«У паўсядзённым жыцьці руская мова займае лідзіруючыя пазыцыі, яе выкарыстоўваюць ад 49% да 78% грамадзян. Маюць зносіны на так званай «трасянцы» у сярэднім па 43,5% апытаных. Беларускай мовай у паўсядзённым жыцьці грамадзяне карыстаюцца вельмі рэдка (у сярэднім 3% рэспандэнтаў)» — напісана ў сьвежай справаздачы Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце Беларусі.
Іншымі словамі, паводле ацэнкі сацыёлягаў пры прэзыдэнце, беларуская мова ўжо практычна мёртвая, беларусы гавораць ці па-беларуску, ці на трасянцы. Варта заўважыць, што падобную выснову экспэрты ІАЦ робяць ужо рэгулярна некалькі гадоў.
Са справаздачы ІАЦ 2013 году:
Значная частка апытаных (у сярэднім па 39%) маюць зносіны на так званай трасянцы. Беларускай мовай у побыце, па прызнаньні рэспандэнтаў, яны карыстаюцца вельмі рэдка (у сярэднім 3%).
Са справаздачы ІАЦ 2015 году:
Значная частка апытаных (каля 40%) мае зносіны на так званай «трасянцы». Што тычыцца беларускай мовы, то ў побыце, па прызнаньні рэспандэнтаў, ёй карыстаюцца вельмі рэдка (у сярэднім па 4%)
Са праваздачы ІАЦ 2016 году:
Адзначылі, што маюць зносіны на так званай «трасянцы» у сярэднім па 42% апытаных. Беларускай мовай у паўсядзённым жыцьці грамадзяне карыстаюцца вельмі рэдка (адзначылі ў сярэднім па 2% рэспандэнтаў)
Абгрунтаваньнем такой высновы зьяўляюцца дасьледаваньні
нямецкага навукоўца Гердта Хентшаля, праведзеныя ў супрацоўніцтве з БДУ. ІАЦ ў сваёй справаздачы 2019 годзе наўпрост спасылаецца на працы Хентшаля.
У апытаньні, праведзеным Гердам Хентшалем ў Беларусі, доля беларусаў, якія размаўляюць па-беларуску, складала ўсяго 4.39% (табл.4), пры гэтым апытаньне праводзілася толькі сярод гараджан.
Паводле перапісу 2009 году, сярод гараджан па-беларуску гаварылі 11,3%, сярод жыхароў вёскі — 58.7%.
Нямецкі навуковец, пры ўсёй спрэчнасьці яго падыходаў, усё ж карэктна апісвае абмежаваньні свайго дасьледаваньня.
Для ІАЦ беларускай вёскі як быццам не існуе. У Хентшаля сярод апытаных ім беларусаў-гараджан па-беларуску гаварылі каля 4%, у ІАЦ сярод усіх апытаных, у тым ліку і сялян... каля 3%. Як гэта можа быць?
Для параўнаньня варта прывесьці дадзеныя іншага сацыялягічнага цэнтру — НІСЭПД. У НІСЭПД сярод варыянтаў адказу на пытаньне, на якой мове рэспандэнты размаўляюць дома, была опцыя — на дзьвюх мовах: і на беларускай і на рускай.
Вось як выглядаў трэнд моўных пераваг па апытаньнях НІСЭПД.
Якой мовай, у асноўным, Вы карыстаецеся ў паўсядзённых зносінах?
|
1994 |
1999 |
2001 |
2006 |
2007 |
2010 |
2013 |
2015 |
Беларускай |
17,3 |
3,3 |
1,7 |
3,5 |
5.2 |
2,1 |
3,3 |
3,3 |
Рускай |
66,6 |
41,9 |
46,4 |
61,0 |
54.2 |
63,8 |
57,5 |
68,5 |
І беларускай, і рускай |
7,0 |
26,5 |
20,9 |
12,9 |
14.3 |
12,1 |
15,9 |
11,8 |
Зьмяшанай (трасянкай) |
6,4 |
27,1 |
30,0 |
21,4 |
24.0 |
21,8 |
22,1 |
16,2 |
І паводле гэтых дасьледаваньняў толькі па-беларуску гаворыць няшмат людзей, але ўсё ж па-беларуску (разам з рускай) размаўляюць ня лічаныя адсоткі. І згодна з гэтымі апытаньнямі трасянка — мова ўсё ж не амаль паловы насельніцтва, не 40%, а прыкладна ўдвая меншай долі.
Дадзеныя НІСЭПД у прынцыпе не супярэчаць дадзеным перапісаў. Калі чалавек кажа ў апытаньні, што ён кажа дома на дзьвюх мовах, у перапісе ён можа адказаць, што гаворыць дома пераважна па-беларуску. Тут няма супярэчнасьці.
Згодна з ужо шматгадовымі дадзенымі ІАЦ значная частка беларусаў, якія адказалі на пытаньне перапісу пра мову хатніх зносінаў, проста хлусы. Калі прыняць гэты падыход, з 23%, якія адказалі на пытаньне перапісу 2009 года, што гавораць дома па-беларуску, 20% банальна зманілі.
