Свабода сабрала асноўную інфармацыю пра пэрспэктывы эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі Ўкраіны. Такі стратэгічны курс 7 лютага быў замацаваны ў Асноўным Законе гэтай дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна замацавала ў Канстытуцыі курс на далучэньне да NATO і ЭўразьвязуВярхоўная Рада ўнесла зьмены ў Канстытуцыю Ўкраіны адносна імкненьня дзяржавы да ўступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз і NATO. Наколькі блізкая гэтая пэрспэктыва?
Мэта ці рэальнасьць?
Унясеньне зьменаў у Канстытуцыю Ўкраіны не азначае, што Ўкраіна ўжо цяпер можа зьвярнуцца ў гэтыя міжнародныя арганізацыі з заявай аб уступе. І яны ня могуць служыць юрыдычнай падставай для адпаведных крокаў.
Зь іншага боку, для працягу Ўкраінай сваіх эўрапейскіх ды паўночнаатлянтычных праектаў, якія сталі прыярытэтнымі пасьля зьмены ўлады ва Ўкраіне ў 2014 годзе, зьмены ў Асноўны закон — не абавязковая ўмова.
Экспэрты разглядаюць гэтыя зьмены як спробу ўладаў «застрахавацца» на выпадак магчымых зьменаў уладных эліт, якія ў будучым могуць перагледзець інтэграцыйную палітыку краіны. Але чыста тэхналягічна і новыя ўлады, пры жаданьні, змогуць аналягічным чынам (празь зьмены Канстытуцыі) падкарэктаваць зьнешнюю палітыку.
Што абяцаюць украінскія лідэры?
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, які ініцыяваў гэтыя зьмены ў Канстытуцыю, заяўляў, што Ўкраіна ўжо ў 2024 годзе зьвернецца з заявай аб далучэньні да Эўразьвязу, а да 2020 году Ўзброеныя сілы Ўкраіны будуць канчаткова пераведзеныя на стандарты NATO. Парашэнка паўторна балятуецца на выбарах прэзыдэнта 31 сакавіка.
Іншыя кандыдаты ў прэзыдэнты канкрэтных тэрмінаў не вызначаюць, але большасьць зь іх падтрымліваюць інтэграцыю ў гэтыя арганізацыі. Некаторыя (найбольш папулярны зь іх — прадстаўнік «Апазыцыйнага блёку «За жыцьцё» Юры Бойка, колішні сябра кіроўнай Партыі рэгіёнаў) заяўляюць пра намер пасьля перамогі на выбарах замацаваць за Ўкраінай нэўтральны статус.
Што кажуць прадстаўнікі краін Эўразьвязу і NATO?
У Эўразьвязе і NATO заяўляюць, што застаюцца адкрытымі для краін, якія жадаюць стаць іх чальцамі. Але каб гэта рэалізаваць, трэба выканаць пэўныя патрабаваньні. Эўрапейскія палітыкі не аднойчы выказвалі меркаваньні, што далучэньне Ўкраіны да Эўразьвязу і NATO ня будзе хуткім.
«Чакае доўгі і пакручасты шлях. Украіне давядзецца зрабіць вельмі шмат, каб падрыхтаваць саму сябе да статусу кандыдата на ўступ у абедзьве арганізацыі. І калі хто-небудзь з кандыдатаў (у прэзыдэнты. — РС) кажа, што ў выпадку перамогі зможа неадкладна дасягнуць сяброўства, — гэта папулізм», — сказаў украінскім СМІ амбасадар Нямеччыны ва Ўкраіне Эрнст Райхель.
«Выбар шляху застаецца за Ўкраінай. Ва Ўкраіны няма абавязаньняў ісьці ў ЭЗ ці ў NATO, бо Ўкраіна і сама па сабе вялікая краіна. Але калі вы сапраўды вырашылі далучыцца да таго ці другога саюзу, калі гэта ваша шчырае жаданьне, — тады правядзеньне рэформаў не павінна выклікаць пытаньняў», — дадала амбасадарка Францыі ва Ўкраіне Ізабэль Дзюмон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Lenta.ru: Лукашэнка стаміўся ад Расеі і хоча вучэньні NATO ў БеларусіШто трэба, каб далучыцца да NATO
Паўночнаатлянтычная дамова, прынятая ў 1949 годзе, прадугледжвае, што сябрам арганізацыі можа стаць краіна, якая геаграфічна разьмешчаная ў Эўропе і зь яе далучэньнем пагаджаюцца ўсе краіны, якія ўваходзяць у NATO.
