Пасьля новага дасьледаваньня навукоўцы зрабілі выснову, што нават дзьве хвіліны актыўнасьці ў гадзіну зьніжаюць рызыку заўчаснай сьмерці на 33 працэнты. Пра гэта на сайце sharecare. com піша Філ Гардэсты.
Асаблівай рызыцы падвяргаюцца людзі зь сядзячай працай ці ладам жыцьця
Чарговае вялікае дасьледаваньне, вынікі якога былі апублікаваныя ў амэрыканскім часопісе Clinical Journal of the American Society of Nephrology, засьведчыла, што доўгае сядзеньне кожны дзень зьвязана з падвышанай рызыкай заўчаснай сьмерці, а таксама сардэчна-сасудзістых захворваньняў, дыябэту і іншых праблем са здароўем.
У дасьледаваньні ўдзельнічалі 3243 чалавекі. На працягу пэўнага часу яны насілі на сваіх целах электронныя прылады, якія фіксавалі фізычную актыўнасьць носьбітаў. Праз тры гады навукоўцы абсьледавалі ўсю групу. Аказалася, што 137 удзельнікаў экспэрымэнту за гэты час памерлі. Параўнаўшы іх фізычную актыўнасьць, мэдыкі зрабілі выснову, што дзьве хвіліны хадзьбы ў гадзіну зьніжаюць рызыку заўчаснай сьмерці на 33 працэнты.
Вось некалькі парадаў.
Устаньце і рухайцеся
Мэтай павінна быць уставаньне і праходка кожныя 15-20 хвілін сядзеньня. Калі вы сядзіце на працы, усталюйце электронны таймэр, які нагадае вам пра тое, што надышоў час устаць і пахадзіць.
Шпацыр
Што трэба рабіць падчас такіх кароткіх перапынкаў у працы? Ажыўлена прайсьціся па калідоры або ў прыбіральню. Гэта дапаможа мышцам ног, крупянкоў і ніжняй часткі сьпіны адчуць прыліў энэргіі праз прыток крыві і паслабленьне ад напружаньня. Менавіта гэтыя часткі цела зазнаюць найбольшы дыскамфорт падчас сядзеньня.
Элястычная гума
Гантэлі цяжка трымаць на працы. Затое элястычная гума можа лёгка зьмясьціцца нават у невялікай шуфлядзе стала. Знайдзіце месца ў зацішку і зрабіце некалькі практыкаваньняў з гумай. Варта іх чаргаваць. Напрыклад, падчас аднаго ўставаньня зрабіце практыкаваньні з прысяданьнем, падчас іншага — уставайце на дыбачкі і расьцягвайце гуму на галавой і т. д.
Бег па лесьвіцы
Можна таксама інтэнсіўна ўздымацца па лесьвічных пралётах, калі вам не падабаюцца практыкаваньні з гумай ці проста хадзьба. Бег па лесьвіцы падымае тэмпэратуру цела, павялічвае частату сардэчных скарачэньняў і паскарае кровазварот. Але варта памятаць, што перш чым бегчы па лесьвіцы, варта хаця б хвіліну прайсьціся, каб падрыхтаваць ногі і сэрца да нагрузкі.
Выкарыстоўваеце абедзенны і іншыя перапынкі
Калі ваш працоўны распарадак прадугледжвае абедзенны і іншыя перапынкі, падумайце, як вы можаце выкарыстаць іх для дадатковай фізычнай нагрузкі. Напрыклад, калі вам даецца 30 хвілін на абед, ці ня варта спачатку зрабіць 15-хвіліны шпацыр, а пасьля зьесьці свае бутэрброды?
Пашукайце партнэра
Паразмаўляйце з калегамі і высьветліце, хто зь іх мае ахвоту таксама весьці здаровы лад жыцьця. Гэта дапаможа плянаваць свае шпацыры ці ўздым па лесьвіцах разам і ўнясе дадатковую дысцыпліну ў вашы міні-трэніроўкі.
Выкарыстоўвайце лічыльнік крокаў
Гэтыя аплікацыі (так званыя трэкеры) на мабільных тэлефонах або і на асобных прыладах дакладна засьведчыць, наколькі актыўны лад жыцьця вы маеце тады, калі знаходзіцеся на працы. Трэкеры таксама дазваляюць паглядзець гісторыю фізычнай актыўнасьці, што дапаможа вам параўнаць сваю актыўнасьць і самаадчуваньне ў той ці іншы дзень.
Ну і не забывайце, што усё, што вы робіце для здароўя на працы, можна паўтарыць і дома.