць пасадзіць
На пытаньне Свабоды, ці лічацца лайкі і рэпосты пастоў у сацыяльных сетках, асабліва што тычыцца матэрыялаў парнаграфічнага ці экстрэмісцкага характару, распаўсюдам інфармацыі, старшы сьледчы па асабліва важных справах Сьледчага камітэту Іван Судніковіч адказаў, што кожны канкрэтны выпадак разглядаецца асобна.
«Калі ты робіш лайк ці рэпост і нават не задумваесься, што ён будзе агульнадаступны, фармальна гэта распаўсюд.
Калі ў выніку тваіх дзеяньняў парнаграфічныя матэрыялы сталі агульнадаступнымі альбо даступнымі хоць адной асобе, гэта лічыцца распаўсюдам парнаграфічных матэрыялаў.
Калі ты лайкаеш, гэта зьяўляецца на тваёй старонцы, і ўсе, хто заходзіць на тваю старонку, гэта бачаць. Гэта прыклад некваліфікаванага злачынства», — патлумачыў Іван Судніковіч.
Прадстаўнікі Сьледчага камітэту і МУС адмовіліся камэнтаваць «справу БелТА»
Пракамэнтаваць самую, бадай, гучную справу ў сфэры кібэрзлачынстваў — справу БелТА, калі журналістаў парталу Tut.by, БелаПАНу і іншых СМІ абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да інфармацыі, супрацоўнікі МУС і Сьледчага камітэту адмовіліся.
«Сьледчы камітэт расьсьледаваў гэтую крымінальную справу, перадаў пракурору для накіраваньня ў суд, справа знаходзіцца ў судзе. Толькі суд на дадзены момант кампэтэнтны рабіць нейкія заявы. Пакуль справа ня будзе разгледжана, ніякіх камэнтароў ня будзе. Сьледчы камітэт з дазволу суду дасьць камэнтар, зыходзячы з судовага сьледзтва, калі будзе ўстаноўлена ісьціна. Сьледчае расьсьледаваньне і судовае расьсьледаваньне — гэта два розныя віды», — патлумачыў старшы сьледчы па асабліва важных справах Сьледчага камітэту Іван Судніковіч.
На пытаньне, ці будуць пакараныя службовыя асобы — супрацоўнікі БелТА за тое, што дапусьцілі недастатковую абарону сайта, што больш за 15 гадоў не мянялі паролі, праваахоўнікі таксама не адказалі — параілі дачакацца вынікаў суду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта ў магілёўскім каледжы ў студэнтаў зьбіралі спасылкі на акаўнты ў сацсетках