2 лютага ЗША пачнуць працэс дэнансацыі Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (РСМД), падпісанай Савецкім Саюзам і ЗША ў 1987 годзе. Паводле крыніцаў у Дзяржаўным дэпартамэнце, пра гэта афіцыйна будзе абвешчана 1 лютага.
Паводле намесьніка дзяржсакратара ЗША Андрэа Томпсан, з 1 лютага пачнецца шасьцімесячны пэрыяд, пасьля якога амэрыканскія ўлады прымуць рашэньне аб пастаяннай адмове ад дамовы, што забараняе СССР і ЗША мець у арсэнале ракеты наземнага базаваньня меншай і сярэдняй далёкасьці. Аднак ужо ў гэты пэрыяд Вашынгтон пакідае за сабой права не выконваць дамову.
«Мы зробім аб’яву, выканаем ўсе тыя крокі, якія неабходна зрабіць для прыпыненьня выкананьня нашых абавязацельстваў і наступнага выхаду з дамовы», — заявіла ў чацьвер Андрэа Томпсан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША далі Расеі 2 месяцы, каб адмовіцца ад ракетнай сыстэмы «Наватар»У кастрычніку мінулага года прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што плянуе адмовіцца ад пагадненьня, спаслаўшыся на невыкананьне Расеяй сваіх абавязацельстваў. Дамова была падпісаная ў 1987 годзе прэзыдэнтам ЗША Рональдам Рэйганам і лідэрам СССР Міхаілам Гарбачовым і прадугледжвала зьнішчэньне на працягу трох гадоў часткі ядзернага арсэналу абедзьвюх краін, у прыватнасьці ракет далечыні палёту ад 500 да 5500 кілямэтраў.
Вашынгтон сьцьвярджае, што Масква парушыла дамову РСМД, стварыўшы і разгарнуўшы ракетную сыстэму 9М729. Цяпер Расея валодае 100 такімі ракетамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: SIPRI: Расея выйшла на другое месца ў сьвеце ў вытворчасьці зброіМасква абвяргае ўсе абвінавачваньні, заяўляючы, што далёкасьць палёту ракеты 9М729 складае 480 кілямэтраў, што на 20 кілямэтраў менш за ніжнюю мяжу, усталяваную дамовай.
4 сьнежня дзяржсакратар Майк Пампэо даў Расеі 60 дзён, каб вярнуцца да выкананьня дамовы. У выпадку калі Расея адмовіцца гэта рабіць, ЗША абяцалі адмовіцца ад сваіх абавязацельстваў па дамове.