Міністэрства абароны ЗША плянуе вывесьці амэрыканскія войскі з Сырыі да канца красавіка 2019 году, паведаміла выданьне The Wall Street Journal са спасылкай на неназваныя афіцыйныя крыніцы.
Паводле інфармацыі выданьня, рашэньне прынятае, нягледзячы на адсутнасьць пляну ў адміністрацыі Трампа па абароне саюзных курдзкіх байцоў ад нападу пасьля выхаду амэрыканскіх войскаў.
У той жа час у Дзярждэпартамэнце ЗША заявілі, што ў Злучаных Штатаў «няма ўсталяванага графіку вываду вайсковых сіл» з Сырыі. Міністэрства абароны ЗША адмовілася ад камэнтароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп афіцыйна заявіў пра пачатак вываду амэрыканскіх войскаў з СырыіWSJ, у сваю чаргу, паведамляе, што афіцыйныя асобы ЗША ўжо на гэтым тыдні пачалі інфармаваць эўрапейскіх саюзьнікаў аб вывадзе войскаў з Сырыі.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сьнежні 2018 году заявіў пра намер вывесьці ўсе дзьве тысячы амэрыканскіх вайскоўцаў з Сырыі. Крытыкі такога рашэньня кажуць, што гэта можа прывесьці да адраджэньня сілаў «Ісламскай дзяржавы» і «Аль-Каіды» ў Сырыі і суседнім Іраку.