Група вайсковых інспэктараў са Злучаных Штатаў Амэрыкі 11-14 лютага праінспэктуе адну з вайсковых частак Узброеных сіл Беларусі, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.
Акрамя сямі прадстаўнікоў ЗША ў інспэкцыйную групу ўвайшло па адным інспэктары з Даніі і Румыніі.
Візыт адбудзецца ў рамках Дамовы аб звычайных узбраеньнях у Эўропе. Інспэкцыю правядуць каб спраўдзіць прадстаўленую Беларусьсю інфармацыю аб узбраеньнях і вайсковай тэхніцы. Іх колькасьць у вайсковых частках, паводле дамовы, мусіць быць абмежаванай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым пагражае Беларусі разьмяшчэньне трох новых дывізій у заходняй ваеннай акрузе Расеі?Дамова аб звычайных узброеных сілах у Эўропе была падпісаная 19 лістапада 1990 году, уступіла у сілу 17 ліпеня 1992 году. Яе ўдзельнікамі зьяўляюцца 28 дзяржаваў Эўразіі, у тым ліку Беларусь, а таксама ЗША і Канада.
Мэта дамовы — «усталяваньнубясьпечнага і стабільнага балянсу звычайных узброеных сіл у Эўропе», «ліквідацыя няроўнасьцяў, якія наносяць шкоду стабільнасьці і бясьпецы», а таксама «ліквідацыя патэнцыялу для ажыцьцяўленьня раптоўнага нападу і пачатку буйнамаштабных наступальных дзеяньняў у Эўропе».
Паводле Мінабароны, у 1992-2018 гадах у рамках выкананьня дамовы Беларусь прыняла 323 замежныя інспэкцыйныя групы з 20 дзяржаваў і правяла 235 інспэкцыяў на тэрыторыі 14 дзяржаваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея хоча, каб Беларусь прадстаўляла яе ў перамовах аб узбраеньнях у Эўропе