Падчас сустрэчы з моладзьдзю ў менскай архікатэдры Найсьвяцейшага Імя Марыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сярод іншага адказаў на пытаньні, зьвязаныя з моўнай сытуацыяй у Каталіцкай царкве.
У прыватнасьці, як піша сайт catholic.by, старшыня эпіскапату запэўніў у сваёй «адкрытасьці на любыя прапановы вернікаў», у тым ліку якія тычацца больш шырокага выкарыстаньня расейскай мовы ў эвангелізацыйных і катэхетычных мэтах.
Гэта тэарэтычныя разважаньні
Ці варта чакаць русыфікацыі Каталіцкай царквы ў Беларусі, якая актыўна карыстаецца беларускай мовай? Свабода зьвярнулася па тлумачэньні да прэсавага сакратара Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксяндза Юрыя Санько.
«Усё будзе залежаць ад патрабаваньня вернікаў, — адказаў айцец Юры. — Калі зьявіцца група людзей, якія, напрыклад, скажуць, што прыехалі з Расеі, жывуць ці вучацца ў Беларусі і хацелі б, каб служба была па-расейску, натуральна, пытаньне будзе разгледжанае. Менавіта пра гэта вялася гаворка. Аднак пакуль такіх патрабаваньняў не было, збольшага гэта разважаньні пра тое, што магчыма ў тэорыі».
Юры Санько сумняваецца, што выключэньне будзе зроблена для аднаго ці двух чалавек, гаворка менавіта пра групу вернікаў. Пры гэтым ён зьвяртае ўвагу на тое, што асобныя моўныя прэцэдэнты ўжо маюць месца.
«Напрыклад, у касьцёле моляцца і на літоўскай мове: склалася група вернікаў, да якіх прыяжджае сьвятар і служыць імшу па-літоўску. Калі існуе дыяспара, ёсьць і такая неабходнасьць. Амбасада Літвы ўзьняла пытаньне, і яно было вырашанае. Калі гэтак жа прыйдуць два дзясяткі вернікаў і скажуць, што хочуць маліцца па-расейску, магчымасьць будзе разгледжаная. Аднак сёньня асноўная літургія і пераважная колькасьць службаў вядзецца выключна па-беларуску», — канстатуе ксёндз Юры Санько.
Як паведамляе партал catholic.by, у часе сустрэчы маладых людзей таксама цікавіла магчымасьць удзелу ў сьвятой імшы ў традыцыйнай форме на лацінскай мове, а таксама магчымасьць служэньня пры алтары дзяўчат. У адказ мітрапаліт зьвярнуў увагу на тое, што сёньня ні адно, ні другое не зьяўляецца сапраўднай душпастырскай патрэбай.