Карэспандэнт «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч зьвярнуўся ў прэсавую службу міністэрства абароны па камэнтар наконт магчымых вучэньняў NATO на тэрыторыі Беларусі. У адказ кіраўнік прэсавай службы МА учыніў журналісту скандал, задаючы пытаньні кшталту: «Чаму вы ў войску не служылі? Саромеецеся сваёй сэксуальнай арыентацыі?» Пра гэта паведаміла «Наша ніва»
Сьцісла:
- Прэсавы сакратар МА Ўладзімер Макараў парушыў агульнавядомыя правілы паводзінаў афіцыйнага прадстаўніка дзяржаўнага ведамства
- Любы пэўны адказ па сутнасьці мог спарадзіць пэўныя палітычныя складанасьці
- Прадстаўнік МА мог і ня ведаць, ці прапаноўвала Беларусь Злучаным Штатам сумесныя вучэньні
- Амэрыка — вораг Расеі, Расея — сябра і брат Беларусі, а хто Амэрыка для Беларусі — незразумела. Гэтая сытуацыя стварае пэўную разгубленасьць у чынавенскага апарату
- Уладзімер Макараў адмыслова ператварыў гутарку з журналістам у скандал і лаянку, каб скамечыць свой адказ на яго пытаньне.
На першы погляд, скандальная рэакцыя кіраўніка прэсавай службы міністэрства абароны палкоўніка Ўладзімера Макарава на пытаньне карэспандэнта НН Арцёма Гарбацэвіча цалкам апісваецца загалоўкам гэтага блогу — фразай з анэкдоту пра прапаршчыка.
Даволі разьвязны, зьняважлівы стыль камэнтароў наагул уласьцівы гэтаму чыноўніку, дастаткова прыгадаць хаця б яго сэнтэнцыю пра «нашчадкаў Кубэ».
Форменная фуражка і цывільны капялюш Уладзімера Макарава
У дадзеным выпадку гэты фірмовы стыль кіраўнікі прэсавай службы абарончага ведамства быў асабліва недарэчным з прычыны жанру размовы. Супрацоўнік легальнага беларускага мэдыя зьвярнуўся да афіцыйнага прадстаўніка дзяржаўнага ведамства, у функцыі якога і ўваходзіць адказваць на пытаньні журналістаў.
Але палкоўнік Макараў па ходу размовы, фігуральна кажучы, здымае форменную фуражку, апранае вольны журналісцкі капялюш і пачынае задаваць сустрэчныя пытаньні службовыя і асабістыя абставіны суразмоўцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хрыстос, Лукашэнка і «лібэроіды»: 7 цытатаў палкоўніка МакараваНа такую цікаўнасьць журналіст Макараў, зразумела, мае права. Але менавіта ў якасьці журналіста хай бы зьвярнуўся да калегі з просьбай па інтэрвію. А гэтую просьбу Гарбацэвіч, як прыватная асоба, цалкам мог бы і адхіліць.
Словам, на першы погляд, сытуацыя простая: Макараў — нібыта проста хам і салдафон, што ня ведае элемэнтарных рэчаў, якія павінен ведаць прадстаўнік па сувязях з мэдыя любой дзяржаўнай установы.
Чаму палкоўнік Макараў не абараніў галоўнакамандуючага?
Не, я ня думаю, што ён толькі хам і салдафон. Уладзімер Макараў насамрэч чалавек зусім не дурны. І рэакцыя яго была зусім не дурная. Справа была ў тым пытаньні, якое яму было зададзенае.
Лента.ру апублікавала інфармацыю, відавочная мэта якой была дыскрэдытаваць у вачах расейцаў, ды і некаторых беларусаў, вярхоўнага галоўнакамандуючага войска, у якім служыць палкоўнік Макараў. Здаецца, доўг вымагаў кінуцца на абарону. А як?
Сказаць (як ён і сказаў напрыканцы гутаркі), што не камэнтуе чуткі? Ну а якую выснову з такога адказу зрабілі б розныя ўважлівыя назіральнікі? Хіба ня тую, што дыму без агню не бывае?
