Палітыка Сямёна Домаша 11 лютага пахавалі ў Горадні на могілках, выдзеленых для грамадзян, якія зрабілі значны ўнёсак у разьвіцьцё гораду і вобласьці. Разьвітацца зь ім прыйшлі сябры, паплечнікі, кіраўнікі прадпрыемстваў, чыноўнікі.
Дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 12 і 13 скліканьняў, былы старшыня Горадзенскага аблвыканкаму і апазыцыйны кандыдат на выбарах прэзыдэнта 2001 году памёр раніцай 9 лютага ў сваім аўтамабілі. Яму было 69 гадоў.
Зь Сямёнам Домашам разьвітваліся ў Горадзенскім пахавальным доме.
На прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году Сямён Домаш быў адным з кандыдатаў ад апазыцыі.
Апошнім часам Домаш пазьбягаў публічнасьці і не даваў інтэрвію.
Разьвітальнае слова на пахаваньні сказаў Барыс Фёдараў, старшыня Горадзенскага гарадзкога Савету дэпутатаў:
«Перастала біцца сэрца вельмі яскравага чалавека, вядомага ў нашым горадзе, у нашай вобласьці, у нашай краіне і за яе межамі. Сямён Мікалаевіч пражыў яркае, разнастайнае жыцьцё. Што б ён ні рабіў, паказваў сябе як найвышэйшы прафэсіянал, салідны кіраўнік і працалюбівы чалавек», — сказаў Барыс Фёдараў.
Хто такі Сямён Домаш
Сямён Домаш нарадзіўся ў вёсцы Тумашы Берасьцейскай вобласьці ў 1950 годзе. У 1993 года абраны старшынём Горадзенскага аблвыканкаму і абласнога Савету дэпутатаў. Пасьля быў дэпутатам Вярхоўнага Савету.
На прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году Сямён Домаш быў адным з апазыцыйных кандыдатаў.
Ягоную кандыдатуру падтрымліваў палітычны рух «Рэгіянальная Беларусь», структуры якога дзейнічалі практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны. Перад самымі выбарамі, згодна з ранейшымі дамоўленасьцямі ў межах абʼяднанай апазыцыі, Домаш зьняў сваю кандыдатуру на карысьць адзінага кандыдата — Уладзімера Ганчарыка.
Падчас выбарчай кампаніі 2001 году Сямён Домаш трапіў у менскі шпіталь, пазьней яму зрабілі апэрацыю ў Кракаве. Потым Домаш працаваў у камэрцыйных структурах, а далей доўгі час быў бяз працы.
Год перад першымі прэзыдэнцкімі выбарамі 1994-га ён быў кіраўніком выканаўчае і заканадаўчае ўлады Гарадзенскай вобласьці, а пасьля абраньня Аляксандра Лукашэнкі і да рэфэрэндуму 1996 году Сямён Домаш — старшыня толькі абласнога савету. У той самы час Домаш быў дэпутатам і сябрам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.
У 2006 годзе ўзначаліў рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Гродзенскае вытворчае гарбарнае абʼяднаньне». Пазьней працаваў адным з кіраўнікоў горадзенскага харчовага прадпрыемства ABC. Публічнасьці пазьбягаў, інтэрвію не даваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ганчарык: «Масква абяцала мне падтрымку, але потым Пуцін правёў нараду і вырашыў падтрымаць Лукашэнку»