Былы асьпірант БДУ сьцьвярджае, што атрымаў траўмы падчас канфлікту ў рэктараце. ВІДЭА

Скрыншот зь відэа

Былы асьпірант БДУ Сяргей публічна скардзіўся на ўмовы пражываньня ў інтэрнаце. Яго адлічылі з асьпірантуры. Цяпер ён ляжыць у шпіталі і сьцьвярджае, што атрымаў траўмы, калі спрабаваў трапіць да рэктара.

Сяргей паходзіць з Ваўкавыску, яму 22 гады. Летась паступіў у асьпірантуру БДУ на спэцыяльнасьць «Эканоміка і кіраваньне народнай гаспадаркай» і зьбіраўся займацца навукай, удзельнічаць у разьвіцьці айчыннай эканомікі. У канцы кастрычніка Сяргей засяліўся ў інтэрнат БДУ № 10 на вуліцы Курчатава. Далей пачаліся прыгоды.​

Не паказаў пропуск, пабіў фортку

«Прусакі, праблемная праводка, паламаная мэбля, — расказвае пра тое, што пабачыў у сваім інтэрнаце, Сяргей. — Тэмпэратура ў пакоі апускалася да 13 градусаў. Я вырашыў расказаць пра ўсё ў СМІ».

Асьпірант напісаў некалькі скаргаў, а таксама запрасіў да сябе ў госьці журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Пасьля зьвярнуўся ў МНС зь лістом «Прашу неадкладна прыняць меры і прыцягнуць да матэрыяльнай адказнасьці вінаватых асобаў». Галоўнаму дзяржаўнаму санітарнаму ўрачу Менску даслаў зварот на 40 старонках, дзе пералічыў парушэньні санітарных нормаў і нарматываў. Да звароту дадаў фатаздымкі.

18 сьнежня 2018 году на партале Tut.by выйшаў артыкул пад загалоўкам «Тараканы і холад у пакоі. Як жыве асьпірант БДУ». Неўзабаве пасьля гэтага тэмпэратура ў пакоях інтэрнату паднялася да 23 градусаў. Але 23 студзеня 2019 году Сяргея адлічылі з асьпірантуры. Афіцыйная прычына — невыкананьне правілаў пражываньня ў інтэрнаце і абавязкаў навучэнца.

Загад аб адлічэньні Сяргея з асьпірантуры БДУ

​У загадзе аб адлічэньні асьпіранта гаворыцца, што ён неаднаразова парушаў унутраны распарадак інтэрнату. Адмаўляўся паказваць пропуск апэратыўнаму атраду інтэрнату і разьбіў фортку ў сваім пакоі. Акрамя гэтага, ва ўнівэрсытэце сьцьвярджаюць, што былы асьпірант не падрыхтаваў своечасова індывідуальны плян, што перашкодзіла зацьвердзіць тэму дысэртацыі і прызначыць навуковага кіраўніка. Сувязь паміж адлічэньнем Сяргея і ягонай актыўнасьцю дзеля выкрыцьця парушэньняў у інтэрнаце ва ўнівэрсытэце адмаўляюць.

У былога асьпіранта свая вэрсія падзей. Ён адмаўляе як тое, што несвоечасова падрыхтаваў індывідуальны плян, так і наяўнасьць парушэньняў правілаў пражываньня ў інтэрнаце. Асьпірант гаворыць, што, паводле правілаў, ён увогуле ня быў абавязаны паказваць пропуск апэратыўнаму атраду, таксама адмаўляе тое, што разьбіў фортку ў сваім пакоі. Гаворыць, што шкло з форткі выпала ў выніку няякасных рамонтных работ.

«У загадзе пра маё адлічэньне гаворыцца, што я парушыў правілы унутранага распарадку для навучэнца БДУ 29 сьнежня 2018 году, — заявіў Свабодзе Сяргей. — Але я ў той дзень увогуле ня быў у Менску: 27-га зьехаў у Ваўкавыск і прабыў там да 8 студзеня».

Your browser doesn’t support HTML5

Асьпірант БДУ

«Хацеў запісацца на прыём да рэктара»

З загадам аб адлічэньні Сяргей азнаёміўся ў той жа дзень, 23 студзеня, калі яго выклікалі ў аддзел асьпірантуры. Не пагадзіўшыся са зьместам дакумэнту, ужо былы асьпірант пайшоў спачатку да юрыстаў, а пасьля да прарэктара па навуковай працы БДУ Васіля Сафонава.

«У ходзе размовы зь ім я зрабіў усё магчымае, каб даказаць сваю невінаватасьць, — расказвае Сяргей. — Таксама я раказаў пра тое, што падстаў для вынясеньня мне першай заўвагі не было, а заява, празь якую мне вынесьлі першую заўвагу, зьмяшчае заведама лжывыя зьвесткі, якія няславяць мяне і зьяўляюцца паклёпам. Але прарэктар мяне слухаць ня стаў».

Далей падзеі адбываліся імкліва. Не атрымаўшы адказу на свае пытаньні ў прарэктара. адлічаны асьпірант спрабуе трапіць у кабінэт рэктара, але сутыкаецца з супрацівам апэратыўнага дзяжурнага службы бясьпекі БДУ Міхаіла Ш.