За ўвесь час існаваньня гэты вайскова-палітычны саюз пашыраў свае межы восем разоў. Першыя тры — яшчэ да распаду Савецкага Саюзу: у 1952-м у NATO ўступілі Грэцыя і Турэччына, у 1955-м — Заходняя Нямеччына, і ў 1982-м — Гішпанія.
У сакавіку 2004 году ў вайсковы блёк увайшлі адразу 7 краін: Баўгарыя, Латвія, Літва, Румынія, Славаччына, Славенія і Эстонія. Гэта адбылося пасьля выкананьня пляну дзеяньняў, зацьверджанага ў 2002 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарговая славянская краіна падпісала пратакол аб уступленьні ў NATOПраз чатыры гады (у красавіку 2008 году) было ўхвалена рашэньне аб прыняцьці Харватыі і Альбаніі. Тады толькі Македонія засталася безь сяброўства: Грэцыя скарыстала вэта, бо мела прэтэнзіі да яе назвы. 6 лютага прадстаўнікі 29 краін-чальцоў NATO падпісалі пратакол аб уступленьні і Македоніі ў Паўночнаатлянтычны альянс пасьля зьмены назвы краіны на Паўночную Македонію.
У 1999 годзе на саміце NATO ў Вашынгтоне ў працэдуру ўступленьня быў уведзены этап так званага «кандыдацтва» — краіны, якія дэманстравалі палітычную волю да сяброўства ў Альянсе, спачатку павінны былі далучыцца да Пляну дзеяньняў дзеля сяброўства ў NATO, а ўжо пасьля яго выкананьня весьці перамовы аб уступленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі вы такія разумныя, то чаму шыхтом ня ходзіце?»Апроч таго, краіна-кандыдат павінна перад уступам у арганізацыю вырашыць міжнародныя, этнічныя, тэрытарыяльныя і палітычныя канфлікты, прадэманстраваць адданасьць правам чалавека, арганізаваць дэмакратычны і грамадзянскі кантроль над Узброенымі сіламі, прадстаўляць інфармацыю пра стан эканомікі і бюджэт краіны і ўносіць арганізацыйны, эканамічны і вайсковы ўклад у дзейнасьць альянсу. Але ніводная з гэтых умоваў, як сьцьвярджаюць у NATO, не крытычная і не вызначальная. Іншымі словамі, нават наяўнасьць ваеннага канфлікту на Данбасе не перакрывае Ўкраіне шлях да альянсу.
У 2008 годзе Ўкраіна ўжо магла атрымаць Плян дзеяньняў дзеля сяброўства ў альянсе, але з прычыны непаразуменьняў паміж тагачаснымі кіраўнікамі краіны, ураду і парлямэнту гэты працэс быў сарваны. Цяпер яго, па сутнасьці, даводзіцца пачынаць практычна з нуля.
Што трэба, каб далучыцца да Эўразьвязу?
У 2014 годзе Ўкраіна падпісала дамову аб асацыяцыі з Эўрапейскім Зьвязам. Гэтаму папярэднічалі перамовы, якія працягваліся з 2007 па 2013 год. Выкананьне дамовы дазволіць краіне перайсьці ад партнэрства і супрацы з гэтай арганізацыяй да палітычнай асацыяцыі і эканамічнай інтэграцыі. У межах гэтай дамовы для грамадзян Украіны з чэрвеня 2017 году пачаў дзейнічаць бязьвізавы рэжым пры паездках у краіны Эўразьвязу пры наяўнасьці біямэтрычнага пашпарта.
Дамова прадугледжвае шэраг абавязаньняў Украіны ў зьнешняй палітыцы, у пытаньнях бясьпекі і юстыцыі, а таксама ў сфэры эканомікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра Лукашэнку і ня толькі. Што кажуць удзельнікі прэзыдэнцкай гонкі ва Ўкраіне пра Беларусь?Для ўступу ў Эўразьвяз Украіне давядзецца выканаць так званыя капэнгагенскія крытэры, што былі зацьверджаныя ў 1993 годзе:
- геаграфічныя (краіны-кандыдаты мусяць знаходзіцца на эўрапейскім кантынэнце);
- палітычныя (адданасьць дэмакратычным стандартам, захаваньне правоў і свабод чалавека, вяршэнства закону, павага і абарона правоў этнічных, моўных і рэлігійных меншасьцяў);
- эканамічныя (датычна Ўкраіны яны паўтараюць тыя, што вызначаныя ў дамове аб асацыяцыі — рынкавая эканоміка і ўзгодненая тарыфная палітыка);
- юрыдычныя (заканадаўчая база павінна быць прыведзеная ў адпаведнасьць з заканадаўствам ЭЗ).