Лава памяці ад амэрыканскага народу ў Курапатах зноў разбураная вандаламі. 2 лютага 2019 году ўрочышча наведаў карэспандэнт Свабоды.
Ён не засьпеў там ані актывістаў, ані міліцынтаў.
Бачныя разьбітыя сьвечкі на памятным знаку.
Па-ранейшаму на дзяржаўным помніку ў Курапатах застаецца зорка Давіда, якую нанесьлі невядомыя вандалы ў сьнежні.
Тады ж у сьнежні абаронца Курапатаў Пётар Рабушка ды іншыя актывісты казалі, што спынілі вандала, які прыйшоў на тэрыторыю народнага мэмарыялу, каб зламаць гэты помнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Свастыкай, чырвонай фарбай, кувалдай... Гісторыя вандалізму ў Курапатах у 14 фактахГісторыя «лавы Клінтана»
15 студзеня 1994 году прэзыдэнт ЗША Ўільям Клінтан наведаў Беларусь з афіцыйным візытам. Гэта пакуль адзіны ў гісторыі незалежнай Беларусі візыт кіраўніка ЗША.
Візыт Клінтана быў кароткі, усяго дзень, але прэзыдэнт знайшоў час пабываць у Курапатах, дзе ўсклаў кветкі да крыжа пакутаў, усталяванага ў памяць дзясяткаў тысяч ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Тут жа Біл Клінтан урачыста адкрыў мэмарыяльны знак з надпісам «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці». Гэты знак — каменную лаву — прывезьлі з Штатаў літаральна за дзень да візыту Клінтана і ўсталявалі ў Курапатах у ноч на 15 студзеня.
Курапаты
Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.
У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».
У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах.
У працэсе расьследаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.
Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, з якіх у часе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых.
Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.
У Курапатах неаднойчы чыніліся факты вандалізму.