Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я кандыдат навук, а часам туплю над школьнымі задачкамі» — выкладчык БДУ пра беларусаў і матэматыку


Кандыдат фізыка-матэматычных навук Алесь Радына тлумачыць, ці трэба беларусам матэматыка.

Школьнай праграмай па матэматыцы Аляксандр Лукашэнка абурыўся на паседжаньні пра разьвіцьцё нацыянальнай сыстэмы адукацыі 1 лютага.

«Падобна, матэматыкаў адны толькі рыхтуем. Давайце казаць шчыра, не хачу быць рэтраградам: нам, напэўна, менш за ўсё трэба ў краіне матэматыкаў. Разуменьне ў матэматыцы мусіць быць, таму што мы ў жыцьці заўжды сутыкаемся з матэматыкай. Але ў вялікіх матэматыках патрэба менш за ўсё», — сказаў кіраўнік Беларусі.

«Матэматыкі патрэбныя, але ў якой колькасьці?» — амаль пагаджаецца з Аляксандрам Лукашэнка кандыдат фізыка-матэматычных навук, дацэнт мэханіка-матэматычнага факультэта БДУ Алесь Радына. — Японія выпускае па 30 матэматыкаў у год. А там больш насельніцтва, чым у Беларусі. І для яе эканомікі, вельмі разьвітай, гэта зашмат».

У матэматыку, згодны выкладчык, ня трэба «заганяць усіх». Іншае пытаньне, што для цяперашняй беларускай эканомікі, па меркаваньні навукоўца, нават школьная адукацыя можа быць завысокая.

«Можна ўзяць падручнік 2000 года па школьнай альгебры за 10-11 кляс, — прыводзіць у прыклад Радына. — Там усё ёсьць — і інтэгралы, і вытворныя. І на ўсё хапала часу. Цяпер гэта ўсё са школьнай праграмы павыкідалі, і кажуць, што яна яшчэ ўсё цяжкая. Можа там не ў матэматыцы справа?».

Алесь Радына кажа, што няма нічога дзіўнага і ганебнага ў тым, што дарослы чалавек ня можа вырашыць задачу са школьнай праграмы.

«У школе дзеці трэніруюць мазгі, вырашаюць задачкі кожны дзень, ведаюць усе каверзы, — кажа ён. — А дарослы чалавек ужо можна гэта забыцца. І такі дарослы думае, што гэта не я дурны, забыўся, а задача складаная!».

Выкладчык кажа, што школьную праграму ўжо і так моцна скарацілі. Тое, што раней праходзілі ў апошніх клясах школы, цяпер вывучаецца на першым курсе «мэхмата».

Паводле ягонага досьведу, студэнты штогод прыходзяць з усё горшымі ведамі.

«Апошні раз зьдзівілі завочнікі. Даў ім пісаць экзамэнацыйную кантрольную. Усе паперапісвалі адзін у аднаго. Большасьць напісала «2 - 1 = -1». Чым яны думалі пры гэтым?», — абураецца кандыдат навук.

Але без матэматыкі, настойвае дацэнт, да IT-краіны Беларусі далёка.

«Калі паступаеш на айцішную спэцыяльнасць, канечне, альгебра патрэбная. Бо альгебра — гэта крыніца альгарытму, — тлумачыць Алесь Радына. — Вазьміце любую супэрсучасную тэхналёгію. Вось вазьміце блякчэйн. У яе цэнтры стаіць задача бізантыйскіх генэралаў, задача кансалідацыі. Гэта чыста матэматычная задача. Любы абывацель можа даказаць сувязь паміж праграмаваньнем, сучаснымі інфармацыйнымі тэхналёгіямі і матэматыкай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG