На набажэнстве, якое адбылося на стадыёне «Заед Спорт Сіці», прысутнічалі 135 тысячаў чалавек. Хрысьціянскае богаслужэньне на Арабійскім паўвостраве ня мела прэцэдэнтаў.
Перад імшой пантыфік апісаў кола па стадыёне на сваёй машыне — «папамабілі» — вітаючы прысутных. Напярэдадні ў панядзелак, у рамках міжканфэсійнага форуму, кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы заклікаў пакласьці канец войнам на Блізкім Усходзе.
Папа Францішак выступіў разам з шэйхам Ахмадам эль-Таібам — вярхоўным імамам эгіпецкага рэлігійнага цэнтру з тысячагадовай гісторыяй і навучальнай установы Аль-Азхар. На форуме, у якім яны прынялі ўдзел, прысутнічалі мусульманскія, хрысьціянскія, юдэйскія, будысцкія і індуісцкія рэлігійныя лідэры з усяго сьвету.
Гэта — першы ў гісторыі візыт папы Рымскага на Арабійскі паўвостраў.
Сам форум і ўдзел у ім рымскага пантыфіка ёсьць часткаю праграмы «Год талерантнасьці» у Эміратах, у рамках якога гэтая дзяржава імкнецца прадэманстраваць сваю адкрытасьць іншым канфэсіям.
Паводле каталіцкай царквы, у ААЭ налічваецца каля мільёна каталікоў.