Рашуча, катэгарычна абвергнуць? А адкуль ведае Ўладзімер Макараў, пра што там Алег Краўчанка размаўляў з амэрыканцамі ў Вашынгтоне? А можа і пра вучэньні ў нейкай форме. Ясна, што размова ў любым выпадку не ішла пра шматтысячныя манэўры, пра кшталту амэрыкана-беларускі «Ўсход-2019» — гэта сьмешна. У крайнім выпадку магло ісьціся пра нейкі сымбалічны жэст, кшталту і фармату ўдзелу амэрыканскага аркестру ў вайсковым парадзе ў Менску пару гадоў таму. Прынамсі, пакуль.
Але пра нешта такое размова магла і ісьці ў Вашынгтоне. Калі можна весьці гутарку пра аднаўленьне паўнацэннай дыпляматычнай прысутнасьці, то чаму нельга пра сымбалічныя жэсты і ў абароннай галіне? Гэта не спадабаецца расейцам? А гэта не пытаньне ўзроўню прэсавага сакратара МА і нават не ягоных міністэрскіх начальнікаў — гэта высокая палітыка, якую ў Беларусі вызначае вядома хто.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны: супраць парадаў выступаюць ідэйныя нашчадкі КубэА калі сказаць, што так — будуць вучэньні, можа быць, але маленькія, сымбалічныя, якія ніяк не парушаюць нашае братэрства па зброі з расейцамі? Дык невядома ж, пра што дамовіўся Краўчанка. І расейцы ж тады па любому раззлуюцца. А можа і вышэйшае начальства раззлуецца, што сказаў так наўпрост. А высьветліцца, што і ня трэба было так казаць.
Эх, наколькі прасьцей было б жыцьцё палкоўніка Макарава, калі б была жалезабэтонная лінія: Расея — сябра, брат і саюзьнік, Амэрыка — вораг і патэнцыйны праціўнік. Але ж усё так няпэўна, так склізка: Расея як бы па-ранейшаму брат (хаця напрыканцы мінулага году сам Лукашэнка неяк і ўсумніўся). Амэрыка, зразумела, ніякі не брат. Яна вораг. Але Расеі. Аднак Беларусі ўжо нібыта і не. Ці яшчэ так? Як усё складана. І лінія — яна цяпер якая? І ці яна адна?
Як разьвязаць Гордзіеў вузел?
Гэтая няпэўнасьць, нават разгубленасьць адлюстравалася ў самым канцы гутаркі Макарава з Гарбацевічам.
НН: Дык а на пытаньне вы што адказваеце?
Макараў: Пра нашае ўзаемадзеяньне з брацкімі краінамі, пра нашую кааліцыйную вайсковую палітыку, 20-ы артыкул Вайсковай дактрыны.
А гэта пры чым да пытаньня, ці будуць сумесныя вучэньні з амэрыканцамі? У сэнсе што і зь імі пабратаемся? Ці што браты ў нас толькі адны — расейцы і бот ніводнага янкі ня ступіць на сьвятую славянскую зямлю... Стоп, дык пра што там Краўчанка дамаўляўся ў Вашынгтоне ўсё ж невядома. І што ж адказаць гэтаму малакасосу, калі і так кепска, і гэтак нядобра?
А распачаць скандал: а ты хто такі, а ты ж і не служыў, можа з-за арыентацыі, га? А ўласны адказ па сутнасьці скамечыць, каб ён прагучаў, як рэпліка ў лаянцы.
Але каб быў. І расейцам менавіта так, паміж іншым, нагадаць, што браты ў беларусаў — яны, а хто яшчэ, дык адказвае на гэтае пытаньне ў Беларусі зусім не палкоўнік Макараў.
А ён чалавек вайсковы, які «ня ведае словаў каханьняі». Ну салдафон. Часам гэта вельмі зручная роля, асабліва калі на плячах пагоны. Лепш выглядаць салдафонам, чым зрабіць палітычную памылку ў складанай гульні.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.