З прычыны высылкі зь Беларусі ўчыніў самагубства 35-гадовы жыхар Лоева (Гомельская вобласьць) Сяргей Барысаў. Ён быў грамадзянінам Расеі, але нарадзіўся і апошнія 17 гадоў жыў у Лоеве, разам з маці і братам. Мясцовая міліцыя пастанавіла яго выслаць на падставе адміністрацыйных парушэньняў.
Нарадзіўся ў Лоеве
«Я ня ведаю, куды ехаць. Для іх гэта проста, а для мяне — у нікуды», — напісаў у запісцы перад сьмерцю Сяргей.
Ён нарадзіўся ў Лоеве. Калі хлопчык быў малы, бацькі пераехалі працаваць на расейскую Поўнач. Там Сяргей атрымаў расейскае грамадзянства. Яго бацькі засталіся грамадзянамі Беларусі, як і старэйшы брат. Затым бацькі пераехалі на радзіму, усьлед за імі і дзеці — двое дарослых сыноў.
«У Сяргея была свая кватэра ў Гомлі. Але пасьля сьмерці бацькі ў 2014 годзе ён перабраўся ў Лоеў — каб быць бліжэй да маці. Ягоны старэйшы брат таксама жыве ў Лоеве, ён мае інваліднасьць», — сказала Свабодзе Сьвятлана, блізкая сяброўка сям’і.
Пастанову пра высылку вынесьлі пасьля двух леташніх штрафаў
14 сьнежня 2018 году аддзел па грамадзянстве і міграцыі Лоеўскага РАУС пастанавіў выслаць Сяргея з краіны «ў інтарэсах грамадзкага парадку» на чатыры гады.
Апошнія два правапарушэньні жыхар Лоева ўчыніў восеньню — дробны крадзеж і зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў стане алькагольнага ап’яненьня.
«Здаецца, было такое, што ён зайшоў зь сябрамі ў краму, і тыя не заплацілі за тавар, прадавец выклікала міліцыю. Сябры былі, скажам так, ня вельмі надзейныя ў пляне прыстойнасьці. І дадалося, што міліцыя бачыла яго выпіўшым», — патлумачыла Сьвятлана.
Не было да каго ехаць у Расеі
Да 28 сьнежня Сяргей мусіў пакінуць Беларусь. Ехаць яму не было куды.
«У яго ў Расеі ні сям’і, ні сяброў, ні знаёмых, ні жытла... Куды яму было ехаць? Ён гэта ў міліцыі спытаў: дзе мне там жыць? А яму адказалі: на сьметніку будзеш жыць. Я склала яму скаргу ў УУС Гомельскага аблвыканкаму. 19 сьнежня Сяргей з маці павінны былі ісьці да натарыюса, 20-га — ехаць у Гомель са скаргай, ва ўпраўленьне ўнутраных спраў. Але 18-га ён напісаў перадсьмяротныя запіскі, і ўсё», — сказала суразмоўніца.
«Лепш я лягу ля таты тут»
У адной з запісак Сяргей піша, што «мне абрыдла такое жыцьцё па бязьмежжы міліцыі, калі сваіх лаяўчан выжываюць у нікуды... Я супраць такіх высылак».
«Лепш я лягу ля таты тут, чым паеду па невядомых адрасах у Расеі», — пісаў перад сьмерцю Сяргей.
18 сьнежня ен абышоў усіх сваіх сяброў. «Пра самагубства не казаў, але відаць, так разьвітаўся нібы», — расказала блізкая сяброўка сямʼі Сьвятлана.
Ён жыў адзін у кватэры маці. Тая, пэнсіянэрка, жыла асобна са старэйшым сынам, ва ўласным доме. Ранкам 19 сьнежня маці прыйшла да сына, каб ісьці да натарыюса, але дзьверы ніхто не адчыніў.
Сяргеевы запіскі былі адрасаваныя маці, хроснай і міліцыі, супрацоўнікаў якіх ён абвінаваціў у высылцы і дадаў, што «ня дасьць супакою таму, хто мяне на гэта штурхнуў».
Свабодзе не ўдалося атрымаць камэнтар ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Гомельскай вобласьці.
Ня першае самагубства перад высылкай
У студзені ў Буда-Кашалёўскім раёне таксама ўчыніў самагубства грамадзянін Расеі. Віталь жыў у Беларусі 14 гадоў, меў тут жонку і шэсьць дзяцей, працаваў на мясакамбінаце. За адміністрацыйныя правапарушэньні яму пагражала высылка. Дзеці засталіся сіротамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расеец учыніў самагубства праз пагрозу дэпартацыі зь Беларусі. У яго засталося шасьцёра дзяцейПад высылку падпаў і ўкраінец Сяргей Працэнка, які працуе ў Буда-Кашалёве таксама на мясакамбінаце, але на іншым. Яго высылаюць зь Беларусі на тры гады за адміністрацыйнае правапарушэньне. Сяргей цяпер абскарджвае рашэньне ў Гомельскім абласным судзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія ўлады высылаюць шматдзетнага ўкраінца за адміністрацыйнае парушэньне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яго схілялі да супрацоўніцтва». Пасьля 29 гадоў жыцьця ў Беларусі азэрбайджанцу загадалі зьехаць з краіны