«Я спытаў у дзяжурнага Міхаіла Ш, дзе знаходзіцца прыёмная рэктара, — расказвае былы асьпірант. — Маўляў, хачу запісацца на прыём. Ён мне паказаў, але пасьля схапіў за руку і пацягнуў да выхаду. Па дарозе паведаміў, што рэктара няма на месцы. Я прасіў дзяжурнага адпусьціць мяне, аднак ён не адпускаў, а цягнуў уніз па лесьвіцы. Просьбы адпусьціць ігнараваў. Спыніўся на першым паверсе ля гардэроба і працягваў мяне трымаць. У нейкі момант мне ўдалося вырвацца, аднак, уцякаючы, я прасьлізнуўся і ўпаў, моцна выцяўшыся галавой. Пасьля гэтага дзяжурны Міхаіл Ш. схапіў мяне рукой за шыю і пачаў душыць, моцна прыціснуў сьпінай да дзьвярэй. У мяне пачаў балець хрыбетнік і косьці таза, галава кружылася».

Накіраваньне ў стацыянар, атрыманае Сяргеем у 33-ай менскай бальніцы.


У бальніцы дыягнаставалі ўдары хрыбта, пашкоджаньні галавы

Паводле маладога чалавека, канфлікт скончыўся выклікам кіраўніцтва службы аховы БДУ і міліцыі. У выніку Сяргей разам зь дзяжурным ахоўнікам БДУ Міхаілам Ш. трапіў у пункт аховы правапарадку на вуліцы Караля, дзе абодва мелі размову з участковым інспэктарам Сяргеем Маліноўскім. Міліцыянт узяў зь іх пісьмовыя тлумачэньні і адпусьціў без складаньня пратаколу.

У той жа дзень адлічаны асьпірант зьвярнуўся ў бальніцу хуткай мэдыцынскай дапамогі, дзе ў яго дыягнаставалі ўдары хрыбта, а таксама пашкоджаньні мяккіх тканак галавы і каленнага суглоба правай нагі.

«Адпусьцілі дадому, але напісалі паперу, згодна зь якой трэба было зьявіцца да траўматоляга на наступны дзень, — расказвае былы асьпірант. — Я прыйшоў да траўматоляга ў 33-ю паліклініку. Там мяне агледзелі, выявілі закрытую чэрапна-мазгавую траўму і ўдары. Выдалі мне накіраваньне на шпіталізацыю. Плюс накіравалі да акуліста, бо зрок быў дрэнны, усё размытае. Бачу не далей за тры мэтры, потым усё размытае. Акуліст пацьвердзіў парушэньні зроку. Далі накіраваньне, цяпер ляжу ў Ваўкавыскім шпіталі пад кропельніцай, па месцы жыхарства. Яшчэ тыдзень, напэўна, буду ляжаць».

Былы асьпірант прызнае, што вярнуцца ў асьпірантуру яму будзе складана. Да дзяжурнага ахоўніка, зь якім у яго ўзьнік канфлікт, Сяргей прэтэнзій таксама ня мае.

«Я хачу толькі, каб пра мой выпадак даведаліся людзі, — гаворыць ён. — Вядома, хацелася б аднаўленьня ў асьпірантуры. Але я разумею, што гэта малаімаверна. Па сутнасьці, я паплаціўся за праўду. Застаўся сам-насам са сваёй праблемай. За ўвесь час, што я знаходжуся ў лякарні, мне ніводнага разу з БДУ не пазванілі, не пацікавіліся станам майго здароўя. Хоць я тут апынуўся дзякуючы ім».

Неўзабаве пасьля таго, як Сяргея шпіталізавалі ў ваўкавыскую лякарню, былога асьпіранта наведалі супрацоўнікі міліцыі. Яны ўзялі тлумачэньні аб месцы атрыманьня траўмаў і паведамілі, што пасьля выпіскі яму неабходна будзе прайсьці судова-мэдыцынскую экспэртызу.

Афіцыйны камэнтар БДУ зьявіцца пасьля міліцэйскай праверкі

Супрацоўніца аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч у размове са Свабодай пацьвердзіла, што адлічаны асьпірант БДУ і дзяжурны ахоўнік рэктарата Міхаіл Ш. сапраўды былі дастаўленыя ў міліцэйскі пастарунак па адрасе Караля, 20 і мелі размову з участковым інспэктарам Маліноўскім.

«Гэта (візыт адлічанага асьпіранта і ахоўніка ўнівэрсытэта. — РС) сапраўды адбылося, але заявы не было, — паведаміла прадстаўніца праваахоўных органаў. — Заяву ўчастковаму ніхто не пісаў. Яны прыйшлі туды (у пастарунак на Караля. — РС) удвох і прэтэнзій адзін да аднаго ня мелі».

У прэс-службе БДУ Свабодзе сказалі, што ведаюць пра звароты свайго былога асьпіранта ў СМІ. Там гавораць, што ўжо даслалі адпаведныя запыты ў праваахоўныя органы і Міністэрства аховы здароўя. Сваю ацэнку канфлікту паміж Сяргеем і дзяжурным ахоўнікам рэктарата ва ўнівэрсытэце абяцаюць даць пасьля атрыманьня афіцыйных адказаў зь міліцыі і шпіталя.