Але ці так гэта? У апытаньнях ІАЦ проста адсутнічаў варыянт адказу — карыстаюся ў хатніх зносінах дзьвюма мовамі. Тым самым рэспандэнтам накідаўся выбар, складаная карціна моўных паводзін штучна заганялася ў вузкія рамкі.
Варта параўнаць гэты падыход з падыходам украінскіх навукоўцаў з Інстытуту сацыялёгіі НАН Украіны. У іх у шматгадовых дасьледаваньнях пра моўныя паводзінах варыянты адказаў аб пераважнай мове хатняга зносін былі — украінская, руская, абедзьве мовы ў роўнай ступені. Суржык — украінскі аналяг трасянкі — увогуле не прапаноўваўся як варыянт адказу. Хоць ні для каго не сакрэт, што рэальна немалая частка ўкраінскага насельніцтва гаворыць менавіта на суржыку, па меншай меры, у некаторых жыцьцёвых сытуацыях.
«Дык людзі так адказваюць на пытаньні ІАЦ,» — скажа чытач. Яны так адказваюць, таму што ў іх так пытаюцца. На пытаньні перапісу таксама людзі адказвалі, і прычым мільёны беларускіх грамадзян, у адрозьненьні ад усяго тысячы апытаных ІАЦ.
ІАЦ — дасьледчы цэнтар пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. Можна меркаваць, што сацыялягічныя дадзеныя гэтага цэнтру маюць першачарговае значэньне для кіраўніцтва краіны ў параўнаньні з дадзенымі любых іншых сацыялягічных цэнтраў.
І якія ж высновы вынікаюць з гэтых дадзеных? Беларуская мова ўжо мёртвая, яе ўжо няма, амаль ніхто не размаўляе на ёй. І гэтую выснову ІАЦ ў сваіх штогадовых справаздачах забівае з году ў год, як цьвікі ў труну беларускай мовы.
Калі ўлада верыць у гэтую выснову — гэта, магчыма, ужо мае і будзе мець прамыя практычныя наступствы. І ў сфэры адукацыі, і ў палітыцы ў сфэры мэдыя, і шмат яшчэ ў чым.
Тады, дарэчы, і моўныя пытаньні перапісу, якая адбудзецца ў гэтым годзе, павінны быць па розуме кардынальна перафармуляваныя. У перапісу 2009 году варыянты адказаў на пытаньне «На якой мове Вы звычайна размаўляеце дома?» былі — беларуская, руская і іншая мова.
Калі дадзеныя ІАЦ — гэта апошняя мудрасьць гэтага сьвету, то якая такая беларуская мова? Тады варта ў перапісе 2019 году прадугледзець варыянты — трасянка, руская і іншая мова.
Рабіць гэтага не варта. Перш за ўсё таму, што дадзеныя ІАЦ — гэта няпраўда. Няпраўда і таму, што ў варыянтах адказаў на пытаньні цэнтру няма опцыі «дзьве мовы хатніх зносін». Няпраўда і таму, што дадзеныя ІАЦ пра моўныя паводзіны ўсяго насельніцтва вельмі дзіўным чынам супадаюць з дадзенымі прафэсара Хентшаля, атрыманымі на падставе апытаньня толькі гарадзкога насельніцтва Беларусі.
Нядаўна я апублікаваў на TUT.BY новыя дадзеныя перапісу 2009 года аб моўных паводзінах насельніцтва Беларусі.
Паводле гэтых дадзеных па-беларуску гавораць у большай ступені жыхары вёскі, асобы з невысокім адукацыяй, сталага ўзросту. Аднак яны па-беларуску гавораць. І яны грамадзяне Беларусі, яны людзі ў рэшце рэшт.
А спытаеце іх: «А вы выпадкова не на трасянцы гаворыце?», дык яны цалкам верагодна і адкажуць: «Ну так, мы ж людзі невучоныя, папросту гаворым, пэўна тое трасянка і ёсьць».
Пры тым, што рэальна іх гаворка можа быць цалкам правільнай беларускай. Расейцы, між іншым, таксама далёка не ўсе гавораць, як нябожчык акадэмік Ліхачоў. Тым не менш іх гаворка — гэта руская гаворка пры ўсіх няправільнасьцях і варыяцыях. Прафэсар Хентшаль, дарэчы, у сваіх працах адзначае, што аднесьці тую ці іншую гаворку да беларускай або трасянкі — даволі складаная лінгвістычная навуковая задача.
У гэтым сэнсе ўсе дасьледчыкі апэравалі і апэруюць самаацэнкамі саміх людзей — і Белстат падчас перапісу, і сацыёлягі НІСЭПД, і сацыёлягі, якія рабілі апытаньне для Хентшаля, і сацыёлагі ІАЦ. Але калі заганяць людзей у вузкую сетку катэгорый, дзе беларускай мове проста няма месца, як гэта робіць ІАЦ, то яе і ня будзе. Такая мяккая дэбеларусізацыя.
Каму гэта трэба? І навошта?
Перадрук з парталу TUT.BY