Расея не плянуе разьмяшчаць ракеты ў Беларусі ў сувязі з выхадам ЗША з Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці, паколькі ў гэтым няма ніякай ваеннай неабходнасьці.
Пра гэта заявіў журналістам у Берасьці амбсадар Расеі, спэцпрадстаўнік прэзыдэнта Расеі ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве зь Беларусьсю Міхаіл Бабіч.
«Што тычыцца разьмяшчэньня ракет на тэрыторыі Беларусі, то гэтага, вядома, ня будзе адбывацца, таму што гэтага і не патрабуецца, — цытуе Міхаіла Бабіча агенцтва ТАСС. — Дзейная канфігурацыя нашай сумеснай вайсковай групоўкі дазваляе вырашыць любыя задачы, зыходзячы з тых пунктаў дысьлякацыі, дзе знаходзяцца нашы сродкі ўдару ў адказ, не прасоўваючы іх ні на якую іншую тэрыторыю», — сказаў амбасадар.
Бабіч падкрэсьліў, што ў Расеі і Беларусі дзейнічаюць сумесныя пляны абароны «Саюзнай дзяржавы», у тым ліку і Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі заклікала ЗША і Расею да адказнасьці і нагадала пра СССРЯк паведамляла Свабода, раней дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо абвясьціў, што Вашынгтон ад 2 лютага распачаў працэс выхаду з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці, падпісанай Савецкім Саюзам і ЗША ў 1987 годзе.
Дамова забараняе мець у арсэнале ракеты наземнага базаваньня меншай і сярэдняй далёкасьці. У кастрычніку мінулага году прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што плянуе адмовіцца ад дамовы, спаслаўшыся на невыкананьне Расеяй сваіх абавязаньняў.
У якасьці «люстэркавага адказу» прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін прыняў рашэньне на няпэўны час прыпыніць удзел у міждзяржаўнай дамове.